Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XL. Бакінская Плошча


Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

«На прыступках будынка Савету міністраў, дзе, мабыць, адбываўся мітынг, людзі спрабавалі неяк арганізаваць абарону, але ў паветры несупынна мільгалі сотні дубінак, ішла страшная малацьба», — гэта цытата не пра падзеі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году, хоць яна і цалкам ім пасуе. Гэта цытата з кнігі Алеся Бяляцкага «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», якая выйшла ў 2006 годзе, з разьдзелу пра Азэрбайджан.

17 кастрычніка 2003 году, калі ў гэтай краіне ўлада з рук памерлага прэзыдэнта Гейдара Аліева шляхам выбарчых маніпуляцыяў і пагромаў апазыцыі перадавалася ягонаму сыну Ільхаму, у Баку адбываліся падзеі, вельмі падобныя да менскай Плошчы-2010. Назіральнікам, а часам і ўдзельнікам іх быў беларус Алесь Бяляцкі. І, як дома ў Беларусі, у Баку ён таксама займаўся знаёмай праваабарончай працай, «выносіў параненых з поля бітвы». Прычым у гэтым выпадку ня толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе.

З 2001 году «Вясна» — сябра Эўрапейскай сеткі арганізацыяў назіраньня за выбарамі (ENEMO). Вясноўцы працавалі ў Кіргізстане, Украіне, Сэрбіі, Косаве, Казахстане…
Алесь у Баку, 2005 г.
Алесь у Баку, 2005 г.

У складзе місіі IDEE (няўрадавы Інстытут дзеля дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе — Institute for Democracy in Eastern Europe) пад эгідай АБСЭ на выбарах прэзыдэнта Азэрбайджану 15 кастрычніка 2003 году назіральнікамі працавала дванаццаць актывістаў «Вясны». Усяго ў місіі было 200 чалавек. Насуперак асноўнай назіральнай місіі АБСЭ, якая фактычна выказалася за легітымнасьць азэрбайджанскіх выбараў, місія IDEE прывяла багата фактаў парушэньняў выбарчага працэсу і заклікала міжнародную супольнасьць не прызнаваць гэтыя выбары. Сам Алесь так апісваў гэтую калізію:

* Алесь Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера. Менск, 2006. С. 115.
«Гэта быў скандал. Уголас размова зайшла пра тое, што ні Эўропа, ні Амэрыка, зыходзячы са сваіх стратэгічных інтарэсаў, не хацелі псаваць адносінаў з новым прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым. Яны спадзяваліся, што крыху пазьней пераканаюць яго пайсьці на дэмакратызацыю краіны зьверху. Апазыцыя была ў шоку, яны ўголас казалі, што заходняя дэмакратыя ім здрадзіла, бо каля двухсот дэмакратычных актывістаў сядзелі ў турме, дзе іх катавалі, білі, а Эўрапейскі Зьвяз і Амэрыка прызналі выбары легітымнымі. Нашая місія выратавала гонар дэмакратыі ў іх вачох»*.

Афіцыйна Ільхам Аліеў набраў 79,46% галасоў. Гэтая лічба з дакладнасьцю да аднаго працэнта адпавядае выніку, які 20 сьнежня 2010 году абвясьціла старшыня ЦВК Беларусі Ярмошына для Аляксандра Лукашэнкі — 79,65%.

Як і апанэнты Лукашэнкі ў 2010-м, у 2003 годзе азэрбайджанская апазыцыя не прызнала вынікі выбараў, і на наступны дзень пасьля іх каля 5 тысяч прыхільнікаў Ісы Гамбара, апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі Мусават, рушылі па цэнтральных вуліцах сталіцы да плошчы Азадлыг. Улады накіравалі туды полк унутраных войскаў і спэцназ, якія яшчэ больш брутальна, чым у Менску, разагналі дэманстрацыю. У часе сутычак былі ахвяры.

Такога пабоішча я ня бачыў у жыцьці, — пісаў Алесь Бяляцкі пра тыя падзеі, сьведкам якіх ён стаў разам зь іншым беларускім назіральнікам, юрыстам са Смаргоні Алесем Дзергачовым:

«Мы выйшлі на вуліцу, убачылі на асфальце россып камянёў, пырскі пабітага аўтамабільнага шкла, калюжыну крыві, некалькі разьбітых шыбаў і перакулены міліцэйскі аўтобус. Мы пасунуліся ў бок гатэлю «Апшэрон», які стаіць на адным з краёў плошчы Азадлыг. На гэтую плошчу, як мы меркавалі, і маглі пайсьці зараз дэманстранты.

Мы ўбачылі, можа, зь пяць-сем тысячаў людзей, вакол якіх мітусіліся, як восы, паступова сьціскаючы кола, АМАП, міліцыянты, яшчэ нейкія спэцчасткі МУС, апранутыя ў лёгкую форму і з доўгімі дубінкамі. У іхні бок ляцеў град камянёў, і яны прыкрываліся шчытамі.

* Алесь Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера. Менск, 2006. С. 176–179.
Мы падышлі як мага бліжэй, стаўшы каля гатэльнага фантану, імкнучыся разгледзець, што ж там адбываецца. А плошча ўсё болей і болей напаўнялася спэцчасткамі. Пачуліся стрэлы, мы аж сьцепануліся, і было незразумела, ці то гэта стралялі газавымі гранатамі ў бок людзей, ці то з аўтаматаў, якія целяпаліся за сьпінамі ў некаторых спэцназаўцаў. Няўхільна сьціскалася кола вакол тых, хто не пасьпеў, ці не захацеў сыходзіць з плошчы… Вось ідзе пахістваючыся стары чалавек, а да яго падлятае здаровы, як бык, апрануты ў чорны гарнітур, мужчына, мабыць, нейкі пераапрануты гэбіст ці міліцыянт. У руках у яго драўляны брус паўтары мэтры даўжынёй, і ён з усяго размаху перацягвае ім старога. Той зусім не бароніцца, а толькі прысьпешвае хаду, спрабуючы ўцячы, але яго падхопліваюць паліцыянты ў форме і, зьбіваючы на хадзе дубінкамі, цягнуць у аўтабудку з закратаванымі вокнамі. А вось у наш бок бяжыць нейкі мажны чарнявы малады хлопец, у ягоных руках жоўтая прэс-карта, пэўна, журналіст. Усе гэтыя сто мэтраў, якія ён дабіраецца да нас, яго бесьперапынна б’юць дубінкамі міліцыянты. Калі ён падбягае, дык проста страчвае прытомнасьць і валіцца пад ногі дзяўчатам-назіральніцам, якія стаяць побач з намі. Дзяўчаты нахіляюцца над ім, тузаюць, спрабуюць ажывіць. А я з трывогаю назіраю, як ад агульнага натоўпу паліцыянтаў аддзяляецца атрад чалавек зь пятнаццаць зь дзьвюма аўчаркамі і трушком, закінуўшы дубінкі на плечы, выцягнуўшыся ў зьмейку адзін за адным, тупацяць у наш бок. У мяне яшчэ цепліцца надзея, што яны куды-небудзь зьвернуць улева ці ўправа, але ж не, яны бягуць проста на нас.

Я азіраюся, хлопец-журналіст яшчэ ляжыць непрытомны і адступаць нам няма як. Тады я выстаўляю левую руку з павязкаю АБСЭ, другой рукою махаю бэйджам і голасна крычу: «АБСЭ! АБСЭ!»

Вось падбягаюць першыя байцы з аўчаркамі. У іхніх вачах палае глухі дрымучы азарт. У апошні момант да іх даходзяць мае крыкі, і яны, стрымліваючы аўчарак, праносяцца побач. А за імі ланцужком падбягаюць па адным усе спэцназаўцы. І кожны зь іх, гледзячы некалькі імгненьняў на мяне, спрабуе зразумець, што я там крычу, а потым прымае рашэньне на маю карысьць. Мяне не сьцебанулі, калі б хоць адзін закрануў, астатнія білі б ужо без разбору. Нам пашанцавала. Пасьля гэтага мы хутка адцягнулі журналіста ў кусты, дзе ён трохі адсопся і расплюшчыў затуманеныя вочы.

А на плошчы адбываўся канец трагедыі, дубінкі ўзьляталі ўсё часьцей, людзей расьцягвалі па машынах, неўзабаве там засталіся толькі міліцыянты»*.

* Тамсама. С. 126.
Яшчэ ў часе назіраньня на ўчастках Бяляцкі разам з калегамі ратаваў ад зьбіцьця, выцягваў зь міліцэйскіх пастарункаў назіральнікаў ад апазыцыйных партыяў. «Ішлі да начальніка раённай міліцыі, пагражалі міжнародным скандалам»*, — піша Алесь. І вызвалялі.

Пасьля разгону бакінскай Плошчы ў краіне пачалася зачыстка апазыцыі. Сотні людзей былі параненыя і зьнявечаныя, адзін дэманстрант забіты, а двое хлопцаў памерлі пасьля катаваньняў у зьняволеньні. Па ўсёй краіне прайшлі арышты.

Лідэр азэрбайджанскай апазыцыі Іса Гамбар
Лідэр азэрбайджанскай апазыцыі Іса Гамбар
Навісла пагроза арышту і над лідэрам апазыцыі, кандыдатам на выбарах Ісой Гамбарам. Бяляцкі разам з прадстаўнікамі місіі IDEE Ірэнай Лясотай і Пэтрушкай Шустравай паехалі на кватэру да Гамбара, адкрыта зьявіліся з павязкамі назіральнікаў АБСЭ. За кватэрай сачылі спэцслужбы. На выхадзе зь яе былі арыштаваныя некалькі аднапартыйцаў Ісы, а яму самому перадалі, што калі ён паспрабуе выйсьці з кватэры, то адразу будзе арыштаваны.

* Тамсама. С. 198.
«У такой нэрвовай сытуацыі ўлады маглі ў любы момант прыняць рашэньне пра арышт Ісы Гамбара. Ня ведаю, ці магла на гэта паўплываць хоць нейкім чынам нашая прысутнасьць, але Ірэна папрасіла мяне застацца на ноч. Нам паслалі проста на паркетнай падлозе ў залі, дзе мы і спалі ўпокат. Затым наступныя тры дні ў кватэры Ісы кругласуткава дзяжурылі беларусы і ўкраінцы з нашай назіральніцкай місіі»*, — піша пра той эпізод Алесь Бяляцкі. Ісу тады не арыштавалі.


Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG