Лета Тамары Лісіцкай: Выхад з зоны камфорту найлепш уплывае на душэўную мускулятуру

Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.

Тамара Лісіцкая — стабільна ў топе самых пасьпяховых жанчын Беларусі. Тэле- і радыёвядоўца, пісьменьніца, рэжысэрка, сцэнарыстка, ілюстратарка. Цяпер разам з мужам — таксама тэле- і радыёвядоўцам Глебам Марозавым — удзельнічаюць у карпарытыўным праекце інтэрнэт-радыё Wargaming. FM. Мама траіх дзяцей — Мацьвея, Каці і Гошы. Апошнія некалькі гадоў займаецца арганізацыяй дабрачынных імпрэзаў для анкалягічна хворых дзетак і сіротаў.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Дзякуй, што ня кажаце пра лета ў мінулым часе — яшчэ ж цэлы дзень наперадзе! Наагул гэтае лета неяк вастрэй перажываецца. Ня ведаю, з чым тое зьвязана, бо нібыта даўно ўжо прывыкла і да летаў, і да восеняў, і да зімаў. Вялікія канікулы — гэта крута, а ўсё астатняе... Сьпякоту не люблю, загараць ня ўмею, у адпачынку ўсё роўна працую аддалена. А вось гэтае лета шкада адпускаць. Цяжкае яно было, але такое эмацыйнае, яркае...

Гэта рэфлексіі, а калі па справе, то тэставалі з Глебам Марозавым вельмі цікавы праект — дзіцячае выязное радыё. Былі дзьве зьмены зь дзіцячым лягерам у Італіі, зрабілі там невялікую студыю, прывезьлі абсталяваньне, пульт, чатыры мікрафоны. Самаму малодшаму дыджэю было 9 гадоў, старэйшым — 18. Здорава правялі час, хоць і выматаліся, вядома.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Гарадок Мсьціслаўе на Магілёўшчыне. Там жыла наша бабуля, туды ўсіх унукаў звозілі на лета, і гэта было проста казачна! Месца — суцэльная легенда зь неверагоднай колькасьцю помнікаў. Вельмі жывая карцінка, усё памятаю надзвычай выразна. Цэрквы са зьнятай тынкоўкай, з рудой цэглай, а дзесьці там, пад скляпеньнямі, вочы захаваных фрэсак. Абломкі, руіны, ірвы ўсякія. Усё гэта акружана «джунглямі» — ну як нам, дзецям, тады падавалася. Мы вярталіся дадому пад ноч, а зранку, толькі праясьнее, зноў пагружаліся ў гэтую прыгажосьць. Нейкае зусім дзікае шчасьце, поўная адсутнасьць выразнай траекторыі дня. Хочам — на дрэве сядзім, хочам — у лес пабеглі суніцу шукаць, хочам — скарб шукаем у старой крэпасьці.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Мы калі і выбіраемся кудысьці на адпачынак, то, як кажуць, з поўным «фаршам» — намёты, ровары, макароны. Некалькі гадоў запар проста каталіся па Эўропе, сёньня вызначаючы заўтрашні маршрут. Дзеці з намі езьдзілі, пачынаючы зь пяці гадоў. Але вось гэтым летам старэйшыя ўжо выбралі вакацыі па сваёй праграме, і ў радыёпаход мы ўзялі толькі нашага малодшага хлопчыка. Дзіўныя адчуваньні, што не разам. Але растуць жа, растуць...

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Я інтравертка, кансэрватарка і панікёрка. Вялікія працяглыя летнія паездкі вельмі загартоўваюць, як вы разумееце. Яны мяне за шмат гадоў навучылі не баяцца так шмат, як я звычайна баюся. Ну, і агульная атмасфэра — гукі, пахі, карцінкі, тоны новай прыгажосьці — яна таксама палепшыла агульны тонус і разуменьне сьвету. Любы выхад з зоны камфорту спрыяльна ўплывае на душэўную мускулятуру.

Якую музыку слухаеце, якія кнігі чытаеце?

О, музыка! Гэтае лета было музычным, так. Перад паездкай у Італію правялі выведку боем, добра пагарталі інтэрнэт, каб зразумець, што слухае сучаснае шчасьлівае дзяцінства. Але ў выніку ўсё роўна прыйшлося на месцы вынаходзіць новы фармат. Гэта як купля касьцюма ў сетцы з наступнай падгонкай на канкрэтную фігуру. Наогул, падбор музыкі — тэма вельмі займальная, я магу доўга пра гэта гаварыць. Але, вяртаючыся да пытаньня, — слухалі ўсё самае актуальнае, самае новае. І рок, і трэп, і хіп-хоп, і індзі.

Вядома, стараліся пашыраць «стажорам» базу, давалі заданьні падрыхтаваць праграмы з рознымі стылямі. Гэта значыць, і клясыка была, і салодкая італьянская папса, і расейскі рок. І ведаеце? Яны ўсе падпявалі Цою. У пункце «Кіно» мы сышліся цалкам.

Ці адключаеце тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Не, вядома. Калі езьдзілі дзікунамі па гарах-лясах, інтэрнэт быў патрэбны для навігацыі, пошуку заправак, стаянак і славутасьцяў. Ну а ў гэтым сэзоне без яго мы б увогуле ня справіліся — радыё ў сетцы! Мы кожны вечар выходзілі ў эфір, дзеці выдавалі свае падрыхтаваныя праграмы і мелі зносіны з бацькамі, перадавалі ім прывітаньні, выдавалі навіны дня. Крута ж!

Што вы дазваляеце сабе ў адпачынку, чаго ня робіце звычайна?

З мужам Глебам Марозавым.

Ды нічога такога не дазваляю, чаго б не дазволіла ў іншы час. Праца наша тым і добрая, што не дае засумаваць ні на якім з этапаў, калі ўжо ўстаў у каляіну. Заўсёды прыемны азарт, заўсёды трэба чагосьці прыдумляць, уключаць «офіс» у любы час сутак. Мой офіс заўсёды са мной. Аддзел аналітыкі і крэатуры — на плячах, апэрацыйны аддзел у ноўтбуку пад пахай.

Ваша парада на адпачынак

Кожнаму — свой адпачынак. Хтосьці павінен адляжацца ля вады, а некага трэба абавязкова закінуць на гару. Таму ня буду грузіць людзей агульнымі рэкамэндацыямі, акрамя адной — вучыцеся пераключацца. Галоўнае, што можа даць адпачынак, — не загар і нават ня 100 новых слоічкаў гурочкаў. Абнаўленьне і перазагрузка — вось, што больш за ўсё патрэбна!