Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XVI. Падатковая вайна з апазыцыяй


Будынак падатковай інспэкцыі Першамайскага раёну Менску. Тут складалі акты на Бяляцкага
Будынак падатковай інспэкцыі Першамайскага раёну Менску. Тут складалі акты на Бяляцкага
Наступныя сьведкі абвінавачаньня — дзьве чыноўніцы з падатковай інспэкцыі Першамайскага раёну: намесьніца начальніка Тамара Шамкуць і супрацоўніца Анжаліка Собалева. Яны рыхтавалі матэрыялы для прыцягненьня Бяляцкага да крымінальнай адказнасьці. Іх роля ў гэтай справе збольшага тэхнічная — ім перадалі атрыманыя Мін’юстам Беларусі раздрукоўкі з польскага і літоўскага банкаў і загадалі зрабіць адпаведныя падлікі і скласьці адпаведныя акты. Даволі фармальна іх і дапыталі на папярэднім сьледзтве ў ДФР. Адвакат Зьміцер Лаеўскі запытаў, чаму адказы Собалевай і адказы Шамкуць падчас папярэдняга сьледзтва супадалі цалкам — «ажно да граматычных памылак». На судзе ні Собалева, ні Шамкуць не змаглі патлумачыць, чаму так сталася.

Інспэктар Собалева ведае Бяляцкага як падаткаплатніка ад 2008 году, калі атрымала даручэньне зь Міністэрства падаткаў і збораў запатрабаваць ад Бяляцкага дэклярацыю аб даходах і расходах з 1994 па 2008 год.

У той час прайшла цэлая хваля такіх праверак у апазыцыйных палітыкаў, праваабаронцаў, незалежных журналістаў — усіх, каго можна было падвесьці пад катэгорыю неляяльных да ўлады. Лукашэнка і афіцыйныя СМІ абвінавачвалі апазыцыю ў тым, што яна нідзе не працуе, а соладка жыве на замежныя гранты. Многія апазыцыйныя дзеячы сапраўды ня маюць сталага месца працы, але не таму, што ня хочуць, а таму, што іх пазвальнялі, карыстаючыся кантрактнай сыстэмай, пазакрывалі іх арганізацыі і газэты. Часьцяком чалавека з «кляймом» апазыцыянэра не бяруць на працу. «Вясьне» даводзілася бараніць многіх такіх людзей, якія мусяць выжываць у складаных умовах, і дзякаваць замежным дабрачынным арганізацыям за дапамогу і супольныя праекты.

Ніхто зь іх не жыве ў палацах. Катэджы ў Драздах і ў іншых «царскіх сёлах» належаць ня ім. Гэта і выявіла ўсеагульная падатковая праверка апазыцыі 2008 году. Не знайшлі тады нічога звышнатуральнага і ў праваабаронцы Бяляцкага, ягоныя даходы і расходы практычна супалі — розьніца за 14 правераных гадоў склала 33 даляры, кажа Валянцін Стэфановіч.

Бяляцкі падчас працэсу запытаўся ў Собалевай, якія ў 2008 годзе былі падставы для той вялікай комплекснай праверкі ягоных даходаў і выдаткаў. Собалева адказала, што ня мае права ацэньваць распараджэньні начальства, але прызнала, што ў 2010 годзе заданьне на «распрацоўку» Бяляцкага даваў ДФР. Прызнаць, што заданьне было з КДБ, яна адмовілася.

Перад тым, таксама ў 2010 годзе, падаткоўцы на даручэньне Міністэрства падаткаў і збораў ужо разьлічвалі даходы і расходы Бяляцкага — і зноў не знайшлі перавышэньня. Сьведка Собалева прызнала, што Бяляцкі з уласнай ініцыятывы падаваў дэклярацыі за 2008–2010 гады, дзе паведамляў таксама і пра прыбыткі, атрыманыя ім за мяжой.

Собалева сказала ў судзе, што пры складаньні актаў, пасьля таго як паступілі банкаўскія зьвесткі на Бяляцкага зь Літвы і Польшчы, яна кіравалася простым правілам: любыя сумы, атрыманыя грамадзянінам на свой рахунак за мяжой, лічацца ягонымі прыбыткамі, нягледзячы на тое, ці сам ён іх выкарыстаў, ці аддаў трэцяй асобе або патраціў на друк кніг там жа, за мяжой. Сьведка зазначыла, што каб інспэкцыя не залічыла атрыманыя сумы ў даходы, грамадзянін павінен сам падаць адпаведныя даведкі, а гэтага Бяляцкім зроблена не было. Пры гэтым Собалева патлумачыла суду, што акты пра падатковыя парушэньні Бяляцкага могуць быць пераробленыя, калі зьявяцца дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што атрыманыя сумы не былі ягонымі прыбыткамі.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Бяляцкі не лічыў гэтыя грошы сваім даходам і таму не дэкляраваў іх і не падаваў даведак, пра якія казала інспэктар Собалева. Калі ж супраць яго была заведзеная крымінальная справа, то цяжар пошуку доказаў, якія абвінавачваюць альбо апраўдваюць абвінавачанага, паводле КПК быў ускладзены на сьледчыя органы. Да таго ж, седзячы ў ізалятары, Бяляцкі ніякіх дакумэнтаў сабраць ня мог», — ацэньвае словы Собалевай юрыст Валянцін Стэфановіч.

Адвакат ня раз пісьмова (і гэта ёсьць усё ў матэрыялах справы) хадайнічаў перад сьледзтвам, каб яно запатрабавала зьвесткі ў арганізацый, якія сьледзтва лічыць крыніцай прыбытку. Але яму было адмоўлена.

Тым ня меней такія дакумэнты і сьведчаньні ў распараджэньні суду былі. Прынамсі, яны былі ў матэрыялах справы. Ды і ў банкаўскіх раздрукоўках, на якіх грунтаваліся і акты Собалевай, і матэрыялы крымінальнай справы, былі паказаныя пераводы грошай з рахунку Бяляцкага «трэцім асобам», у тым ліку беларускім праваабаронцам. Гэтыя факты, згодна з Падатковым кодэксам, выводзяць пералічаныя сумы з падаткаабкладанай базы. На гэтым настойваў адвакат, але на гэта не зьвярнулі ўвагі ні падатковая інспэкцыя, ні сьледзтва, ні суд.

«Пракурор і судзьдзя не далі прававой ацэнкі гэтым фактам, і ў выраку яны былі праігнараваныя», — сьцьвярджае Стэфановіч.

Магчыма, праблема ў тым, што зьвесткі ў банкаўскіх дакумэнтах да пачатку працэсу заставаліся неперакладзенымі з замежных моваў. У запісах, якія суправаджалі грашовыя пераводы, якраз і былі тлумачэньні мэтаў, зь якімі пералічваюцца грошы. Але сьледзтва не перакладала гэтыя запісы.

У часе працэсу інспэктар Собалева так і не змагла прачытаць назвы арганізацыяў, адкуль прыходзілі грошы. Памучыўшыся некалькі хвілін, яна прызналася: «Мовы я ня ведаю… Я вывучала нямецкую».

Камэнтуючы банкаўскія раздрукоўкі ў судзе, падатковы інспэктар Собалева блыталася і ў тым, ад каго паступілі грошы: ці ад «Вясны», ці «Вясьне», ці прыйшлі на рахунак, ці пайшлі зь яго. Яе арытмэтыка была простая: усе паступленьні грашовых сродкаў на рахункі Бяляцкага яна разглядала як даходы, а графы, у якіх пазначалася пералічэньне грошай з рахунку, пры праверцы пад увагу ня браліся.

Тамара Шамкуць апавядае пра справу Бяляцкага па БТ
Тамара Шамкуць апавядае пра справу Бяляцкага па БТ
Акты, напісаныя Собалевай, былі зацьверджаныя яе начальніцай Тамарай Шамкуць. Тая пацьвердзіла ў судзе лёгіку і арытмэтыку сваёй падначаленай: усе прыбыткі, атрыманыя з-за мяжы, абкладаюцца падаткамі, калі няма дакумэнтаў пра льготы; а калі грошы атрыманыя не для сябе, то плацельшчык павінен прадставіць адпаведныя дакумэнты, дамовы, даручэньні: «Падатковы кодэкс не апэруе такімі паняцьцямі, як грант, фінансавая дапамога. Для нас гэта такія самыя даходы».

«Суд, як і сьледзтва, з самага пачатку меў абвінаваўчы ўхіл, ён не дасьледаваў або не прымаў да ўвагі фактаў, якія апраўдваюць падсуднага. Суд ня быў накіраваны на тое, каб выявіць ісьціну, а проста выконваў заданьне засудзіць праваабаронцу. У гэтым, сярод іншага, праявіўся палітычны характар працэсу Бяляцкага», — перакананы Валянцін Стэфановіч.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG