Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»


Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Вальжына Морт нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім унівэрсытэце. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швэцыі. Морт — ляўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнеэўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Хокін (Bess Hokin Prize) ад амэрыканскага часопісу «Poetry».

Як вы праводзіце гэтае лета?

Сінія гадзіна ў Нэапалі.
Сінія гадзіна ў Нэапалі.

Калі скласьці ўсе вандроўкі гэтага лета, то атрымаецца біблейскі пералік: і нарадзіў Рым Палерма, і нарадзіў Палерма Фавіньяна, і нарадзіў Фавіньяна Сардынію, і нарадзіў Сардынія Менск, і нарадзіў Менск Парыж. Калі не біблейскі, то фальклёрна-казачны дакладна: можна выцягваць рэпку. Зараз, пасьля году ў Эўропе, я вярнулася ў ЗША.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

У дзяцінстве кожнае лета я праводзіла ў вёсцы — маленькай і ізаляванай. Найлепшыя ўспаміны — высокая, мяккая трава, калодзежная вада, мая калекцыя засушаных матылёў і кветак, падшыўкі часопісу «Трамвай» і «Юный натуралист», старыя вербы і ліпы. Гэта летні ляндшафт вершаў Баляслава Лесьмяна. Але яшчэ і нічога-не-рабеньне ў гамаку, з кнігай, без разуменьня літаратурных штук, без разуменьня жыцьця — чыстае захапленьне ад чытаньня.

​Я шмат вандравала па астравах на поўначы ЗША і ў Карыбскім моры, але менавіта Сардынія супала з адчуваньнем ад кніг Жуля Вэрна. На Сардыніі я была бліжэй за ўсё да сваіх дзіцячых мар пра караблі, мора і скалы. Сьцяг Сардыніі сам па сабе казачны: на белым — чатыры піраты-мурыны, у профіль, з завязанымі вачыма. Але кажуць, што сапраўдны сьцяг любога італьянскага мястэчка, а тым больш, вострава — гэта бялізна, якая сушыцца пад вокнамі. І вось кожны раз вывешваючы свой купальнік за вакно кухні, я адчувала сябе гераіняй прыгодніцкай кніжкі. Вось вам мой сьцяг, мой парус, мой дакумэнт!

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Кніжкі, нататнікі, купальнік.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Вэнэцыя. Футбол пад дажджом.
Вэнэцыя. Футбол пад дажджом.

Я думаю, што з падарожжа трэба выносіць ня столькі новыя веды, колькі вопыт новага, іншага жыцьця. У Палерма я была на фэстывалі сучаснага мастацтва. Што я з гэтага фэстывалю вынесла? Па-першае, што сучаснае мастацтва наганяе на мяне нуду. Але не заўсёды. У мясцовым Дзяржаўным архіве праходзіла інсталяцыя італьянскіх мастакоў Масбэда (Masbedo). Для гэтай інсталяцыі Архіў адкрыў пакой, у якім, вялізнымі стосамі, ляжаць сыцылійскія дакумэнты ад 17 стагодзьдзя і да сёньняшніх дзён.

Гэтыя заліковыя кнігі можна было адкрываць, гартаць пад гукі і колеры відэаінсталяцыі на сьцяне — яе лёгка знайсьці ў інтэрнэце — драўляная цацка-марыянэтка на ўсю сьцяну — драўляны чалавек супраць паперы, дзе падлічана яго жыцьцё. Там няма добрай вэнтыляцыі, папера ўся перасохла ад паўднёвай сьпёкі. Але які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк! І як мала гэтыя акуратныя, прыгожыя запісы нагадваюць гэты горад.

Сіеста ў Палерма.
Сіеста ў Палерма.

На Сыцыліі вырошчваюць лімоны. І вось я выпадкова пачула пра хваробу, якая шкодзіць мясцовым лімоньнікам— citrus tristeza virus — вірус цытрусавага смутку. Так прыгожа, што самой захацелася такім захварэць! Дарэчы, самыя знакамітыя паэтычныя лімоны — акурат у італьянскага паэта — Эўджэніё Мантале.

У Парыжы атрымалася патрапіць на некалькі цікавых літаратурных чытаньняў — напрыклад, Зэды Сміт, якая чытала з новай кніжкі эсэ, — а таксама на вялікі музычны фэст АфраПанк. У вечар, калі Парыж сьвяткаваў футбольную перамогу, я танчыла пад Дэміяна Марлі.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Я люблю слухаць навіны па радыё. Кнігі — абавязкова. У пэўным сэнсе, мэта кожнага падарожжа — пачытаць кніжку на новым месцы.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Без тэлефону і інтэрнэту ні кроку. Я ня ўмею выключацца. Я з тых, хто ўвальваецца ў маленькую кавярню на вяршыні гары (дзе, калі вы замаўляеце каву з малаком, гаспадар ідзе даіць горную казу), з пытаньнем, на ўсіх мовах — «У вас ёсьць вай-фай?»

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Для мяне няма панятку «ехаць на вакацыі» — я ўсюды еду ў спадзяваньні пісаць. Люблю, калі падарожжы даюць магчымасьць пабыць ля мора, альбо ў гарах. Вось Сардынія — неверагоднае месца, куды я спадзяюся вярнуцца. Гэта адно з самых старажытных, з пункту гледжаньня геалёгіі, месцаў на Зямлі. Тут ёсьць помнікі, якія захаваліся з Бронзавага веку. Тут добра езьдзіць уздоўж берагавой лініі «дзікуном» — спыняцца і глядзець на розныя пляжы.

Каменны пляж Сардыніі.
Каменны пляж Сардыніі.

Шмат якія зь іх зусім не пляжы, а прыродныя ўтварэньні, якія зьявіліся нібыта з мараў Андрэя Таркоўскага: замест пяску — плоскія камні-гіганты, белыя, як сьнег, а побач — стужка з маленькіх крывава-чырвоных каменьчыкаў, якія вядуць у лягуну, што ўтварылася ўнутры камня-катла.

У вокнах — старыя — тут жывуць вельмі доўга — праводзяць вас абсалютна бестактоўным позіркам, калупаючы языком у зубах. У дзьвярах на першым паверсе — заўсёды кот. Няхай на ўваходзе ў царства мёртвых нас сустрэне Цэрбэр — на ўваходзе ў дом жывых сядзіць кот.

Ваша парада на адпачынак

Няма ніякіх. Жадаю добрага адпачынку!

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG