Конкурс быў абвешчаны грамадзкім аргкамітэтам, утвораным для падрыхтоўкі сьвяткаваньня стагодзьдзя Ларысы Геніюш, якое будзе сёлета 9 жніўня. У праграме аргкамітэту ў ліку іншых пашанотных імпрэзаў мяркуецца і ўстанаўленьне шыльды на доме ў Празе, дзе прайшлі, можа быць, самыя шчасьлівыя гады паэткі. Менавіта такой, маладой, прыгожай і летуценнай, выявіў яе ў сваім праекце пераможца конкурсу.
“Я паглядзеў яе фатаздымкі, – расказвае Гэнік Лойка, – і там ёсьць цэлая нізка, на якіх яна маладая, усьміхаецца. Выбраў з гэтых здымкаў адзін, на якім яна з такім арыгінальным цікавым паваротам паглядае праз плячо”.
Згаданы спадаром Лойкам фатаздымак якраз і належыць да праскага пэрыяду жыцьця Ларысы Геніюш. Яго скульптар узяў за аснову свайго праекту.
Цяпер у спадара Лойкі задача перавесьці эскіз шыльды ў натуральную велічыню і адліць яго ў мэтале. Ён абраў ня звыклую цяжкую бронзу, а лёгкі сплаў сылюмін, які, на думку аўтара, найбольш адпавядае ўзьнёсламу вобразу тагачаснай паэткі.
Шыльду ў гонар Ларысы Геніюш аргкамітэт мяркуе ўстанавіць у Празе да 9 жніўня. Патрэбныя фармальнасьці з чэскімі ўладамі ўжо палагоджаныя.