Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотагалерэі ZНЯТА забаронена выстаўляцца


Кіраўнік «Zнята» Сяргей Міхаленка на ўганараваньні ляўрэатаў першага беларускага конкурсу прэс-фатаграфіі (у цэнтры).
Кіраўнік «Zнята» Сяргей Міхаленка на ўганараваньні ляўрэатаў першага беларускага конкурсу прэс-фатаграфіі (у цэнтры).

Унітарнае прадпрыемства «Кінавідэапракат» атрымала рэкамэндацыю Менгарвыканкаму, паводле якой практыка правядзеньня культурных мерапрыемстваў з прыватнай ініцыятывай павінна быць спыненая. Першай «ахвярай» стала фотагалерэя ZНЯТА, якая часта ладзіць выставы ў фае кінатэатру «Цэнтральны» і ў «Цэнтры відэа» гандлёвага цэнтру «Сталіца».


За тры гады існаваньня фотагалерэі ZНЯТА складлася добрая традыцыя: у сталіцы зьявілася месца, дзе пастаянна ладзіліся творчыя сустрэчы з фотамастакамі, прэзэнтацыі мэдыя-праектаў, выставы — кавярня і фае кінатэатру «Цэнтральны». Усё гэта было даступна кожнаму і абсалютна бясплатна. Зараз гэта забаронена, кажа кіраўнік фотагалерэі ZНЯТА Сяргей Міхаленка:

«Мы ж не наўрост кантактуем з „Кінавідэапракатам“, гэта ідзе як бы па прыступках. Вэртыкаль улады: ёсьць гарвыканкам, які спускае ніжэй. Нам гэта стала вядома ад кіраўніцтва кінатэатру. З намі ня будуць нічога ўзгадняць — забаронена фотагалерэі ZНЯТА выстаўляцца».

Фотамастак Антон Маталько, выставы якога ладзіліся фотагалерэяй ZНЯТА, выказаў такое меркаваньне:

«Тое, што Менгарвыканкам просіць не супрацоўнічаць з прыватнымі ініцыятывамі ў культурніцкіх мерапрыемствах, мяне гэта больш за ўсё абурае. Мне гэта не падабаецца».

Што да прычынаў, чаму фотагалерэя першая трапіла, так бы мовіць, «пад раздачу», кіраўнік ZНЯТА Сяргей Міхаленка выказаў такое меркаваньне:

Баяцца лішніх масавых мерапрыемстваў. Ну і выбары хутка.
«Я думаю, баяцца проста. Баяцца лішніх масавых мерапрыемстваў. Ну і выбары хутка. Хутчэй за ўсё, з-за гэтага».

Сёлета фотагалерэя выступіла з ініцыятывай правесьці першы ў краіне конкурс «Прэс-фота Беларусь». У конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2010» удзельнічалі 96 беларускіх фатографаў, было даслана больш за 1200 працаў. Ці магло гэта стаць адной з прычынаў забароны выставачнай дзенасці?

Антон Маталько: «У нашай краіне ўсё што заўгодна магло паўплываць, але я б не сказаў, што на ZНЯТА былі нейкія выставы на палітычную тэматыку. У першую чаргу, гэта былі культурніцкія мерапрыемствы, гэта былі мастацкія фота. А „Прэс-фота“… Магчыма, што перакручваюць гайкі, магчыма. Але па сутнасьці там не было да чаго дачапіцца».

З восені ў плянах галерэі меркаваліся міжнародныя праекты, аднаўленьне выставачнага абсталяваньня, шэраг творчых сустрэч. Цяпер усё гэта пад пытаньнем. Сяргей Міхаленка што да далейшых плянаў кажа:

«Пакуль узялі паўзу. А там будзем глядзець. Пакуль ня вырашылі. Альбо зусім спынім публічную выставачную дзейнасьць, альбо будзем рабіць неяк па-іншаму».

Антон Маталько перакананы, што трэба змагацца, уздымаць «хвалю» ў прэсе, у сеціве:

«Не дазволіць усё гэта замаўчаць, актыўна выкарыстоўваць той жа інтэрнэт — ужо ёсьць паведамленьні, што „Кінавідэапракат“ адмовіўся камэнтаваць гэту сытуацыю. А далей — лісты, сустрэчы, дыялёг. Магчыма…»

Цяпер ZНЯТА функцыянуе ў рэжыме on-line: znyata.com.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG