Франак Вячорка пакараны за ўжываньне каманды “Зважай!” замест “Смирно!”. Ініцыятыва пакараньня належыць псыхолягу часткі старэйшаму лейтэнанту Дзянісу Казаку, адказнасьць за пакараньне нясе намесьнік камандзіра батальёну па ідэалёгіі маёр Уладзімер Ігнацік, паведамляе прэсавая служба Партыі БНФ і робіць наступную выснову: “упершыню ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусі беларускі салдат пакараны за ўжываньне беларускай мовы ў войску”.
Бацька палітычнага прызыўніка Вінцук Вячорка спрабаваў спыніць беззаконьне:
"Перасьледаваць Франка з-за беларускай мовы ст. лейтэнант Казак і прапаршчык Піскун пачалі зь месяц таму. На жаль, і камандзір батальёну ў Мазыры, і камандзір брыгады ў Баранавічах сышлі ў адпачынак. Напярэдадні я тэлефанаваў у Баранавічы падпалкоўніку Сяргею Грысюку, намесьніку камандзіра брыгады па ідэалёгіі, які цяпер выконвае абавязкі камандзіра. Я папярэдзіў яго пра парушэньні Канстытуцыі і Крымінальнага кодэксу, якія ўглядаю ў моўным перасьледзе майго сына, і прасіў спыніць моўны тэрор і дыскрымінацыю ў Мазыры. Але, як бачу, зварот марны. Значыць, і С.Грысюк нясе сваю долю адказнасьці за гэты нечуваны ў эўрапейскай краіне 21 стагодзьдзя апартэйд. Мы будзем зьвяртацца ў пракуратуру ў сувязі з прыкметамі злачынства, прадугледжанага арт. 130 Крымінальнага кодэксу: "Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці альбо нязгоды, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, (...) учыненыя службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, - караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў",. Зьвернемся таксама ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі".
Падрабязнасьці і камэнтары вайскоўцаў – пазьней на нашым сайце.
Трох моладзевых актывістаў Франка Вячорку, Зьмітра Хведарука, Івана Шылу гвалтоўна забралі ў войска сёлета напрыканцы студзеня. Першы "палітычны прызыўнік" Зьміцер Жалезьнічэнка быў дэмабілізаваны 23 ліпеня.