Мастацтва адпачынку: адказы і парады.
Міхаэль Сэндэр — генэральны дырэктар швэдзкай кампаніі Comprado. Беларускі топ-мэнэджэр, кіраваў папулярнай дошкай аб’яваў «Куфар». Блогер і мэдыяэкспэрт. У мінулым музыка, палітык, грамадзкі дзеяч. Жыве ў Стакгольме.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Гэтым летам я шмат працаваў, бо толькі нядаўна ўвязаўся ў новы стартап і было зусім не да адпачынку. Але як толькі пайшоў у адпачынак, першым чынам паляцеў у Менск. Настальгія. Рэшткі адпачынку правяду ў Стакгольме і навакольным архіпэлягу, дзе ўжо два месяцы назіраецца рэкордная сьпякота.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Аквапарк Onda Blu у Італіі. У «шэрыя часы» Беларусі 1990-х гэта падавалася проста раем.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
У мяне ёсьць гатовы набор для вандровак, які проста трэба кінуць у валізку. Там ёсьць усё. Але самае галоўнае — берушы, iPad і нажніцы для пазногцяў.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Люблю спакойную музыку. Зараз збольшага гучыць Schiller. Кнігі чытаю, у асноўным, на пляжы. Люблю літаратурную клясыку і якасную навуковую фантастыку кшталту твораў Артура С. Кларка.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Я вяду пару буйных паблікаў у «Твітэры» і «Фэйсбуку», таму на доўгі час адключацца не атрымліваецца. Але як мінімум 1-2 дні бяз інтэрнэту мы з маёй нявестай сабе дазваляем час ад часу.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Па шчырасьці, нічога. Я спрабую трымаць максымальна магчымую высокую якасьць жыцьця круглы год, інакш атрымліваецца не жыцьцё, а чаканьне.
Ваша парада на адпачынак
Не плянуйце яго занадта. Усё роўна ўсё атрымаецца ня так, як думалі, а час і энэргію страціце, ды яшчэ будзеце пакутаваць і абурацца, што ўсё ня так. Будзьце спантаннымі!