Лета: мастацтва адпачынку. Адказы і парады.
Дзьмітры Плакс — пісьменьнік, перакладчык, журналіст, радыёпрадусар. Нарадзіўся ў Менску. Жыве і працуе ў Стакгольме. Стваральнік беларускай службы Радыё Швэцыі (2004-2009).
Як вы праводзіце гэтае лета?
Гэтае лета я праводжу ў працы. Быў у адпачынку тыдзень зь невялікім, езьдзіў да мамы і сястры ў ЗША. На поўначы Швэцыі ўдзельнічаў у літаратурным фэстывалі. Быў у Празе, рабіў праект для чэскага радыё. Потым еду ў Маскву на сэмінар для пісьменьнікаў і перакладчыкаў, а таксама прэзэнтацыю скандынаўскага нумару часопісу «Иностранная литература», дзе ёсьць пераклад, які я зрабіў. Такім чынам гэта працоўнае лета.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Гэта цяжка апісальны, пачуцьцёвы ўспамін. На дзень нараджэньня я атрымаў ад маці ў падарунак новы спартовы касьцюм сіняга колеру, польскай ці румынскай вытворчасьці, з матэрыялу, які тады ў народзе называўся элястыкам. Гэты касьцюм меў адметны, вельмі плястыкавы пах. Мне тады было восем гадоў. Я памятаю, як я гэты касьцюм апранаю і выходжу з дому. Там, дзе я жыў, па другі бок праз дарогу было вялікае поле. Я іду ў гэтым касьцюме на гэтае поле, дзе такая маладая трава на пачатку чэрвеня. І кладуся ў гэтую сьветла-зялёную з адметным пахам траву, ляжу, гляджу на неба і чую, як нейкія мошкі нада мной лятаюць... Гэта было адчуваньне поўнага шчасьця і гармоніі.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
У адпачынак я вельмі рэдка ежджу. У падарожжы бяру з сабой... Мусіў бы адказаць кнігу, але не. Я бяру звычайна з сабой нейкія дробязі, якія для мяне важныя. Заплечнік, у які я магу пакласьці нейкія рэчы, нешта, што робіць маю паездку зручнай. Зручны абутак абавязкова.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Паколькі у мяне такая праца, якая не дае вольнага часу ці вольны час немагчыма адрозьніць ад працы, то я звычайна чытаю і слухаю тое, што так ці інакш зьвязана з тым, над чым працую. Я вельмі даўно браў нешта пачытаць са спартовага інтарэсу. Звычайна слухаю і чытаю тое, што зьвязана з працай.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Не. Я — чалавек, які вырас у атмасфэры інфармацыйнай ізаляцыі за савецкім часам. З аднаго боку я дагэтуль не прызвычаіўся, што па тэлефоне можна пазваніць, калі ён у цябе ў кішэні. І гэтая магчымасьць сувязі для мяне вельмі важная. А раптам пазвоняць зь міністэрства. (Сьмяецца) Я вельмі залежу ад інфармацыі і мушу атрымліваць інфармацыю ўвесь час. Магчымасьць спажываць свабодную інфармацыя да цяперашняга часу ёсьць пэўным цудам.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Спаць.
Ваша парада на адпачынак
Я не люблю даваць парады, але — высыпацца.