Мастацтва адпачынку: адказы і парады.
Сьвятлана Алексіевіч — беларуская пісьменьніца, журналістка, першая ў гісторыі Беларусі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры (2015 год). Аўтарка кніг «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд». Яе кнігі выдаваліся ў 19 краінах сьвету.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Пэўную частку правяла на Мёртвым моры, а наогул абажаю жыць у сябе за горадам. Бо за год у мяне столькі паездак, што я ўжо нікуды не хачу ехаць.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Паездка да бабулі ва Ўкраіну. Я вельмі любіла бабулю. Гэта быў самы любімы мой чалавек на зямлі. І гэта маленькая рака цякла адразу за домам, лес і гэты пах украінскага пылу, цікавая чарэшня, якой я нідзе больш не сустракала, валы, якія ішлі, і гэты пах, калі малацілі збожжа... Дзіцячыя такія ўспаміны праз пахі.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Кнігі. Пляншэт, куды загнаныя кніжкі.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Усюды цягаю саму сябе. Нічога новага там не адбываецца. Як Мантэнь казаў: які сэнс у падарожжах, усюды цягаю самога сябе.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Штораз розную. У гэты момант чытаю Зэбальда «Кольцы Сатурна» і «Аўстэрліц». Што да музыкі, то я не такі мэляман. Я вельмі люблю Чавэлу Варгас. Чамусьці музыка з тых краёў мяне вельмі хвалюе.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Калі ёсьць такая магчымасьць, то гэта першае, што я раблю. Хоць на мяне потым многія крыўдзяцца. Але гэта немагчыма, і так маё жыцьцё ператворана ў нейкую публічную прастору.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Проста ляжаць і быць у адключцы ад усяго. То бок нічога не рабіць — што ў мяне рэдка атрымліваецца па жыцьці.
Ваша парада на адпачынак
Забыцца на сьвет, які за вакном. І наогул хоць на сэкунду выскачыць з гэтага бегу, з гэтага стрэсу, з гэтай высокай тэмпэратуры, сьпёкі, з усяго. Неяк крыху вызваліцца. Мы занадта загнаныя ў гэтую глябальную сыстэму. І часта блізкія мне людзі кажуць: «Я не магу бяз гэтага тэлефона, без інтэрнэту». Мне гэта сьмешна.