Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча, уведзенага прэзыдэнтам

абноўлена

Пратэст каля будынку парлямэнту Паўднёвай Карэі, 3 сьнежня 2024 году
Пратэст каля будынку парлямэнту Паўднёвай Карэі, 3 сьнежня 2024 году

Парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча, уведзенага прэзыдэнтам краіны.

Як паведамляе выданьне YTN, за адмену ваеннага становішча прагаласавалі ўсе 190 дэпутатаў, якія прысутнічалі на паседжаньні. Указ аб ваенным становішчы ў Паўднёвай Карэі, апублікаваны 3 сьнежня, забараняе ў краіне палітычныя партыі і любую палітычную дзейнасьць.

Адначасова вайскоўцы штурмавалі парлямэнцкі будынак.

Згодна з Канстытуцыяй Паўднёвай Карэі, прэзыдэнт пасьля галасаваньня павінен адмяніць свой указ. Да адмены заклікалі лідэры кіроўнай і найбуйнейшай апазыцыйнай партыяў. Прадстаўнікі паўднёвакарэйскага войска заявілі, што ваеннае становішча дзейнічае да таго часу, пакуль яго не адменіць прэзыдэнт краіны Юн Сок Ёль. Ён рашэньне парлямэнту яшчэ не камэнтаваў.

Пасьля галасаваньня за рэзалюцыю вайскоўцы пакінулі будынак парлямэнту, паведамляюць Yonhap і YTN. Дэ-факта ваеннае становішча не выконваецца. Перад будынкам парлямэнту працягваюць зьбірацца прыхільнікі дэпутатаў, гледачы і блогеры, мэдыя не цэнзуруюцца, урадавыя ведамствы паведамляюць, што працягнуць раніцай звычайную працу.

Бліжэй да 2-ай гадзін ночы ў Сэуле пачаліся пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі і арышту прэзыдэнта Паўднёвай Карэі.

МЗС Беларусі адрэагавала на сытуацыю ў Паўднёвай Карэі

МЗС Беларусі паведаміла, што амбасада Беларусі ў Паўднёвай Карэі «сочыць за сытуацыяй», і заклікала грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў краіне, «захоўваць спакой, выконваць меры засьцярогі і патрабаваньні ўладаў Рэспублікі Карэі», а таксама настойліва параіла «ўстрымацца ад удзелу ў якіх-небудзь масавых мерапрыемствах».

У выпадку трапляньня ў экстрэмальныя абставіны беларусаў просяць зьвяртацца па тэлефоне амбасады: +82-10-9912-1796.

  • 3 сьнежня Юн Сок Ёль абвясьціў у краіне ваеннае становішча. Рашэньне было прынятае пасьля спробаў найбуйнейшай апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Паўднёвай Карэі абвясьціць імпічмэнт ключавым урадавым чыноўнікам. У тэлезвароце Юн заявіў, што апазыцыя паралізавала працу ўраду, а ваеннае становішча дапаможа захаваць у краіне канстытуцыйны парадак.
  • Лідэр Дэмакратычнай партыі назваў рашэньне прэзыдэнта антыканстытуцыйным і накіраваным супраць інтарэсаў грамадзтва. Партыя заклікала заканадаўцаў сабрацца каля будынку парлямэнту. Уваход у будынак і выхад зь яго ўжо заблякавалі.
  • Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі склікала нараду ключавых камандзіраў, загадаўшы вайскоўцам знаходзіцца ў стане надзвычайнай гатоўнасьці. Паведамляюць пра вайсковую тэхніку на вуліцах Сэула.
  • Загад аб ваенным становішчы перадае вайскоўцам кантроль над СМІ, забараняе страйкі і любыя сходы, якія «спрыяюць сацыяльным беспарадкам». Пры ваенным становішчы, згодна з паўднёвакарэйскім законам, уводзяцца ў дзеяньне надзвычайныя ваенныя суды з паскоранай працэдурай разгляду спраў, абмежаваным правам на абарону і немагчымасьцю абскардзіць рашэньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG