Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужнасьць Алеся Бяляцкага


Карл Гершман
Карл Гершман
Прадмову да новай кнігі Бібліятэкі Радыё Свабода «Справа Бяляцкага» напісаў Карл Гершман, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), ЗША:

У шырокіх рухах за дэмакратыю і свабоду чалавека пэўныя асобы непазьбежна становяцца лідэрамі пераменаў. Яны маюць магчымасьць сфармуляваць агульную ідэю і маюць гэткі характар, што нават варожыя групоўкі з задавальненьнем пагаджаюцца на іх лідэрства. Іх адданасьць не выклікае сумневаў, іх мужнасьць натхняе іншых на ахвяры дзеля агульнай мэты – пабудовы справядлівага грамадзтва. Часта такія людзі трапляюць у турму і зазнаюць перасьлед з боку рэжыму, якому яны супрацьстаяць. Але іх нельга перамагчы, такія цяжкасьці толькі ўзмацняюць іх і павялічваюць іх уплыў. У маім жыцьці я бачыў такіх людзей, лідэраў, як Марцін Лютэр Кінг-малодшы – у ЗША, акадэмік Андрэй Сахараў ў Савецкім Саюзе, Нэльсан Мандэла ў Паўднёвай Афрыцы, і Аун Сан Су Чжы ў Бірме. Вядома, ня ўсе лідэры пераменаў такія вядомыя, як гэтыя ключавыя фігуры, і ня ўсе маюць такі ж уплыў на падзеі і гісторыю. Але яны абараняюць тыя ж каштоўнасьці, натхняюць тымі ж надзеямі і бяруць на сябе цяжар лідэрства – не дзеля асабістых амбіцыяў, а як маральны абавязак. Іх мэта – служыць высокай справе, і робяць яны гэта ня толькі каб падтрымаць дух людзей, якіх яны вядуць, але і каб умацоўваць унівэрсальныя прынцыпы чалавечай годнасьці.

Што да Беларусі, якую часта называюць апошняй дыктатурай Эўропы, сымбалічны лідэр, які належыць да такіх людзей, гэта сьціплы праваабаронца Алесь Бяляцкі. Яму яшчэ няма 50 гадоў, а яго валасы цалкам белыя. Ён браў актыўны ўдзел у дэмакратычным руху напрыканцы 1980-х гадоў, у апошнія гады Савецкага Саюзу, як дысыдэнт, займаўся палітычнай і культурнай дзейнасьцю. З тых часоў яго праца ахапіла ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Бяляцкі – гэта «Актывіст Адраджэньня», у кожнай са шматлікіх справаў, за якія б ён ні браўся: як палітычны дысыдэнт і культурніцкі дзяяч, і навуковец, пісьменьнік і інтэлектуал, як палітычна-партыйны лідэр і абраны дэпутат Менскага гарадзкога савету, як выбарчы назіральнік, і, перш за ўсё, як міжнародна прызнаны абаронца правоў чалавека. Ён быў адным з заснавальнікаў першага дэмакратычна руху ў Беларусі – Беларускага Народнага Фронту, – а таксама першай арганізацыі правоў чалавека – Мартыралёг Беларусі. Ён узначальваў Асамблею беларускіх дэмакратычных няўрадавых арганізацый, найбуйнейшай сеткі грамадзянскай супольнасьці. А ў 1996 годзе ён заснаваў – і з таго часу кіруе – праваабарончым цэнтрам «Вясна». Гэтая вядучая ў краіне арганізацыя, якая займаецца правамі чалавека, дапамагла тысячам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Уся гэтая праца была зробленая дзякуючы яго асабістай ахвярнасьці. З 1988 году Бяляцкага арыштоўвалі больш за 20 разоў, апошні раз 4 жніўня 2011 году. Пасьля чаго ён быў асуджаны на чатыры з паловай гады строгага турэмнага зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў са сродкаў, якія «Вясна» атрымлівала на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў. Абвінавачаньне было відавочна палітычным, паколькі рэальнае «злачынства» Бяляцкага – абарона правоў чалавека. Але лукашэнкаўскі рэжым трапіў бы ў канфуз, калі б выставіў такое абвінавачаньне, і таму ён выдумаў юрыдычную фармулёўку, каб схаваць свае сапраўдныя матывы. Але ён перамудрыў са стратэгіяй, і яна нікога не ўвяла ў зман. Бяляцкі быў прызнаны палітвязьнем і вязьнем сумленьня з боку міжнароднай супольнасьці і арганізацыяў правоў чалавека, і трэці раз намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

Нобэлеўская прэмія – гэта вялікі гонар, якога Бяляцкі заслугоўвае. Як і Лю Сяабо (ляўрэат Нобэлеўскай прэміі у 2010 годзе з Кітаю, які знаходзіўся ў турме, калі атрымаў прэмію, дагэтуль застаецца за турэмнымі кратамі), Бяляцкі – гэта асоба зь вялікай мужнасьцю і характарам. Да арышту ён ведаў пра справу супраць яго і меў магчымасьць уцячы за мяжу, але ён вырашыў не рабіць гэтага. Для яго прынцыпы былі па-над палітыкай. Ён пакінуў палітычную дзейнасьць у 1990-я гады, бо паводле сваёй прыроды адчуваў, што можа зрабіць больш у якасьці абаронцы правоў чалавека. У гэтай ролі ён дапамагаў усім, хто жыве ў нястачы, незалежна ад партыі ці ідэалёгіі. Ён зьяўляецца адным зь нямногіх лідэраў апазыцыі, які аб’ядноўвае, а не падзяляе. Ён паважаны чалавек ва ўсім палітычным спэктры апазыцыі і можа выйсьці з турмы ў якасьці палітычнага лідэра, які аб’яднае.

Яго палітычнае пакліканьне ўзмацняецца яго патрыятызмам. Бяляцкі – гэта архетыпны беларус. Ён заўсёды выступаў за незалежнасьць краіны, абараняў яе мову і культуру, але адначасова падкрэсьліваў эўрапейскую ідэнтычнасьць Беларусі, і падтрымліваў яе інтэграцыю ў Эўропу ў якасьці свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы.

Яго прывабнасьць таксама абумоўленая яго сьціпласьцю. Бяляцкі заўсёды стрыманы, спакойны, адданы актывіст, які адчувае сябе няўтульна ў цэнтры ўвагі. У яго няма эгаізму, ён не імкнецца да прызнаньня, не клапоціцца пра якіясьці атрыбуты посьпеху. Ён сьціплы ў сваёй прамове, вопратцы і паводзінах, і, нягледзячы на акадэмічнае паходжаньне і інтэлектуальныя дасягненьні, ён паводзіць сябе як звычайны чалавек. Яму больш камфортна ў джынсах і на вуліцах, гэтак жа, як нябожчыку польскаму дзеячу Яцку Кураню. У яго добрае пачуцьцё гумару, ён заўсёды знойдзе досьціп пра ўладу і апазыцыю, Эўрапейскі Зьвяз, нават пра свой уласны лёс, як, напрыклад, у яго камэнтары: «У кепскія часы турма можа стаць найлепшым месцам для праваабаронцы». Самае галоўнае, нягледзячы на складаную працу і цяжкія ўмовы існаваньня, ён заўсёды ўсьміхаўся і ніколі не губляў надзеі.

Цяпер, калі яго натхняльныя словы і іранічны голас прыглушаныя вымушаным пазбаўленьнем волі, яго жонка Наталя стала яго грамадзкім сьпікерам. Яна адклала свае гістарычныя дасьледаваньні і сад у Ракаве, каб данесьці праўду пра яго справу – і пра становішча іншых палітычных зьняволеных – у Беларусі і за мяжой. Я прысутнічаў нядаўна, калі яна выступіла падчас Уроцлаўскага Глябальнага форуму, і магу засьведчыць яе красамоўства і годнасьць.

Бяляцкага можна параўнаць з многімі вядомымі змагарамі за свабоду – Вацлавам Гаўлам, Лю Сяабо, і Яцкам Куранем, між іншага. Але ёсьць асаблівае сваяцтва паміж ім і бірманскім актывістам, пра існаваньне якога ён можа нават ня ведаць. Я маю на ўвазе Paw Oo Htun, чыё nom de guerre Min Ko Naing, што азначае «Заваёўнік каралёў». Як і Бяляцкі, Min Ko Naing нарадзіўся ў 1962 годзе, а ў 1988 годзе – гэтак жа, як Бяляцкі пачынае актыўную дзейнасьць – стаў найвыбітнейшым лідэрам студэнцкага руху, які паўстаў супраць ваеннай дыктатуры. Ён быў арыштаваны неўзабаве пасьля гэтага і правёў большую частку наступных двух дзесяцігодзьдзяў у турме. Там яго жорстка катавалі. Цяпер ён выйшаў з турмы, паколькі сытуацыя ў Бірме паволі пачынае разьвівацца.

28 жніўня 1988 году Min Ko Naing выступіў з уступным словам на зьезьдзе і заклікаў аднавіць Усебірманскую фэдэрацыю студэнцкіх саюзаў, якая была ліквідаваная ў 1962 годзе, калі вайскоўцы захапілі ўладу ў Бірме. Яго словы тычыліся праблемаў у Бірме, але мы чуем іх рэзананс і сёньня, калі мы думаем пра Бяляцкага і Беларусь. Min Ko Naing казаў аб доўгай барацьбе, каб зрынуць мур дыктатуры, якая была «занадта тоўстай» у пачатку, але пачынае даваць расколіны. «Калі мы аб’яднаемся», казаў ён, «і націсьнем на сьцяну, яна цалкам разбурыцца і ўпадзе». І завяршыў ён свой выступ вершам «Вера», у якім утрымліваліся наступныя радкі:

Нават калі жыцьцё давядзецца аддаць у ахвяру
ў імя незавершанай рэвалюцыі,
пакідаючы гэты сьвет, а ня буду журыцца,
наадварот, я буду радавацца,
што быў адданы свайму народу.

Адданасьць Бяляцкага – гэта адна з прычынаў, чаму мур дыктатуры ў Беларусі разбурыцца і ўпадзе. Гэта толькі пытаньне часу. Калі гэта наступіць, ён увойдзе ў гісторыю як ціхі герой, чыя мужнасьць дапамагла краіне стаць свабоднай. А пакуль гэтага яшчэ ня сталася, ён заслугоўвае – і павінен адчуваць, – нашую поўную салідарнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG