Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»


Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Анастасія Царук — сацыёляг, фатограф, настаўніца ангельскай мовы. Нарадзілася ў Наваградку. Жыла ў Польшчы і Турэччыне, цяпер жыве ў Ірляндыі.

Як вы праводзіце гэта лета?

Гэта лета атрымалася амаль што сапраўднае настаўніцкае. Пасьля заканчэньня навучальнага году ў школе ў Кітаі, дзе я працавала, у мяне было 4 тыдні перад новым крокам — працай і жыцьцём у Ірляндыі.

​Я была вельмі захоплена тым, што ў мяне ёсьць шмат часу, і марыла пра доўгія вечары над Віслай у Варшаве ды бесклапотныя паходы ў тэатар, кіно ці па галерэях. Асабліва ўлічваючы факт, што надвор’е, пачынаючы з красавіка, было ў Польшчы цудоўнае. Але ж, як прыехала ў Варшаву, надвор’е вельмі хуценька пачало зьмяняцца гэтак жа, як мае пляны аб бесклапотным адпачынку. Гэта вынік доўгай адсутнасьці, зьбіраюцца маленькія справы, якія ў адзін момант трэба зрабіць.

У рэшце неяк удалося знайсьці 4 дні, і я села у начны аўтобус, каб правесьці гэты час у радным Наваградку. А там ужо душа адпачывала па поўнай: купаньне на Нёмане, у дождж у Сьвіцязі, зьбіраньне першых грыбоў у лесе, і бясконцае харчаваньне з усіх мажлівых кусьцікаў, кустоў і дрэваў малінамі, парэчкамі ды вішнямі... Адным словам, ідылія.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Уявіце сабе, сьпякотны дзень улетку, калі ўсе чакаюць на хоць кропельку вады, і вось прыходзіць навальніца. Пачынае ліцца дождж як зь вядра, і гэта самы магічны момант, таму што мы зь сябрамі заўсёды беглі на вуліцу, каб будаваць запруду... Мне здаецца, гэта быў пачатак маіх тімбілдынгавых здольнасьцей, а таксама рэагаваньня ў так званых «экстрэмальных» сытуацыях.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Не магу ўявіць сабе адпачынак без фотаапарату. Я не люблю фатаграфавацца, але здымкі дапамагаюць вяртацца да настрою і атмасфэры доўгія гады пасьля ўсяго, што з табой здарылася.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Адпачынак навучыў таму, што незалежна ад умоваў, якія сабе ствараеш, адпачынак — гэта ты сам. Мне вельмі цяжка ўявіць сабе, што я буду займацца чымсьці зусім нецікавым ці цяжкім 10 месяцаў, а 2 месяцы адпачываць. Таму маё жыцьцё — гэта бясконцыя пошукі work-like балянсу, калі адпачынак ня будзе нечым далёкім і недасягальным.

У Ірляндыі.
У Ірляндыі.

Яшчэ адзін важны момант. Трэба цаніць прыроду. Я ведаю, што гучыць гэта вельмі банальна, але пасьля падарожжаў у больш за 40 краінаў і жыцьці ў 9 краінах, нішто так не баліць, як калі бачыш забруджаную прыроду альбо жывёліну, якая пакутуе, бо ў заапарку тыгар сядзіць у клетцы 4×4, ці трэба зьесьці каня ці сабаку, і таму іх трымаюць на вяроўцы... Я навучылася не хадзіць у заапаркі, ня есьці мяса. Адпачынак — гэта ня толькі задавальненьне, але і адказнасьць.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Шмат музыкі ня слухаю. Вельмі люблю клясыку, мае фаварыты ў плэйлісьце за апошні год — Шапэн, Чайкоўскі, а таксама Павароці. Кнігі чытаю пераважна пра падарожжы ці самаразьвіцьцё.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Тэлефон заўсёды са мной. Паколькі я вельмі часта бываю ў розных месцах, нумары мяняюцца, і ніхто мне не тэлефануе, бо акрамя маці ніхто іх ня ведае. Затое пазваніць магу я, калі трэба. Інтэрнэт не заўсёды мне патрэбны падчас адпачынку. Хоць уключаны, карыстаюся я некалькі разоў на дзень (аж!). Але калі тэлефон выключаны, адпачываю больш, праверыла на сабе.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Многа есьці. Гэта новая тэндэнцыя пасьля жыцьця ў Кітаі, дзе ежа мне зусім не спадабалася, бо цяжка было знайсьці вэгетарыянскую ежу. У выніку мінус 6 кіляграмаў і мары аб драніках, блінах і ўсіх на сьвеце стравах, якія людзі ядуць штодзённа. Таму выключна сёлета я дазволіла сабе «адцягнуцца» і есьці ўсе, што пажадаю, нават салодкае!

Каб збалянсаваць такое вар’яцтва, тут ёсьць адзіны пункцік, якога я не дазваляю сабе нават на вакацыях. Я не дазваляю сабе НЕ займацца спортам. Таму амаль кожную раніцу я бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў.

Ваша парада на адпачынак

Трэба рабіць тое, што даўно хацелі зрабіць, але не хапала часу. Прачытаць кнігу, якую даўно хацелі, паехаць у месца, якое даўно хацелі наведаць. Я вельмі адпачываю, калі дасьледую новыя месцы, альбо наведваю старыя. Трэба сустракацца зь людзьмі, зь якімі файна і добра сябе адчуваеце. Адпачынак павінен быць трошкі эгаістычным заняткам.

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG