Яны прабудуць у Беларусі да 18 сьнежня, паведаміў у сваім тэлеграм-канале старшыня «Белай Русі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Раманаў.
27 лістапада паведамлялі пра сустрэчу генконсула Расеі ў Горадні Феадосія Ўладышэўскага з кадэтамі з так званай «ДНР», якіх прывезьлі ў Беларусь. Мэтай паездкі называлі «ўмацаваньне сувязяў паміж моладзьдзю Беларусі і Данбасу». Паведамлялася, што паездку арганізавалі «грамадзкія і некамэрцыйныя арганізацыі саюзнай дзяржавы, расейскі дыпляматычны корпус і Рассупрацоўніцтва».
- Праваабаронцы ідэнтыфікавалі ўжо больш за 2,2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх вывозілі ў Беларусь для «перавыхаваньня», а таксама вызначылі 18 беларускіх інстытуцый, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- 5 кастрычніка праваабаронцы абнародавалі новую справаздачу «Скрадзенае дзяцінства» пра тое, як дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці. Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі прывезеных дзяцей «перавыхоўваюць» у духу любові да Расеі.
- «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, у якіх расказваецца пра ролю Беларусі ў гэтым.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- Па стане на канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
Форум