Ноч на роздум. Як згушчаліся хмары
Краю мой родны! Як выкляты Богам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.
Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сьціскаюцца грудзі! —
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі...
Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.
Кінь толькі вокам да гэтага люду —
Сьцісьнецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.
Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіла;
Там, дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.
Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла...
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!
Максім Багдановіч. 1909 год
Алесь Бяляцкі, мабыць, даўно звыкся з думкай пра свой магчымы арышт. У 2005 годзе ў інтэрвію ён казаў: «У нашай дзяржаве ўсё можа быць, таму мы павінны ясна сабе гэта ўяўляць і з гэтага зыходзіць. Асабіста я грамадзкай дзейнасьцю займаюся больш за 20 гадоў, гэта галоўная складовая частка майго жыцьця, таму я не зьбіраюся паддавацца меркаваным цяжкасьцям, тэарэтычна магчымым у далейшым». Як праваабаронца ён добра ведаў матывы і мэханізмы рэпрэсіяў і разумеў, што асабіста перашкаджае ўладзе, як у савецкія часы, гэтак і за Лукашэнкам.
У 1987 годзе цесьць Бяляцкага Сяргей Міхайлавіч Пінчук, тады функцыянэр КПСС, а пазьней сябра апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай, постфактум даведаўшыся, што ягоная дачка Натальля пабралася шлюбам з талакоўцам Бяляцкім, папярэдзіў яе: «Глядзі, каб Сібір’ю гэта ўсё ня скончылася!»
Вясельле Натальлі і Алеся адбылося ў Менску 17 красавіка 1987 году. На ім прысутнічалі толькі сьведкі. Расьпісаліся, усклалі кветкі да помніка Багдановічу, пайшлі ў рэстаран «На ростанях». Пасьля было цэлае жыцьцё разам...
Папярэджаньне цесьця спраўдзілася толькі праз 24 гады. Але «гэта ўсё» ня скончылася. Натальля перакананая: «Тое, што цяпер адбываецца, — гэта проста этап».
Канец «лібэралізацыі»
Шмат хто задумваецца, чаму так брутальна і так нелягічна разагналі дэманстрацыю пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году, чаму сотні чалавек былі зьбітыя і арыштаваныя, чаму зноў зьявіліся дзясяткі палітвязьняў, сярод якіх апынуліся амаль усе, хто кінуў выклік Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах? Чаму Беларусь зноў вярнулася ў стан пэрманэнтных палітычных рэпрэсіяў і самаізаляцыі ад Захаду? Да гэтай чорнай даты ў гісторыі Беларусі недзе зь сярэдзіны 2008 году назіралася няпэўная лібэралізацыя: выпусьцілі з турмы Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў, аднавіліся кантакты з Захадам, улады перасталі саджаць у турму за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях, прыпынілі ціск на незалежныя СМІ, касмэтычна зьмянілі Выбарчы кодэкс і правялі зьнешне свабодную выбарчую кампанію 2010 году. Гэта ўсё было да 19 сьнежня, да моманту разгону Плошчы.
Праваабаронцы папярэджвалі, што мэханізм рэпрэсіяў нікуды ня зьнік і можа быць запушчаны ў любы момант. Бо тое, што мы называем лібэралізацыяй — усяго толькі тактычны ход Лукашэнкі, які ківаецца паміж Захадам і Расеяй. Ківок Захаду — у Беларусі «лібэралізацыя», ківок Расеі — у Беларусі «закручваньне гаек», палітычныя рэпрэсіі і ізаляцыя ад заходняга сьвету.
Улетку 2010-га Расея адказала на беларускае збліжэньне з Захадам масаванай антылукашэнкаўскай прапагандай, артыкуламі ў прэсе, сэрыяй фільмаў «Крестный батька» на тэлебачаньні і відэаблогам прэзыдэнта Мядзьведзева ў сеціве:
«На адрас Расеі і яе кіраўніцтва ідуць патокі абвінавачаньняў і лаянкі. На гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі. Яго турбуе вельмі многае: і навядзеньне парадку ў нашых эканамічных адносінах, і зносіны расейскіх сродкаў масавай інфармацыі зь беларускай апазыцыяй, і нават лёс некаторых нашых высокапастаўленых пэнсіянэраў і звольненых чыноўнікаў.
Прэзыдэнту Беларусі варта было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку, нарэшце, расьсьледаваць шматлікія справы аб зьнікненьні людзей. Расеі, як і іншым краінам, гэта не абыякава», — так казаў Дзьмітры Мядзьведзеў 3 кастрычніка 2010 году*.
Аднак ужо 25 сьнежня Мядзьведзеў павіншаваў Лукашэнку зь пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта. Суд над Алесем Бяляцкім прайшоў на фоне аднаўленьня маштабнай расейскай падтрымкі кіраўніцтву Беларусі. Незалежная газэта «Наша Ніва» зьвязала гэтыя дзьве падзеі: «Танны газ забясьпечаны. Бяляцкі атрымаў 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму».
Алесь Бяляцкі, які каардынаваў незалежнае назіраньне на выбарах 2010 году, прадбачыў, што вольнасьці скончацца ў дзень галасаваньня і падліку галасоў. У інтэрвію тэлеканалу «Белсат» за месяц да дня галасаваньня ён дапусьціў, што ў Беларусі можа паўтарыцца азэрбайджанскі варыянт:
«Я прысутнічаў гадоў пяць таму як міжнародны назіральнік на выбарах парлямэнту ў Азэрбайджане, і мяне вельмі моцна ўразіў гэты разгул дэмакратыі падчас збору подпісаў, падчас агітацыйнай кампаніі, калі ўвесь Баку быў заклеены партрэтамі кандыдатаў у дэпутаты. Але калі наступіў момант падліку галасоў, адміністрацыйная сыстэма спрацавала так, як і трэба было. Мне падаецца, мы можам атрымаць азэрбайджанскі сцэнар».
Беларусы ў 2010 годзе атрымалі ня толькі азэрбайджанскі сцэнар фальшывых парлямэнцкіх выбараў 2005 году, але і сцэнар разгону пратэстаў у Баку пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2003 году. Як тады лідэр азэрбайджанскай апазыцыі Іса Гамбар, так лідэры беларускай апазыцыі не чакалі настолькі жорсткіх паводзінаў уладаў, настолькі неадэкватнай рэакцыі на пратэст.
Паралель Беларусь — Азэрбайджан Бяляцкі выкарыстоўваў неаднойчы:
«Найбольш блізкая сытуацыя ў нас з Азэрбайджанам па супрацьстаяньні ўладаў і апазыцыі і тых рэпрэсіях, якія ўлады ўжываюць да грамадзтва», — казаў Алесь у інтэрвію Чэскаму радыё.
Пра тое, як брутальна скончылася беларуская «лібэралізацыя», міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch распавяла ў выдадзенай у сакавіку 2011 году справаздачы Shattering Hopes (PDF, 0,5 МБ) («Руйнаваньне надзеяў»).
• Каля 30 000 чалавек выйшлі на вуліцы Менску на мірны пратэст супраць скрадзеных выбараў.
• Калі была абвешчаная перамога Лукашэнкі, некалькі дзясяткаў чалавек у масках пачалі біць шкло ў будынку Дома ўраду.
• Міліцыя і сілы бясьпекі зьбівалі і хапалі ўсіх, хто быў у межах дасяжнасьці, пераважна мірных дэманстрантаў.
• На працягу наступных двух тыдняў адміністрацыйныя суды асудзілі ня менш як 725 асоб да арышту на 10–15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
• Суды доўжыліся ад 10 да 15 хвілін. У большасьці выпадкаў абвінавачаныя ня мелі адваката і ім не дазвалялі выклікаць сьведак.
• Зьняволеныя адбывалі пакараньне ў перапоўненых камэрах, дзе яны былі вымушаныя спаць на падлозе або па чарзе на нарах. У камэрах людзі мерзьлі, ня мелі туалетаў, не было доступу да мэдычнай дапамогі.
• Паводле стану на 7 сакавіка 2011 году 38 чалавек былі абвінавачаныя ў арганізацыі і/або ўдзеле ў беспарадках, у тым ліку 5 былых кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі. У канцы лютага ў сьледчых ізалятарах заставаліся больш за 30 чалавек. Да затрыманых не пускалі адвакатаў.
• Адвакатам улады неафіцыйна забаранілі выказвацца пра стан сваіх падабаронных. Некаторых пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.
• У канцы сьнежня 2010 году ўлады правялі ператрусы ў офісах трох праваабарончых груп, канфіскавалі кампутарную тэхніку і дакумэнты. Міліцыя і сілы бясьпекі таксама абшукалі памяшканьні чатырох незалежных сродкаў масавай інфармацыі і кватэры 12 журналістаў і канфіскавалі абсталяваньне.
• 148 з 205 чалавек, апытаных Групай абароны правоў чалавека, паведамілі, што міліцыя зьбівала іх дубінкамі або штурхала падчас арышту або ўтрыманьня пад вартай, колькасьць параненых канчаткова не вядомая...
Махавік рэпрэсіяў раскручваўся вясною і летам 2011 году, калі менскія суды правялі 14 працэсаў над затрыманымі пасьля падзеяў 19 сьнежня. Асудзілі 44 чалавекі, зь іх 30 атрымалі тэрміны турэмнага зьняволеньня ад 2 да 6 гадоў, у тым ліку — тры экс-кандыдаты на пасаду прэзыдэнта: Дзьмітры Вус, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч.
Аляксандар Лукашэнка паставіў тлустую кропку ў няпэўных і павярхоўных спробах «лібэралізацыі»:
«Больш бязглуздай дэмакратыі ў краіне ня будзе», — заявіў ён 20 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі пасьля брутальнага разгону Плошчы.
Але тут няма адказу на галоўнае пытаньне 19 сьнежня: «Чаму?» 13 ліпеня 2011-га, менш як за месяц да свайго арышту, Алесь Бяляцкі казаў у Эўрапарлямэнце на слуханьнях пра сытуацыю ў Беларусі:
«Мы ўсе задаём сабе пытаньне, чаму ўрад ужыў такі гвалтоўны разгон дэманстрантаў. Да гэтага часу мы ўсё яшчэ ня маем адказу на гэтае пытаньне. Мне падаецца, што гэтая рэакцыя была спрычыненая нечаканасьцю гэтых падзей, калі дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, і ўлады ня ведалі, што рабіць з такой масай народу. Гэта й выклікала рэпрэсіі, якія працягваюцца па гэты дзень».
У адказах на пытаньні эўрадэпутатаў Бяляцкі дадаў: акцыя гвалтоўнага разгону і далейшага ўціску апазыцыі была старанна сплянаваная.
Валянцін Стэфановіч кажа, што пасьля суду над Алесем стала ясна: перасьлед яго самога і ўсяго Праваабарончага цэнтру «Вясна» таксама рыхтаваўся ўладамі яшчэ да 19 сьнежня.
Распрацоўка і апэратыўны пошук кампрамату на Бяляцкага і «Вясну» пачаліся як мінімум у лістападзе 2010 году. Менавіта тады ў офісе «Вясны» працаваў «інсайдэр» ад КДБ.
«Улады ўсё сур’ёзна распрацоўвалі, думалі, што рабіць з намі... Гэта наводзіць на думкі, што самі падзеі 19-га былі зусім не выпадковыя, не спантанныя», — мяркуе Стэфановіч.
Відаць, толькі пасьля сыходу Лукашэнкі ад улады ў архівах КДБ можна будзе знайсьці дакладны адказ, як рыхтаваліся падзеі 19 сьнежня, што сталі канцом той кволай «лібэралізацыі».