Як перамагаць?

Сяргей Дубавец

Па вялікім рахунку, перамагчы – ня зьнішчыць, а дабіцца таго, чаго не стае. Мне, да прыкладу, у цяперашняй сыстэме не стае людзкасьці й прафэсіяналізму. Тут і свабода слова і справядлівы суд, павага чалавечае годнасьці й пашана да папярэднікаў і, само сабой, беларушчына.

Даўно пераканаўся ў той быццам абстрактнай формуле: хочаш палепшыць сьвет – палепшы самога сябе. Цяпер возьмем наша незалежнае грамадзтва – тых, каму аўтарытарны рэжым найбольш намуляў несвабодамі, несправядлівасьцямі й антыбеларушчынай. Ня трэба доўга вывучаць сытуацыю, каб пераканацца, што крыніца ўсяго, што так раздражняе й ятрыць незалежнае грамадзтва, знаходзіцца ня толькі звонку яго, але і ў ім самім. За мінулыя пятнаццаць гадоў яно быццам захварэла на тыя самыя хваробы, што і аўтарытарызм, а іншым разам наўпрост падобнае да яго як люстэркавы адбітак.

Вось вам чалавечая годнасьць і справядлівы суд. Дзе сёньня найлепей відаць незалежнае грамадзтва? Слушна, у інтэрнэце. Паглядзіце, колькі нянавісьці абрынаюць адзін на аднаго змагары з аўтарытарызмам! Прычым, нянавісьць нічым не матываваная, у ёй чытаецца матыў зьнішчэньня – я хачу, каб цябе не было!

А вось – цэнзура. За рэдкім выключэньнем на незалежных сайтах няма прэмадэрацыі. Ну, што ж, трэба пільнаваць мацюкі. Але ня толькі. Сайты пільнуюць, каб, крый божа, не прайшло таго, што можна трактаваць як абразу гонару і годнасьці... не, не чалавека. Чыноўніка. Бо чыноўнік не пацерпіць навету й агавору і зараз пацягне рэдакцыю ў суд. А вось усе астатнія – прадстаўнікі незалежнага грамадзтва – па поўнай праграме атрымліваюць сваю бочку арыштантаў -- наветаў і агавораў, прыніжэньня гонару й годнасьці. І такія рэчы рэдакцыі, як правіла, не адмадэроўваюць. Іншы раз назіраеш поўнае зьдзічэньне нораваў. Дзе? У найбольш прасунутым незалежным грамадзтве.

Ваявалі самі з сабой...

Натуральна, вялікую долю бруду ўносяць ува ўсё гэта супрацоўнікі адмысловых службаў. Але маем мноства прыкладаў, калі ў гэты хор дадаюцца галасы людзей, нібыта, з твайго лягеру.

Вось шаноўны Анатоль Сідарэвіч разразіўся ў сваім дзёньніку ў сеціве артыкулам у мой гонар пра тое, што я заклікаю да супрацоўніцтва з рэжымам. Гаворка ішла пра мой водгук на сьмерць лідэра віленскіх беларусаў Лявона Мурашкі. Зь Сідарэвічам мы не адзін год ведаемся, і ягоны тэкст мусіў быць запытам да мяне, маўляў, ці трэба трактаваць твае словы як заклік да супрацоўніцтва з рэжымам? Натуральна, мой адказ быў бы адмоўным. І мы абмеркавалі б той мэханізм суперніцтва з рэжымам, які я прапаную – кантактнай барацьбы замест цяперашняга бою зь ценем. Але тэкст Сідарэвіча – як вэрдыкт. Маўляў, трэба прыпячатаць і ўсё. Спробы завесьці гутарку ў жывым часопісе майго крытыка выніку не далі. А пра што гаварыць, калі я “ўбіваю ў галовы чытачоў ідэю прымірэньня” Сідарэвіча з рэжымам... Ён сваё сказаў і застаўся сабою задаволены.

Шчыра скажу, што мною рухае ніяк не патрэба сатысфакцыі, а самае простае зьдзіўленьне. Калі пятнаццаць гадоў мы сядзелі ў глухой абароне, якую самі сабе й прыдумалі, няўжо няма ніякага жаданьня пераправерыць іншыя варыянты паводзінаў? Хто і што выйграе ад таго, што ты вось такі й ні на каліва зьмяніцца не жадаеш? Бо не жадаеш перамагчы, бо замест прагі перамогі ўспрыняў пазыцыю – мая перамога ў тым, што я вось такі нязьменны, а гэта значыць, што яна ўжо здабытая.

Ты ня можаш пагадзіцца з тым, што твой народ зьмірыўся з тым парадкам рэчаў, які ёсьць, а рэжым стварыў такія ўмовы, каб народ мог з гэтым зьмірыцца? Але ты маеш справу з дадзенасьцю. І тут або або. Або ты ствараеш рэвалюцыйную сытуацыю і падымаеш народ на зьмену ўлады, альбо ін’ектуеш у дадзенасьць свае ідэі й паняткі, безь якіх ня можаш уявіць вобразу сваёй краіны. Але калі ты ані робіш рэвалюцыю, ані інтэгруеш свае ідэі ў народ, значыць ты адбіўся ад часу, ад эпохі і знаходзіш сваю мэту ў кулюарным змаганьні з сабе падобнымі.

Абразіць -- проста

Гэта гісторыя з фактамі. А колькі ахвочых проста абразіць, мімаходзь сказануць гадасьць. І чым, скажыце, гэты слоік з павукамі лепей за афіцыёз? Суды ня могуць бараніць гонару й годнасьці прадстаўніка незалежнага грамадзтва, дык такія паняткі перастаюць існаваць у самім гэтым грамадзтве. Але каб сьцьвярджаць гэтыя паняткі, ніякіх судоў ня трэба. Гэта мусіць быць у крыві незалежнага грамадзтва – як яго ўнутраная праграма. Бо гаворка ідзе не пра перамогу Цюцюкевіча над Лукашэнкам, а менавіта пра перамогу чалавечнасьці над бесчалавечнасьцю.

Тое самае з прафэсіяналізмам і зь беларушчынай. Ці можаце вы сказаць, што незалежнае грамадзтва больш маральнае, прафэсійнае й беларускае, чым аўтарытарны рэжым? Гаворка ідзе пра характарыстыкі, уласьцівасьці, рысы. Калі шчыра, я так сказаць не магу. Незалежнае грамадзтва ператвараецца ў крывое люстэрка тых заган, якія мы традыцыйна лічым рысамі аўтарытарнага рэжыму. Цэнзура, хамства, патаптаньне чалавечае годнасьці, змаганьне зь беларушчынай (зірніце, колькі вакол рэвізіяністаў самой нацыянальнай ідэі, прычым рэвізуюць бяз мэты стварыць нешта новае, а так, са злосьці) – вось дамінанты незалежнага грамадзтва ў той прасторы, дзе яно пачуваецца вольна – у інтэрнэце.

Але ці патрэбная каму такая ўлада і такая прэса толькі таму, што яна супраць улады цяперашняй?

Імідж Беларусі

Пра сёньняшнія дзяржаўныя праграмы паляпшэньня іміджу краіны пішуць і кажуць шмат. З тэлеэкрану відаць, што займаюцца гэтым хаатычна й часта непрафэсійна. Апазыцыя расцэньвае гэтыя высілкі як спробу падправіць імідж “апошняга дыктатара Эўропы”. Разам з тым, нельга не заўважыць, што падобныя працэсы адбываюцца ўва ўсіх постсавецкіх і посткамуністычных краінах. І, што самае істотнае, паўсюль ідзе пэўная перазагрузка вобразу краіны й нацыі, давядзеньне іх да фармату новага часу й стандартаў эўраінтэграцыі. Прычым як там будзе з інтэграцыяй – другое пытаньне. Першае – якімі мы будзем самі для сябе, дакладней, што ў новым іміджы ад нас застанецца, а што будзе адкінута.

У суседняй Літве ўжо ня першы месяц доўжыцца скандал. На імідж краіны выдаткавана 600 тысяч бюджэтных літаў (больш за 200 тысяч даляраў). За гэтыя грошы створана гандлёвая марка краіны, якую ніхто ня хоча зацьвярджаць і выкарыстоўваць, а таксама прыдуманы слоган “Літва – сьмелая краіна”. Слоган абышоўся ў 60 тысяч літаў і таксама нешта нікому не падабаецца. Займаюцца іміджам пераважна асы гэтай справы, нанятыя за мяжой. Пры гэтым паўсюдна зьменшылася фінансаваньне літоўскай культуры, а драматычны тэатар у Клайпедзе ці то на мяжы закрыцьця ці то ўжо спыніў сваё існаваньне. Няма грошай. Грамадзкасьць наладзіла збор сродкаў на выжываньне славутага баскетбольнага клюбу “Жальгірыс”, які таксама апынуўся на мяжы. Курорты Палангі б’юць трывогу – хто сёлета будзе набываць бурштынавыя пацеркі, калі створаны візавы заслон для турыстаў зь Беларусі ды іншых постсавецкіх краін?..

Аўтарытэтныя дзеячы культуры задаюцца пытаньнем – а хіба імідж Літвы – гэта не тэатар, баскетбол і бурштын? Прынамсі, для саміх літоўцаў гэта так. А хіба можна стварыць сабе такі імідж, які б быў прымальны для навакольля, але незразумелы табе самому?

Гэты прыклад Літвы моцна нагадвае тое, што адбываецца ў нас у Беларусі. Праўда, у нас гэта ўсё робіцца яшчэ й па-расейску, у ранейшым каляніяльна-савецкім стылі.

А можа, ня трэба так моцна пераймацца стандартамі глябалізацыі і проста болей фінансаваць сваю ўласную культуру. Бо імідж краіны ў сьвеце ствараюць найперш дасягненьні яе людзей – пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў.

Надоечы выпала мне ўбачыць прэм’ерны паказ новага фільма Ўладзімера Коласа “Дзёньнік “Народнага альбому”. Папярэдні твор гэтага рэжысэра “Галерэя Ады” быў прызнаны лепшым эўрапейскім дакумэнтальным фільмам мінулага сэзону. А яшчэ ранейшым праектам Коласа быў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньня рэжысэр пра свае колішнія амбіцыі кажа журналістам: Трэба рабіць тое, што ў цябе найлепей атрымліваецца.

(Дарэчы, апазыцыйнае існаваньне, пазбаўленае шанцаў на перамогу, спараджае шмат у каго ілюзію, што ты й робіш тое, што ў цябе найлепей атрымліваецца, гэта проста абставіны такія, а значыць і задавацца такім пытаньнем ня варта.)

Перамога на фэстывалі беларускага кінарэжысэра – гэта, вядома, не зусім перамога над рэжымам, але перамога Беларусі, тое, што ўпісваецца ў яе заўтрашні вобраз.