4 лістапада 2011. Суд. Дзень трэці. Дакумэнты
Крымінальная справа Бяляцкага на момант пачатку працэсу налічвала шэсьць тамоў. Амаль тры зь іх — шматлікія, сотні і сотні, паручальніцтвы з просьбай выпусьціць Алеся з-пад арышту. Усе яны суправаджаюцца адмовамі сьледчай Касынкінай. Сярод іншага — нібыта банкаўскія дакумэнты на Алеся зь Літвы і Польшчы. Некаторыя матэрыялы справы былі здабытыя апэратыўным шляхам бяз санкцыі пракурора, і таму суд мусіў бы ацаніць іх як парушэньне недатыкальнасьці асобы, за што адказнасьць нясе сьледзтва. Ёсьць у справе і ананімны ліст, зь якога пачаўся апэратыўны перасьлед Бяляцкага. Гэта — па-за межамі юрыспрудэнцыі, як заявіў адвакат Лаеўскі. Часам у ходзе судовага працэсу Бяляцкі сам «лавіў» сьледчых на грубых памылках, якія сьведчылі пра тэндэнцыйны характар іхнай працы: «Вось сьледчая Касынкіна піша: „Таксама ўстаноўлена, што...“ А дзе і кім устаноўлена, не падае зусім. Гэта сьведчыць пра неабгрунтаваны абвінаваўчы ўхіл сьледзтва», — заявіў падсудны на працэсе.
Пра тэндэнцыйны характар сьледзтва сьведчыць ня толькі неахайнасьць у дакумэнтах і неабгрунтаванасьць у аргумэнтах, але і нежаданьне Касынкінай выконваць тыя працэдуры, якія маглі б зьмяніць ход працэсу на карысьць абвінавачанага.
Намесьнік пракурора Менску Казімір Кежун пасьля арышту Бяляцкага даваў сьледзтву даручэньне высьветліць, хто перасылаў грошы на рахунак Бяляцкага, якім было мэтавае выкарыстаньне гэтых сродкаў, а таксама ці ўвозіў Бяляцкі грошы ў Беларусь празь мяжу. Абарона настойвала на выкананьні гэтых даручэньняў і заяўляла хадайніцтвы сьледзтву, але сьледзтва іх праігнаравала. А вось санкцыі намесьніка пракурора Менску на апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, у выніку якой пасьля ператрусу 19–20 сьнежня 2010 году былі вынятыя 27 тысяч кампутарных файлаў, у крымінальнай справе няма. Затое ёсьць у ёй дакумэнты, якія сьведчаць, з чаго насамрэч пачалася справа Бяляцкага...
Сьлед КДБ
Пракурор Валеры Сайкоўскі чытаў матэрыялы справы хутка і ціха, часамі цяжка было разабраць словы. Скорагаворкай ён прачытаў і лісты, падпісаныя кіраўніцтвам КДБ. Таму ў трэці дзень працэсу сам Бяляцкі ўмяшаўся ў ход вывучэньня пісьмовых матэрыялаў, яшчэ раз агучыў і пракамэнтаваў гэтыя дакумэнты.
Ён зьвярнуў увагу суду на тое, што супрацоўнікі КДБ у лістападзе 2010 году напісалі ліст у Генпракуратуру пра атрыманы імі ананімны зварот. У звароце гаварылася, што кіраўнікі «Вясны» маюць банкаўскія рахункі ў Літве і выкарыстоўваюць атрыманыя на іх сродкі «ў супрацьпраўных мэтах». Гэты ананімны ліст нібыта і прывёў да пачатку расьсьледаваньня, хоць паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу ананімкі ня могуць служыць падставай для вышукова-сьледчых дзеяньняў, якія пачала пракуратура, а потым працягнуў ДФР.
«Я ня ўпэўненая, ці быў нават гэты ананімны ліст. Насамрэч была замова ад уладаў, пасьля чаго і пачаўся перасьлед. А ліст маглі пазьней сфабрыкаваць», — ацэньвае гэты момант Тацяна Равяка.
Усяго Алесь Бяляцкі зачытаў 4 дакумэнты справы, дзе адным з адрасатаў, адпраўнікам або атрымальнікам, ёсьць КДБ.
Першы дакумэнт — зварот намесьніка старшыні КДБ генэрал-маёра Віктара Вягеры, які курыруе ў ведамстве контравыведную дзейнасьць, да намесьніка генпракурора Беларусі старшага саветніка юстыцыі Андрэя Шведа. Ліст датаваны 3 лістапада 2010 году (старонка 15-я першага тома матэрыялаў крымінальнай справы):
«Паважаны Андрэй Іванавіч,
28.10.10 у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі паступіла ананімная заява № АБ 1776 ад 28.10.10 пра тое, што прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі «Праваабарончы цэнтар „Вясна“ (ПЦ „Вясна“) з мэтай фінансаваньня радыкальнай апазыцыі выкарыстоўваюць грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы.
Так, на імя кіраўніка ПЦ „Вясна“ Бяляцкага Аляксандра зарэгістраваны рахунак [указваецца нумар рахунку] у банку AB DNB NORD bankas (Вільня, Літва). На імя намесьніка кіраўніка ПЦ „Вясна“ Стэфановіча Валянціна зарэгістраваны рахунак у банку AB SEB bankas.
Заяўнікам [ананімам. — В.К.] прадстаўленыя ксэракопіі дакумэнтаў пра зарэгістраваныя на імёны Бяляцкага і Стэфановіча рахункі ў названых банках, а таксама рух грашовых сродкаў (прыкладаюцца). Названыя грашовыя сродкі ўвозяцца наручным спосабам прадстаўнікамі ПЦ „Вясна“ ў аб’ёмах, дапушчальных заканадаўствам, і выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама для асабістых патрэбаў Бяляцкага і Стэфановіча.
Акрамя гэтага, заяўнікам прадстаўленыя асобныя копіі расьпісак грамадзян Рэспублікі Беларусь пра прадстаўленьне Бяляцкім і Стэфановічам грашовых сродкаў прадстаўнікам ПЦ „Вясна“ (прыкладаюцца). Разам з тым прыняць законнае абгрунтаванае рашэньне па матэрыялах не ўяўляецца магчымым праз адсутнасьць афіцыйных дадзеных пра факты рэгістрацыі Бяляцкім і Стэфановічам банкаўскіх рахункаў у Літве, а таксама руху грашовых сродкаў на ўказаных рахунках.
З улікам выкладзенага просім у максымальна сьціслыя тэрміны аформіць міжнароднае сьледчае даручэньне для яго накіраваньня ў кампэтэнтныя органы Літвы. Намі дасягнутая дамоўленасьць з кіраўніком Нацыянальнага Цэнтральнага Бюро Інтэрполу МУС Рэспублікі Беларусь пра неадкладнае накіраваньне міжнароднага сьледчага даручэньня па каналах Інтэрполу ў Літву».
Намесьнік генэральнага пракурора Швед гэты зварот перанакіраваў намесьніку старшыні КДК, дырэктару ДФР палкоўніку фінансавай міліцыі Рыгору Верамко. Ад сябе Швед прыпісаў:
«Дырэктару Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Верамко Р. І. накіроўваецца зварот Камітэту дзяржаўнай бясьпекі адносна кіраўнікоў ПЦ „Вясна“ для арганізацыі праверкі і прыняцьця рашэньня ў парадку артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу сумесна з супрацоўнікамі КДБ. Пра прынятае рашэньне прашу паведаміць на наш адрас».
Яшчэ адзін зварот старшыня КДБ Вадзім Зайцаў накіраваў непасрэдна старшыні КДК Зянону Ломацю. Дакумэнт датаваны 21 сьнежня 2010 году:
«Паважаны Зянон Кузьміч,
20.12.10 СУ ПР ГУУС Менгарвыканкаму па факце масавых беспарадкаў узбуджана крымінальная справа № 10011110362 па частцы 1, 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
У рамках справы па месцы разьмяшчэньня офіса незарэгістраванай арганізацыі «Праваабарончы цэнтар „Вясна“ (г. Менск, пр-т Незалежнасьці 78А-48) Першамайскім РУУС г. Менску праведзены ператрус, у выніку якога канфіскавана аргтэхніка і дакумэнтацыя, якая мае дачыненьне да матэрыялаў праверкі ў дачыненьні да кіраўніка ПЦ „Вясна“ (знаходзіцца ў 4-м аддзеле УДФР па Менскай вобласьці і г. Менску). Агляд канфіскаваных прадметаў і дакумэнтаў будзе зьяўляцца легалізаванай доказнай базай у дачыненьні да згаданых асобаў. Аргтэхніка знаходзіцца ў Першамайскім РУУС г. Менску.
Інфармуем для вырашэньня пытаньня пра ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да функцыянэраў ПЦ „Вясна“.
З павагай,
Старшыня камітэту В.Ю. Зайцаў».
Зачытаўшы гэтыя дакумэнты, Алесь Бяляцкі заявіў суду:
«Я сьцьвярджаю, што гэтая справа пачыналася і праводзілася зь відавочным палітычным падтэкстам з мэтай перасьледу сяброў Праваабарончага цэнтру „Вясна“, у прыватнасьці мяне, за праваабарончую дзейнасьць».
Зьяўленьне ананімкі прыпадае на лістапад 2010 году, калі ў офісе арганізацыі працаваў завербаваны КДБ «інсайдэр» (гл. разьдзел «Цень агента Ананіма»).
Размовы пра парушэньне Падатковага кодэксу і незаконнае ўзбагачэньне ў гэтай перапісцы не вялося, у лісьце Вягеры толькі згадвалася выкарыстаньне Бяляцкім і Стэфановічам сродкаў на «асабістыя патрэбы». Асноўнай прычынай непакою КДБ было тое, што рахункі нібыта выкарыстоўваліся «з мэтай фінансаваньня радыкальнай апазыцыі». Як вынікае з дакумэнтаў, сьледчыя органы меркавалі спачатку прыцягнуць Бяляцкага і Стэфановіча за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Аднак праверка, якую на працягу месяца праводзілі КДБ, ДФР і пракуратура Менску, ня выявіла прыкметаў такой дзейнасьці. Тады вырашылі інкрымінаваць нясплату падаткаў у асабліва буйных памерах.
Пазьней, у сваім апошнім слове, Бяляцкі цытаваў даклад старшага інспэктара ДФР маёра Юрыя Кулака ад 24 сьнежня 2010 году. Маёр Кулак паведамляў, што 23.11.2010 ім была праведзеная «працоўная нарада з прадстаўнікамі КДБ Сінягубам і Мацкевічам („Гэта, я падазраю, куратары „Вясны““, — дапусьціў Бяляцкі) ...па выніках якой выпрацаваныя напрамкі дзейнасьці па ўказаных матэрыялах праверкі».
Менавіта дазнаўца КДБ маёр Дзьмітры Сінягуб кіраваў брыгадай опэрупаўнаважаных падчас ператрусаў у офісе «Вясны» і ў кватэры Бяляцкіх 17 студзеня 2011 году.
25 лістапада 2010 году, піша далей Кулак, «у пракуратуры гораду Менску была праведзеная працоўная нарада з начальнікам аддзелу па наглядзе за выкананьнем падатковага заканадаўства Сайкоўскім (тым самым. — В.К.)».
Маёр Кулак працягвае: «Выпатрабаваньне дэклярацыі пра даходы і маёмасьць Бяляцкага і Стэфановіча, а таксама праверка дакладнасьці ўказаных там зьвестак у цяперашні час праводзіцца падатковымі органамі ва ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі КДБ...»
Гэта яшчэ раз дало Бяляцкаму падставу заявіць, што «справа гэтая ад пачатку да канца курыравалася КДБ».
Праверкі і перапіска паміж рознымі органамі працягваліся ўсю зіму, вясну і лета. У справе ёсьць пастанова аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да двух лідэраў «Вясны» — Бяляцкага і Стэфановіча, якая пазьней была скасаваная і працягнуты тэрмін праверкі. Яшчэ пазьней вырашылі завесьці крымінальную справу на аднаго Бяляцкага.