Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Ганны Кандрацюк: «У падарожжа бяру малітоўнік і мапу»


Ганна Кандрацюк у Бары, Італія
Ганна Кандрацюк у Бары, Італія

Лета: мастацтва адпачынку. Адказы і парады.

Ганна Кандрацюк — пісьменьніца, журналістка беларускамоўнага тыднёвіка «Ніва» у Беластоку. Піша на беларускай і польскай мовах. Апублікавала пяць кніг, апошняя зь іх: «Па Прыпяці па Нобель» (2017). Жыве ў Беластоку.

Як вы праводзіце гэтае лета?

У летні разгар я інтэнсіўна працую. У ліпені ці жніўні звычайна не адчуваю сябе стомленай, наадварот, тады ў мяне найбольш энэргіі і ахвоты да дзеяньня. У такі час арганізую рэпартэрскія паездкі ў нейкую глухамань, куды можна дабрацца толькі сваімі нагамі. Калі цёплыя ночы, люблю начаваць пад адкрытым небам, пры вогнішчы.

Ганна Кандрацюк з дачкой Натальляй у Бары ў Італіі.
Ганна Кандрацюк з дачкой Натальляй у Бары ў Італіі.

У пачатку траўня я пабывала ў італьянскім горадзе Бары на фіесьце ў гонар Міколы Цудатворца. Яшчэ ў траўні я зьезьдзіла ў Менск і пабывала ў Гарошкаве на літаратурным фэстывалі «Агмень». Натхніла мяне вандроўка па беларускім Палесьсі, асабліва ў вёску Вялікі Бор, радзіму Барыса Сачанкі і Барыса Пятровіча.

Ганна Кандрацюк у гасьцях на ўкраінскім Палесьсі.
Ганна Кандрацюк у гасьцях на ўкраінскім Палесьсі.

Зьезьдзіла таксама на ўкраінскае Палесьсе. У сярэдзіне ліпеня героі маёй кніжкі «Па Прыпяці па Нобель» арганізавалі аўтарскую сустрэчу ва ўкраінскіх мястэчках Нобель і Зарэчнае. Для мяне цікава было назіраць, як сюжэт кніжкі просіць далейшага працягу.

У часе адной сустрэчы мяне спыталі пра магілу каралевы Боны, якая знаходзіцца ў тым жа Бары. На наступны дзень у музэі ткацтва і вышыванкі ў Мутвіцы я пабачыла выяву Боны Сфорца на рытуальным ручніку, які рыхтавалі ў дамавіну нябожчыку. З дапамогай тканіны і вышыванкі мясцовыя палешукі прасілі ў каралевы-рэфарматаркі заступніцтва ў замагільным сьвеце. Дзьве, нібыта розныя тэмы, фантастычна спляліся з сабой на ўскраіне пінскіх балот.

Ганна Кандрацюк з народнай сьпявачкай Даніяй Чэкун. Зарэчнае на ўкраіньскім Палесьсі. Фота Тані Кідун.
Ганна Кандрацюк з народнай сьпявачкай Даніяй Чэкун. Зарэчнае на ўкраіньскім Палесьсі. Фота Тані Кідун.

Другая палова ліпеня праходзіла пад знакам гасьцяваньня і сямейных сустрэч, да нас завітала сям’я з Канады. Гэта найлепшыя госьці, ім усё цікава, усё смакуе, усё падабаецца...

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Самы прыемны ўспамін, калі ў разгар лета, на тры-чатыры дні, зацягаў дождж. Тады цэлую ноч сьніліся грыбы. Я прачыналася на золку і бегла ў лес, праверыць свае грыбныя месцы. За дзень я патрапіла зьлётаць у лес тры-чатыры разы і кожны раз прывалачы кош баравікоў.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Калі еду ў падарожжа, бяру з сабой малітоўнік і мапу.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Ганна Кандрацюк у Бярозаўцы, на радзіме Андрэя Федарэнкі. Фота Алеся Сачанкі
Ганна Кандрацюк у Бярозаўцы, на радзіме Андрэя Федарэнкі. Фота Алеся Сачанкі

Каб вярнуцца назад, трэба трымацца прынцыпаў, мець канкрэтны плян. Прасіць дапамогі ў афіцыйных установах і заўсёды мець пад рукой страхоўку. Слухаю падказак інтуіцыі і добрых людзей.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Люблю прыслухоўвацца да плётак і размоваў па тэлефоне ў грамадзкім транспарце. Слухаю мэлёдыку мовы, гармідар вуліцы, шум вады і сьпеў птушак. Люблю чытаць краявід і мову цела людзей. Чытаю раённыя газэты і выданьні. Асабліва цікавіць мяне творчасьць аматараў, іх адчуваньне месца і рэчаіснасьці.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Адразу пасьля перасячэньня мяжы адключаю ўсю электроніку. Дзякуючы гэтаму мой час «расьцягваецца» утрая. Люблю падарожнічаць адна, непрыкметна, ціха...

Ваша парада на адпачынак

Звычайна людзі едуць там, дзе ўсе. Гэта рытуал, патрэба параўняцца зь іншымі. Мяне гэта не калыша. Калі мяне запрашаюць прыехаць у ліпені ці жніўні адпачываць, я заўсёды пытаю — у чым трэба дапамагчы? У мяне сьціплае жыцьцё і я не патрабую штучнага геданізму.

Адпачываю ў хаце, калі адна. Тады трымаю дыету і чытаю кніжкі.

Лета Тацяны Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю адпачынак без этудніка і палотнішчаў»

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG