Гэтая невядома чыя фатаграфія, здаецца, абышла ўвесь сьвет. Але найбольш яна тыражавалася ў Савецкім Саюзе. Нямецкі вайсковец (як выглядае, афіцэр) страляе ў патыліцу жанчыне, якая прыціснула да грудзей дзіця, захінула яго рукамі і хоча ад кулі ўцячы.
Усюды, дзе я бачыў гэтае фота, яно было такой жа дрэннай тэхнічнай якасьці (вынік выкадроўкі фрагмэнта і шматлікіх рэпрадукцыяў, што прывяло да страты паўтонаў, дэталяў у сьветлых і цёмных месцах).
Выява стала графічнай і гучыць як абагульненьне, сымбаль нямецкіх забойстваў мірных людзей. Стрэл адбываецца ў час карнай апэрацыі немцаў. У нямецкім сеціве здымак так і называецца: “Einsatzgruppen” (карны атрад).
Жудаснае ўражаньне, тыповае для генацыду 2-й сусьветнай вайны, зьдзеку і забойстваў насельніцтва з боку абодвух ваюючых таталітарных рэжымаў.
Немцы пры гэтым яшчэ і фатаграфавалі свае злачынствы, так сабе, відаць, на памяць, з-за “цягі да мастацтва”. Чаго, дарэчы, ніколі не рабілі расейскія бальшавікі, калі мэтадычна расстрэльвалі мільёны людзей. Расейцы заўсёды засакрэчвалі і хавалі свае забойствы, замяталі сьляды, ілгалі і ніколі не прызнаваліся (і тым больш – ня каяліся). Тут праява тыпова крымінальнай мэнтальнасьці і крымінальных паводзінаў.
У немцаў – ідэалягічная дактрына палітыкі вызначала паводзіны. У расейцаў – апраўдвала паводзіны. У абодвух выпадках – культура са знакам мінус. Вынік аднолькавы: злачынствы супраць чалавецтва.
У гэтыя дні траўня, праз тыдзень, якраз гадавіна заканчэньня 2-й сусьветнай вайны. Варта нагадаць, што было, і паказаць гэты пякельны здымак. Бо, можа, хто ўжо забыўся.