Мастацтва адпачынку: адказы і парады.
Аляксандар Класкоўскі — палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН. Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газэты Naviny.by.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Зноў адпачываю ў роднай Беларусі. Мая звышзадача — каб лета было добрае для майго малодшага сына Цімоха, каб атрымалася загартаваць яго фізычна. Таму ў нас рэгулярныя роварныя вандроўкі, купаньне, гімнастычныя практыкаваньні. Сесьці на ровары, выехаць на Цнянскае вадасховішча (яно, дарэчы, самае чыстае ў ваколіцах Менску), потым там жа наведаць гімнастычны гарадок, дзе 20-30 хвілін пазаймацца фізкультурай, потым кава, моцны чай і культурная праграма.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Пачуцьцё свабоды, паветра свабоды. Хочаш — бяжыш на рэчку купацца, хочаш — мяч ганяеш, хочаш ідзеш у лес. Гэтым пачуцьцём свабоды я і па сёньня даражу, можа таму і выбраў недзяржаўную журналістыку і мяне пад пісталетам не загоніш на нейкую казённую працу.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Паколькі наш з сынам адпачынак спэцыфічны, зьвязаны з вандроўкамі і спортам, дык ёсьць набор патрэбнага інвэнтару. Але заўважу, сабрацца з дарогу — таксама мастацтва. Бо, напрыклад, апынуцца з праколатай шынай недзе за 30 кілямэтраў ад дому і ня мець помпы — гэта вельмі кепска, таму такая рэч патрэбная абавязкова. Каб было ўва што пераапрануцца пасьля дажджу, патрэбная байка. Але разам з тым, каб не напіхваць у заплечнік столькі, што будзеш пад ягоным цяжарам гнуцца, патрэбна захоўваць балянс. Для любога адпускніка і падарожніка важна знайсьці аптымальнае спалучэньне багажу, каб не апынуцца з голымі рукамі ў крытычнай сытуацыі, але і не напакоўваць столькі, што станеш нявольнікам валізкі. І гэта трэба прадумваць таксама.
Як аналітык, я люблю гэтым займацца, складаць нейкія сьпісы рэчаў. У мяне нават ёсьць адмысловыя сьпісы рэчаў — ад паходу ў лазьню з сынам, што трэба ўзяць, і да нейкай вандроўкі ў Глыбоцкі раён. Дастаў сьпіс, паглядзеў, сабраў рэчы і пайшоў.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Што патрэбная гармонія, балянс у жыцьці. Нават калі ты — чалавек палітызаваны, трэба на нейкі час усё ж адключацца ці пераключацца. І гэта ня здрада ідэалам, бо нашы балючыя пытаньні і праблемы потым усё роўна асэнсоўваеш, але пад іншым вуглом. Сьвяжэюць мазгі, а гэта вельмі важна.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Я прывучыў сына да добрай музыкі, да клясычнага року. Можа, я ў гэтым сэнсе старамодны, але лічу, што самыя добрыя рэчы — з эпохі «Бітлз» і «Ролінг стоўнз». Таксама кнігі мы чытаем, калі ўжо наезьдзіліся і набегаліся. Цяпер вось, напрыклад, «Вялікае княства Літоўскае» Ўладзімера Арлова хлопец мне па-беларуску чытае, і я сам гэтак сыстэматызую свае веды. Плюс добрыя фільмы. Цяпер для гэтага ёсьць выдатная магчымасьць. Мы раней глядзелі праграму, пільнавалі, каб не прапусьціць які добры фільм, мульцік, камэдыю, а цяпер спампоўвай у інтэрнэце ці онлайн глядзі любы шэдэўр кінэматографу. Мы напоўніцу гэта выкарыстоўваем.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Рэжым лайт. Зусім немагчыма выключыцца. Гэта было б ідэальна для той жа прачысткі мазгоў, для рэлаксу, але немагчыма. Нейкія справы ўсё роўна застаюцца недаробленыя і здаганяюць. Чалавек сучасны «падсядае» на сацыяльныя сеткі, яму хочацца пасьля кожнай вандроўкі выкласьці фоты. У мяне гэта таксама ёсьць, але, мусіць, не дзеля таго, каб пацешыць сваё эга, а больш гэта такі прафэсійны падыход. І сацыяльныя сеткі для мяне — прафэсійны сродак. Трэба паказваць, што ты жывеш паўнавартасным жыцьцём, як і твае чытачы. Гэта дапамагае быць на адной хвалі зь людзьмі, для якіх ты пішаш ці камэнтуеш.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Нічога прынцыпова іншага, бо калі вядзеш спартовы лад жыцьця, дык ён і ў адпачынку спартовы. Хіба што раніцай можна адключыць тэлефон і паспаць, калі хочацца выспацца, гадзін да 10-11. Бо я — сава, а калі працуеш, дык не заўжды маеш магчымасьць гэтак добра выспацца з асалодай.
Ваша парада на адпачынак
Не наракаць на тое, што нарадзіліся ня ў той час, ня ў той краіне, што прыбыткі ці палітычная сыстэма не дазваляюць нешта. Усё залежыць ад чалавека. Чалавек сам стварае свой мікракосмас, сваю прастору, дзе ён можа атрымліваць асалоду ад паўнавартаснага жыцьця. У любую эпоху і пры любым рэжыме. Ня варта наракаць і на надвор’е. Бо калі ты ня можаш зьмяніць нейкія рэчы, дык зьмяні сваё стаўленьне да іх. Гэта клясыка. Тым болей беларусам, па вялікім рахунку, на клімат ня варта і наракаць. Так, можа тут меней сонечных дзён, чым дзе на поўдні, але ў нас няма цунамі і землятрусаў. У нас такая гарманічная зьмена чатырох сэзонаў — рэдка дзе знойдзеш куток на плянэце, дзе ўсё гэта так гарманічна спалучаецца, як у Беларусі.