Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: салдаты-апазыцыянэры спрабуюць стаць дэпутатамі


Франак Вячорка
Франак Вячорка

Ініцыятыўную групу Франка Вячоркі зарэгістравалі па 25-ай Мазырскай станцыйнай выбарчай акрузе ў Мазырскі раённы савет. У вайсковай частцы адбыўся сход, на якім сяржанты падыходзілі да Франка і раілі ня ўдзельнічаць у выбарах. Тым часам яшчэ аднаму салдату-апазыцыянэру — Андрусю Цянюту — адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Франак Вячорка цяпер можа паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Днямі яго пакаралі гаўптвахтай на трое сутак за парушэньне правілаў паводзінаў днявальнага. Падставай стала тое, што за паўгадзіны да канца дзяжурства Франак зайшоў у кабінэт да ідэоляга часткі маёра Ігнаціка, каб высьветліць лёс рапарту наконт адпачынку. На гаўптвахту Франка могуць адвезьці ў любы момант.

Франкаў бацька Вінцук Вячорка лічыць, што гаўптвахта разьлічана менавіта на тое, каб ня даць сыну магчымасьці кіраваць ініцыятыўнай групай, сустракацца з выбарцамі, зьбіраць за сябе подпісы і г.д.

Бацька салдата-апазыцыянэра непакоіцца, што на гаўптвахце Франку могуць падоўжыць тэрмін зьняволеньня за якую-небудзь драбязу.

«Утрыманьне на гаўптвахце чалавеку могуць падоўжыць вялікую колькасьць разоў, напрыклад, за тое, што ня ўскочыў у нейкую долю сэкунды па камандзе. Думаю, што й загад аб гаўптвахце быў менавіта дзеля таго, каб мець інструмэнт, каб у неабходны момант мець магчымасьць яго жорстка нэўтралізаваць».

Вінцук Вячорка ўпэўнены, што Франку не дадуць удзельнічаць у выбарах. Ён распавёў, як камандаваньне часткі ўспрыняло жаданьне Франка ісьці на выбары.

Ідэоляг часткі маёр Ігнацік склікаў салдацкі сход, дзе абураўся намерам Францішка ўдзельнічаць у выбарах.
«Ідэоляг часткі маёр Ігнацік склікаў салдацкі сход, дзе абураўся намерам Францішка ўдзельнічаць у выбарах, выказваў сумнеў у ягоных здольнасьцях усялякіх, высьмейваў яго. Назаўтра пасьля гэтага інструктажу кожны зь сяржантаў не паленаваўся падысьці да Францішка са словамі: „Мая асабістая думка такая, што ня варта табе ўдзельнічаць у выбарах, ісьці ў кандыдаты і дэпутаты“.

Зноў жа, мае месца арганізацыя адносінаў вайскоўцаў нестатутным чынам з тым, каб ажыцьцяўляць маральна-палітычны ціск на Франка».

17 лютага Франка Вячорку вазілі ў бабруйскі шпіталь на абсьледаваньне, але не паклалі, бо, як высьветлілася, там няма неабходнага абсталяваньня. Цяпер яго могуць накіраваць у рэспубліканскі шпіталь. Гэта таксама пазбавіць яго магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, але бацькі Франка кажуць, што сынава здароўе іх хвалюе значна больш.

Андрусь Цянюта
Салдат-апазыцыянэр Андрусь Цянюта некалькі разоў падаваў рапарты камандаваньню віцебскай дэсантнай вайсковай часткі аб сваім жаданьні вылучацца ў якасьці кандыдата на мясцовых выбарах. Але яго некалькі разоў прымусілі перапісваць рапарты, а потым далі адмоўны адказ.

Намесьнік старшыні «Маладога фронту» Іван Шыла, які нядаўна камісаваўся з войска, лічыць бессэнсоўным зьвяртацца да вайсковага камандаваньня.

«Што тычыцца выбараў, то трэба дзейнічаць згодна з заканадаўствам, то бок не зьвяртацца да камандзіраў, бо гэта дадатковыя праблемы. Калі ёсьць жаданьне ўдзельнічаць у выбарах, то папросту трэба было падаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Там будзе мала падставаў адмаўляць».

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка лічыць, што ў любым выпадку, нават калі й зарэгіструюць ініцыятыўныя групы, салдатам-апазыцыянэрам не дадуць удзельнічаць у выбарах.

«Не дзеля таго палітжаўнераў забіраюць у войска, каб яны займаліся актыўна грамадзкай дзейнасьцю і выказвалі сваю пазыцыю. Безумоўна, мэтай была ізаляцыя гэтых хлопцаў, і яны прытрымліваюцца гэтага курсу».

Камандаваньне вайсковых частак сытуацыю не камэнтуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG