Франак Вячорка два месяцы ня мог выйсьці за межы вайсковай часткі. Як толькі ён атрымаў звальненьне, то змог сказаць некалькі словаў “Свабодзе” пра сваю службу.
“Дзякуючы грамадзкім арганізацыям, а таксама сродкам масавай інфармацыі, якія паднялі шум вакол майго пакараньня і забароны карыстацца беларускай мовай, пытаньне вырашылася. Справай занялася вайсковая пракуратура, прыяжджалі падпалкоўнікі таксама з галоўнай камэндатуры, яны, відаць, увалілі нашаму начальству, і тады пытаньне вырашылася”.
Прадстаўнік пракуратуры тады нават паведаміў Франку, што будзе хадайнічаць, каб зрабілі пераклад статуту, камандаў і вайсковых тэрмінаў на беларускую мову.
Франак Вячорка апавёў, што цяпер ён атрымлівае газэты.
“Газэты я атрымліваю, але з такой умовай, каб іх ніхто не чытаў. То бок, я павінен, як атрымаў газэту, у той жа дзень яе прачытаць і ў той жа дзень яе зьнішчыць. Яе нельга захоўваць у пакоі для адпачынку, нельга захоўваць у тумбачцы.
Натуральна, салдаты-кантрактнікі просяць пачытаць. Шмат хто зь іх цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца ў краіне. Ну, калі просяць, то я даю”.
служба ў войску — цікавы досьвед, але ён ня варты паўтара года жыцьця. ...
Франак лічыць, што служба ў войску — цікавы досьвед, але ён ня варты паўтара года жыцьця.
“Мне гэтых паўгода дастаткова, каб уявіць, як працуе вайсковая сыстэма. А працуе яна менавіта на страху, на страху пакараньня і на татальным кантролі. У войску няма 5 хвілінаў на дзень, каб ты не пабыў без нагляду, ці то гэта будзе сяржант, кантрактнік, ці афіцэр.
За табой назіраюць і калі ты сьпіш, і калі выходзіш на вуліцу. Не застаецца часу на асабістае. Войска менавіта й змагаецца з праявамі гэтага асабістага. Ты чалавек залежны, і твая задача — ня думаць, а выконваць рашэньні”.
Зьмітра Хведарука 26 жніўня прывозілі ў паліклініку на кансультацыю да оталярынголяга. Зьміцер гвалтоўна трапіў у войска разам з Франкам Вячоркам і Іванам Шылам. Большую частку службы ён правёў у шпіталях.
Зьміцер адказаў наконт стану здароўя:
“Пытаньне са здароўем ёсьць. Гэта цяпер у асноўным з-за нагрузак, бо ў кастрычніку тут чакаюць праверку. Будуць задаваць кантрольныя пытаньні, таму даволі шмат займаюся фізычнай падрыхтоўкай, дый шмат рознай іншай працы”.
Ад 7 верасьня Зьміцер Хведарук будзе знаходзіцца ў вайсковым шпіталі. Ён спадзяецца, што там пабачыцца са сваімі сябрамі.