Мастацтва адпачынку: адказы і парады.
Віктар Марціновіч — беларускі пісьменьнік, мастацтвазнаўца, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Віктар Марціновіч — аўтар раманаў «Параноя», «Сьцюдзёны вырай», «Сфагнум», «Мова», «Возера радасьці», манаграфіі «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску». Ляўрэат беларускай літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў жанры прозы. Раман «Мова» стаў самай прадаванай кнігай на беларускай мове ў кніжнай сетцы «Белкніга» за год.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Летам шмат часу стараюся праводзіць у Беларусі. З траўня па верасень тут Эдэм: цемра і сьцюжа адступаюць, прырода раскашуе баляваньнем жыцьця. Да таго ж пад нагамі ня чвякае сьцюдзёная жыжка. Я вельмі люблю вандраваць далёка, але ў бальшыні краінаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, куды ежджу па прыгоды і па натхненьне, зараз сэзон мусонаў. То Азію можна адкласьці на лістапад-сьнежань, зараз час спасьцігаць Радзіму. Мне здаецца, у гэтым нашая патаемная прыгажосьць: некранутыя куткі, па якія ў іншых краінах трэба ехаць у нацыянальныя паркі, у Беларусі знаходзяцца на адлегласьці кароткай вандроўкі на машыне. 200 км ад Менску, і ты ў месцах, дзе вада ў рэках і азёрах празрыстая, берагі не таптаныя, а казулі і ласі топчуцца проста ля намёта.
Ёсьць некалькі любімых сядзібаў, да гаспадароў ды гаспадынь якіх з асалодай заяжджаю, але ж галоўная мэта — дабрацца да таго прыхаванага выгіну Нёмана, дзе пад дубочкам так крута ўстаць на ночку-другую, да забытага ляснога возера, дзе ёсьць толькі ты ды камарыны гуд.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Успамін зь дзяцінства: я паходзіў зь небагатай сям’і, але рос у «прэстыжным» Зялёным Лузе, мае аднаклясьнікі штогод улетку з бацькамі выпраўляліся на Чорнае мора, прычым некаторыя зь іх — нават на самалёце. То я — як той герой «Дагрукацца да нябёс» — зь вельмі раньняй пары займеў мару пабачыць мора. І аднойчы — мне было гадоў 13 — яна зьдзейсьнілася. Бабуля, якая працавала на дрожджавым заводзе ў Ашмянах, узяла мяне з сабой на аўтобусную экскурсію ў Рыгу. З Рыгі запомніліся шпілі ды пакутлівы торг за адзін пэрсік на рынку (рынак месьціўся ў ангарах для дырыжабляў). Пэрсік каштаваў цэлы рубель, і гэта было задорага, то бабуля толькі вохала, а гандляр не саступаў. З тае пары вельмі люблю пэрсікі, дарэчы. Аднак яна здолела запэўніць групу, што нам варта завярнуць у Юрмалу, каб пабачыць мора. То было, папраўдзе, дужа паганае мора: вады да калена, халодна і няма пальмаў з расказаў школьных сябрукоў. Але тое было першае мора ў жыцьці, якое мне зараз нашмат даражэйшае за экзатычныя пляжы мора Флёрэс каля выспы Тэрнатэ ў Інданэзіі, на якіх я потым пабываў.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Я заўсёды бяру з сабой заплечнік, адзін заплечнік памерам ручной паклажы ў самалёце, вагой 6 кг, нават калі еду на 6 тыдняў у месцы з моцнымі ваганьнямі тэмпэратуры. У тым заплечніку — самае неабходнае, і гэта вельмі добры ўрок пра тое, як няшмат патрэбна чалавеку, каб жыць. З рэчаў, на якіх я раю не эканоміць, назаву добрыя навушнікі, абутак і парасон (ён павінен быць кампактны і лёгкі, каб ніколі не пакідаць свайго месцайка ў заплечніку, бо ягонае зьнікненьне адтуль магічным чынам выклікае дождж). Парада для тых, хто, як і я, вандруе на нізкім бюджэце: заўсёды бярыце з сабой бярушы, гэта дазволіць спаць у месцах, дзе праз шум заснуць, здавалася б, нерэальна.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Асноўнае, чаму мяне навучылі вандроўкі: ніколі ня думай пагана пра людзей толькі таму, што іншыя людзі цябе пакрыўдзілі. У мяне быў адзін шокавы вопыт у Індыі, калі я жорстка павёў сябе са сьвятым чалавекам, які ў адказ мяне блаславіў і пазбавіў ад пракляцьця, ад якога я пакутаваў. То калі мяне абрабавалі і ледзь не забілі на шляху ў Барабудур на востраве Ява, я ўжо не рабіў высноваў пра ўсіх людзей, проста падумаў дрэнна пра нападніка.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Музыка — гэта вельмі вялікая тэма, бо яна якраз і ёсьць саўндтрэкам да прыгодаў. Звычайна бяру шмат клясыкі, падчас пешых пераходаў і аўтаспыну вельмі люблю слухаць крыштальныя санаты Скарляці. Што тычыцца кніг — я звычайна не чытаю ў вандроўках, бо гэта перашкаджае быць «тут і цяпер». Калі ты вандруеш ці нават проста прыгрэўся ля цяпельца на вялікім возеры — трэба ўтыкаць па баках і слухаць гукі навакольнага сьвету. Пачытаеш дома. Думаць таксама шкодна — гэта таксама замінае перажываць тое, што адбываецца. Ёсьць толькі ты, агонь, зоры ды адбітак месяца ў вадзе.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Так, камунікацыі я звычайна абсякаю.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Дазваляю сабе спаць значна меней, чым калі прыгодаў няма. Гэта робіць цябе непрацаздольным, але ўспрыняцьце абвастраецца. Дый як ты пасьпіш, калі за вокнамі — начны Сайгон, ці Бэрлін, ці Мандалай?
Ваша парада на адпачынак
Мая парада: кідайце ўсё, пазычайце ці набывайце намёт, карэмат, газоўку і прастуйце да бліжэйшага месца з вадой і соснамі. Калі на вуліцы горача, ніводнае мора не астудзіць цябе так, як гэта робіць нашая родная вадзіца. Паплёскаўся 15 хвілін у возеры — і прахалоды хапае на ўвесь дзень. Калі на вуліцы дубак — жывы агонь сагрэе так, як не сагрэе кватэра: так, што сэрцу зробіцца горача. Што яшчэ сказаць? Кожная рака, кожнае возера ў Беларусі мае свой характар і сваю энэргію. Няма ніводнай падобнай рачулкі. Пракаціся хаця б раз на далонях Дняпра ці Прыпяці, і сіл працаваць і ствараць хопіць на ўвесь наступны год.