Перапрашэньні зь Вільні
Міністар юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус неўзабаве пасьля арышту Бяляцкага паведаміў, што зь Вільні ў Менск за 2010–11 гады была выдадзеная банкаўская інфармацыя на 400 беларусаў, але з апазыцыі ў іх лік трапілі толькі Бяляцкі і Стэфановіч:«Дзякуй Богу, што іншых падобных інцыдэнтаў нібыта ўдалося пазьбегнуць. Міністэрства юстыцыі не перадавала ніякіх іншых зьвестак пра магчымых дысыдэнтаў і праваабаронцаў».
Рэагуючы на скандал, улады Літвы выказалі жаль і папрасілі прабачэньня ў Бяляцкага і ягонай сям’і. 5 жніўня, на наступны дзень пасьля арышту Алеся, Мін’юст Літвы на знак пратэсту прыпыніў аказаньне прававой дапамогі ўладам Беларусі.
Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс назваў выпадак зь Бяляцкім «сплянаваным выпадам недэмакратычных сілаў у адказ на нашу падтрымку апазыцыйным рухам у Беларусі, якая значна павялічылася ў апошнія гады». Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас перадаў Натальлі Пінчук выбачэньні ад ураду Літвы ў сувязі з выдачай дакумэнтаў, якія прывялі да арышту яе мужа. Багдонас заявіў, што афіцыйны Менск падступна выкарыстаў інструмэнты двухбаковага прававога супрацоўніцтва для перасьледу сваіх апанэнтаў.
…і з Варшавы
Натальлю таксама запрасілі ў Варшаву, дзе кіраўніцтва Сэйму Польшчы папрасіла прабачэньня за інцыдэнт.
Польскі міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі першым з урадоўцаў папрасіў прабачэньня за выдачу дакумэнтаў на Бяляцкага:
«Прашу прабачэньня ад імя Рэчы Паспалітай. Заганная памылка насуперак засьцярогам МЗС. Падвоім намаганьні дзеля дэмакратыі ў Беларусі», — напісаў ён у сэрвісе Twitter.
29 лістапада ў Познані на Форуме грамадзянскай супольнасьці краін Усходняга партнэрства Эўразьвязу Радаслаў Сікорскі абяцаў, што Польшча возьме ўдзел у кампэнсаваньні канфіскаванай маёмасьці Бяляцкага.
Генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сарэмэт пацьвердзіў, што засьцярогі ягоным падначаленым наконт магчымых запытаў з боку беларускіх уладаў пра рахункі апазыцыянэраў сапраўды былі. На жаль, іх праігнаравалі, прызнаў Сарэмэт.
Вінаваты ва ўчыненым кіраўнік аддзелу міжнародных дачыненьняў Офіса генэральнага пракурора Польшчы Кшыштаф Каршніцкі пасьля скандалу звольніўся сам, ягоную намесьніцу Анну Вісьнеўскую, якая падпісала дакумэнты на Бяляцкага для перадачы іх у Менск, звольніў Сарэмэт. Паводле ягоных словаў, зь Менску ў Варшаву ў 2011 годзе прыйшло два запыты на выдачу банкаўскай інфармацыі на апанэнтаў улады — зь Менску пыталіся пра рахункі яшчэ аднаго апазыцыянэра, але таго Польшча ня выдала. Хто гэта быў, пракурор не паведаміў, як і не сказаў, якім крытэрам карысталіся ягоныя чыноўнікі, выдаючы аднаго і захоўваючы ў таямніцы інфармацыю на іншага.
У сваім адказе працоўнай групе ў справе Беларусі пры аб’яднаньні няўрадавых арганізацыяў Grupa Zagranica ад 8 верасьня 2011 году Анджэй Сарэмэт напісаў, што апублікаваць сьпіс беларускіх грамадзян, адносна якіх Польшча выканала аналягічныя запыты беларускага боку, не дазваляе польскі закон 1997 году аб ахове асабістых зьвестак. «Аналіз выкананых запытаў не дае падставаў для думкі, што перададзеная інфармацыя магла б спрычыніцца да палітычна матываваных рэпрэсіяў супраць дзеячоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі… Былі зробленыя арганізацыйныя дзеяньні, якія прадухіляюць падобныя памылкі ў будучыні», — запэўніваў спадар Сарэмэт.
1 верасьня генэральны пракурор Польшчы пастанавіў спыніць дзеяньне пагадненьня зь Беларусьсю аб спрашчэньні працэдуры прававой дапамогі ў крымінальных справах, якое было падпісанае ў 2002 годзе. Згодна з гэтым пагадненьнем рэгіянальныя беларускія пракуратуры маглі непасрэдна зьвяртацца ў аналягічныя польскія органы. Праз 6 месяцаў пасьля афіцыйнага паведамленьня на адрас Менску (гэта тэрмін, які фармальна патрабуецца для выхаду з дамовы) такая магчымасьць зьнікла. Усе запыты ў адпаведнасьці зь беларуска-польскай дамовай аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах ад 1994 году павінны праходзіць праз Генэральную пракуратуру Польшчы і будуць паводле рашэньня Сэрэмэта «жорстка кантралявацца і правярацца».
Запэўніваньні чыноўнікаў у Вільні і Варшаве, што яны не разумелі, на каго выдаюць інфармацыю, гучалі непераканаўча. Калі яны і ня ведалі асабіста, хто такі Бяляцкі, то не маглі не зьвярнуць увагі, што ў саміх банкаўскіх раздрукоўках, якія яны перасылалі ў Менск, былі пазначаныя праваабарончыя мэты пераводаў і што грошы прыходзілі ад міжнародных праваабарончых цэнтраў.
Магчыма, сапраўды дзейнічаў руцінны бюракратычны мэханізм перадачы зьвестак, пад які падпалі сотні розных людзей. Але пасьля 19 сьнежня 2010 году Мін’юст Літвы і Генпракуратуру Польшчы папярэджвалі, што да падобных запытаў зь Менску трэба ставіцца абачліва. Чыноўнікі праігнаравалі гэтыя папярэджаньні, парушылі свае ўнутраныя інструкцыі і патрабаваньні тых самых міждзяржаўных дамоваў аб прававой дапамозе. Выявілася, што бюракратычныя мэханізмы дзейнічаюць незалежна ад палітычных, што заявы Вільні і Варшавы з асуджэньнем менскага рэжыму і словы салідарнасьці зь беларускай дэмакратыяй для літоўскай і польскай бюракратыі нічога ня значаць.
Чыноўнікі й да сваіх грамадзян ставяцца не заўсёды ўважліва, а тут чужы дысыдэнт…
Польскі журналіст Цэзары Галіньскі мяркуе, што, хутчэй за ўсё, карупцыйных матываў ці палітычнай замовы ў выдачы Бяляцкага не было:
«Я схільны да думкі, што выдача Польшчай дакумэнтаў на Бяляцкага — гэта была памылка, выкліканая тупізной польскіх чыноўнікаў. Наагул палякі зь вялікай павагай ставяцца да праблемаў правоў чалавека, яны тут маюць матыў свайго гістарычнага доўгу: як калісьці мы атрымлівалі дапамогу з Захаду для пабудовы дэмакратыі ў нашай краіне, так хочам цяпер дапамагаць нашым суседзям. Але гэта застаецца на ўзроўні дэклярацыяў і добрых пажаданьняў. Калі гэтыя дэклярацыі сутыкаюцца з рэаліямі, з чынавенствам і бюракратыяй, то, на жаль, гэта атрымліваецца не на карысьць прынцыпаў салідарнасьці».
Нягледзячы на перапрашэньні, Польшча і Літва моцна сапсавалі свой міжнародны імідж. Амэрыканскія аналітыкі з цэнтру Stratfor прызналі, што выдача канфідэнцыйнай інфармацыі пашкодзіла рэпутацыі Польшчы і Літвы як прытулку беларускай апазыцыі.