Мастацтва адпачынку: адказы і парады.
Глеб Лабадзенка — беларускі журналіст і выдавец, грамадзкі актывіст, аўтар праекту «Мова нанова».
Як вы праводзіце гэтае лета?
Гэтае лета праводжу збольшага ў прыемных клопатах, бо мы з маім калегам, гісторыкам Эдуардам Канановічам, прыводзім у парадак гарадзішча на Менцы, дзе пачынаўся Менск. Натхніліся аповедамі найлепшага знаўцы гэтага месца, археоляга Сяргея Тарасава — і вырашылі троху прыстасаваць гэтае месца для турыстаў.
Узгаднілі з сельсаветам, прыводзім у парадак могілкі 15 і 18 стагодзьдзяў, прывезьлі валуны, робім на іх надпісы. Бо бярэ крыўда, што на гэтым месцы, знакавым для нашай гісторыі, няма нейкіх турыстычных рэчаў, і, адпаведна, туды мала хто езьдзіць.
Мы супольна з Акадэміяй навук правялі раскопкі на могілках 18 стагодзьдзя, дзе Эдуардам Канановічам раней было знойдзена надмагільле будаўніка Пішчалаўскага замка Рудольфа Пішчалы і ягоная магіла. То бок такія клопаты гэтым летам — мяшаю цэмэнт, важу блёкі, жалязякі, валуны. Такі дзіўны адпачынак, як некаторым падасца.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Усё дзяцінства ў мяне прайшло ў вёсцы Бабовішчы пад Слуцкам. Гэта і ёсьць самы лепшы ўспамін. З той вёскі засталася адна старэнькая бабуля, а калі я быў малы, усе 30 хат былі жывыя. Беларуская мова там была жывая, і наагул усё было жывое. Я туды цяпер амаль не прыяжджаю, бо мне балюча бачыць, што гэтая вёска фактычна ўжо памерла. І таму мой галоўны ўспамін зь дзяцінства — жывая вёска.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Бяру тэлефон заўсёды. Бо тэлефон — гэта і кніга, і даведнік, і пошукавік, і сувязь.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Я навучыўся везьці на прычэпе машыны 2 тоны мэталу. Гэта нечаканы навык. Мы праз раку Менку аднаўляем разбураны паводкай пешаходны масток, але будуем збольшага на энтузіязьме — дзякуй некаторым фірмам, якія забясьпечылі будаўнічымі матэрыяламі. І каб не наймаць машыну, я ўзяў напракат ляфэт, на якім возяць аўтамабілі, і з Рудзенску 60 км вёз жалезныя апоры для мастка. Было страшна, трэба было ехаць 40 км у гадзіну, а калі хутчэй, то прычэп пачынае насіць за табой. Гэта самы нечаканы навык, які са мной здарыўся.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Цяпер чытаю кнігу Сяргея Тарасава «Археалёгія Беларусі», якую атрымаў з аўтографам аўтара. Неверагодная кніга, чытаецца як дэтэктыў — не адарвацца! Гэтая тэма мяне вельмі захапляе ў сувязі з тым жа гарадзішчам на Менцы, якое мы зараз уводзім у турыстычны ўжытак. Музыку я пераважна слухаю працуючы. Таму гэта клясыка — Агінскі, Шапэн. Вельмі добра працуецца таксама пад чароўную Сэзарыю Эвару.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Калі за мяжой, то дорага па тэлефоне размаўляць. Я толькі СМС магу недзе напісаць. У мяне няма адпачынку ў чыстым выглядзе. Але калі наступае лета, я заўсёды стараюся падцягнуць хвасты, тое, што не дарабіў цягам году, дарабіць. Стараюся ня брацца летам за нешта новае. З гэтай прычыны магу менш браць незнаёмыя нумары, для таго каб меней адцягвацца ад важных спраў.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
У мяне няма такіх рэчаў, каб я там наядаўся ці напіваўся. Я і так стараюся гэтага не рабіць Таму калі ўдаецца вырвацца на мора, дык стараюся больш у тым моры плёскацца. Бо тут на радзіме такой магчымасьці няма. Таму імкнуся накупацца больш, бо люблю паплёхацца ў цёплай вадзе. Хочацца менш думаць пра нейкія бягучыя справы.
Але ў адпачынку не магу адключыцца цалкам. Таму стараюся абдумваць нейкія пляны. Карацей, зь мяне паганы дарадца наконт адпачынку. Бо я ня ўпэўнены, што я ў прынцыпе магу адпачываць.
Ваша парада на адпачынак
Зьвярнуць увагу на тое цікавае, што ёсьць у Беларусі. Я, напрыклад, наезьдзіўся па розных краінах і нагледзеўся на розныя цікавінкі. Зараз мяне не цягне кудысьці далёка, бо я зразумеў, што Беларусь бясконцая, бязьмежная. Я ўжо амаль 20 гадоў вандрую па Беларусі і яшчэ ўсяго не паглядзеў, хоць ужо шмат чаго пабачыў. І ў кожнай вандроўцы я ўсё роўна адкрываю для сябе нешта новае. Мяне найбольш вабіць гісторыя, архітэктура. Але і наша прырода бязьмежная і ўнікальная. У нас два нацыянальныя комплексы, што няма мора і няма гор. Але гэта напоўніцу кампэнсавана ўсім іншым, што ў нас ёсьць. Таму мая асноўная парада — агледзецца навокал.