Тое, што Беларуская Майстроўня трыццаць гадоў таму ўзьнікла й дзейнічала на філфаку БДУ, зусім ня значыць, што студэнты гэтага факультэту складалі ў ёй большасьць. Актыўных і сталых майстроўцаў зь ліку філёлягаў не было й дзясятка. Бадай, болей было мастакоў, якія прыходзілі сюды з Тэатральна-мастацкага інстытуту. Але ж майстроўцы зь філфаку тут ня толькі зьбіраліся на сходы, але й цэлымі днямі вучыліся. І, натуральна, клікалі на свае імпрэзы аднакурсьнікаў. Такіх пакліканых, якія прыходзілі, таксама было няшмат. Прычым, яны выразна не аддзялялі майстроўскіх справаў ад навучальнага працэсу. Хоць бы ўжо таму, што ўсё адбывалася ў адных сьценах. Прынамсі, такое ўражаньне ад свайго ўласнага майстроўства засталося ў знакамітага сёньня кінарэжысэра Віктара Асьлюка.