Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У верасьні ў Беларусі прайшла хваля затрыманьняў прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+. Расказваем, што вядома


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У верасьні ў Беларусі затымалі сама меней 8 транспэрсон і каля дзясятка прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў арганізацыі падтрымкі трансгендэрных людзей TG House Belarus.

Як расказаў Свабодзе прадстаўнік TG House Belarus, атака на супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі пачалася ў канцы жніўня — пачатку верасьня.

Паводле яго, на пачатку верасьня арганізацыі стала вядома пра адзінкавыя затрыманьні і ператрусы. Так, сілавікі прыйшлі да дзьвюх транспэрсон, на адну зь іх у выніку склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 19.1 КаАП («дробнае хуліганства»). Затрыманьне адбывалася проста ва ўнівэрсытэце. Празь некалькі дзён арганізацыі напісала яшчэ адна транспэрсона з Баранавічаў, што да яе прыходзілі з ГУБАЗіКу і завялі крымінальную справу паводле 343 КК («распаўсюд парнаграфіі»). Сілавікі знайшлі яе старонку «ЎКантакце».

Пасьля ў чатах ЛГБТК+ пачалі пісаць пра затрыманьні, зьнікненьне сувязі са знаёмымі прадстаўнікамі супольнасьці. Недзе 10 верасьня, пасьля шэрагу падобных паведамленьняў, стала відавочна, што гэта тэндэнцыя да перасьледу супольнасьці ЛГБТК+ у Беларусі. Пазьней яшчэ тры чалавекі паведамілі TG House Belarus, што іх затрымлівалі: кагосьці дома, кагосьці пры выхадзе з кавярні і інш.

Агулам, паводле прадстаўніка TG House Belarus, за верасень затрымалі каля 15–20 прадстаўнікоў ЛГБТК+. Ініцыятыве дакладна вядома пра затрыманьне сама меней 8 транспэрсон: на большасьць зь іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за «хуліганства», на двух чалавек завялі крымінальныя справы паводле артыкула 343 КК — «распаўсюд парнаграфіі». Таксама, паводле зьвестак ініцыятывы, за верасень затрымалі каля дзясятка прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+.

Паводле прадстаўніка TG House Belarus, затрыманьні праходзілі ў розных гарадах Беларусі. Сярод іншага, вядома пра выпадкі затрыманьняў у Магілёве, Баранавічах, Берасьці, Кобрыні.

Затрыманьні нярэдка суправаджаліся зьбіцьцём, псыхалягічным ціскам на людзей, абразамі, адзначыла крыніца Свабоды.

Паказальна, што палову з васьмі затрыманых транспэрсон ужо раней затрымлівалі, таму яны, магчыма, ужо былі ў нейкай базе сілавікоў, выказала здагадку крыніца.

«Прычыны затрыманьня вельмі розныя. Кажуць ім, маўляў, наводка на вас была, што вы займаецеся прастытуцыяй, прадаяце парнаграфічны кантэнт нейкі — такі быў выпадак», — кажа ён.

Паводле крыніцы, некалькі чалавек пасьля перасьледу эвакуавалі зь Беларусі.

«Агулам мы зьвязваем гэта з падрыхтоўкай закону аб „прапагандзе ЛГБТК+“, які бліжэйшым часам будзе, хутчэй за ўсё, прыняты, цяпер ён на ўзгадненьні. Ужо перадумовы былі раней, калі ў красавіку прынялі пастанову Міністэрства культуры пра прызнаньне любых праяваў ЛГБТК+ парнаграфіяй. Відаць, проста „дайшла чарга“ да супольнасьці ЛГБТК+ — і нарматыўная база якраз гатовая. Сукупнасьць усіх гэтых фактараў прывяла да таго, што пачалася гэтая зачыстка», — кажа ён.

Ён рэкамэндуе транспэрсонам і ўсім прадстаўнікам супольнасьці ЛГБТК+ максымальна чысьціць свае перапіскі ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках, у тым ліку з ініцыятывамі ЛГБТК+, праверыць усе сацыяльныя сеткі, каб там не было ніякіх надта адкрытых фота, відэа, а таксама падпісак на так званыя «экстрэмісцкія рэсурсы», камэнтароў у іх, па магчымасьці агулам закрываць свае старонкі ў сацсетках.

У рамках «зачысткі» супольнасьці ЛГБТК+ у Беларусі ў людзей праходзілі ператрусы, допыты і затрыманьні. Прыходзяць як да квір- і трансьлюдзей, так і да актывістаў, а таксама людзей, якія наведваюць мерапрыемствы арганізацый ЛГБТК+, удакладняе ініцыятыва ЛГБТК+ «Прызматыка».

  • У красавіку 2024 году Міністэрства культуры Беларусі ўнесла зьмены ў інструкцыю, якой рэглямэнтуецца выпуск, продаж і рэкляма эратычнай прадукцыі і тавараў сэксуальнага прызначэньня. У ёй, у прыватнасьці, перагледзелі азначэньне парнаграфіі: цяпер «парнаграфіяй» лічацца «нетрадыцыйныя палавыя адносіны і (або) палавыя паводзіны», якімі Мінкульт, сярод іншага, лічыць гомасэксуальныя і бісэксуальныя адносіны, транссэксуальнасьць.
  • У лютым 2024 году Генпракуратура ініцыявала новы законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG