Мастак Валодзя Голуб езьдзіць па галерэях і захапляецца творамі старых майстроў: Вэрмэер выглядае як учора напісаны! Раней і зэдлік рабілі на вякі, а сёньня ўсё, што ні робіцца – дачаснае. Тры-пяць гадоў – і мяняй імбрык, пралку, тэлевізар. Шафы, зэдлікі, сталы маюць тэрмін прыдатнасьці. Як масла ці тварог. Ды што казаць, будынкі, архітэктура, нават ляндшафты – усё часовае, не разьлічанае на вечнасьць ці хоць бы на ўнукаў.
Наш час не пакіне антыкварыяту.
І вялікіх твораў мастацтва – таксама. Нобэлеўскія прэміі ў літаратуры даюцца не за творы, а за праекты. Каго ні чытаў з апошніх ляўрэатаў – мог і не чытаць. Ні розуму, ні сэрцу.
Расейскі архітэктар старое школы выказаў думку, што цяперашнія дамы (у сэнсе – будынкі) пазбаўленыя цела. Дамы-пакункі. Тое самае ў мастацтве й літаратуры (тое ж, між іншым, і ў палітыцы). Праекты не становяцца творамі, бо сама іх сутнасьць застаецца на раскрэсьленым ватмане. І ўсё. Канец фільма.
Пад праекты знаходзіцца фінансаваньне. Дачасныя зэдлікі развальваюцца ў нішто адразу, як толькі “асвоены сродкі”. Але ад праектаў не нараджаюцца дзеці, і дзецям ад іх не застаецца нічога.
Нават такую кансэрватыўную сфэру, як беларуская літаратура, мутацыя ў праекты працяла амаль да донца. І старыя і малыя пішуць хлёстка, зло або сьмешна, мы сьмяемся ці плачам ці гневаемся разам зь імі, але толькі на момант прачытаньня тэксту. Далей – мог бы й не чытаць...
Выгнаньне аўтара
Рэч у тым, што выканаўца праекту – ня аўтар, а толькі імітатар твора. Ён накрэсьлівае на паперы “ідэю дома”, будаваць які ніхто ня будзе. Імітатар у нашым праектным сьвеце заняў месца Вэрмеера, аўтара.
У часопісе крытык абураецца тым, што новая кніга Ніла Гілевіча выйшла накладам 100 асобнікаў. Пры гэтым – за грошы аўтара, таго самага, што заўсёды чытаўся ў Беларусі безь перабольшаньня -- масава.
Можа быць, народны пісьменьнік “не ўпісаўся ў рынак”? Дакладней -- Ніл Гілевіч папаў у праектны пераплёт. Да грошай чытачоў, якія, думаю, ня менш масава, чым заўсёды, куплялі б яго новую кнігу, яго не дапускае ўлада. Што да рынку, дык яго няма. Прычым ні ў якой сфэры. Ёсьць карпаратыўны дзялёж грантаў, куды не дапускаюць Гілевіча гэтаксама, як назіральніка за выбарамі не дапускаюць да падліку галасоў, затуліўшы стол зь бюлетэнямі шчыльным шэрагам сьпін. Гранты ідуць на “праекты”, а па-сутнасьці -- проста кормяць пэўную карпарацыю, што не дае ані плёну ніякага, ані выніку.
Трыюмф сьмецьця
Нехта назваў наш “стабільны” час часам сьмецьця. Трэш – папулярны “кірунак” у літаратуры, палітыцы, жыцьці.
Большасьць Гілевічавых калег у разгубленасьці. Іншыя з усіх сіл стараюцца адпавядаць сытуацыі, пісаць тое й так, што й як у гэтых умовах можа і накарміць, і прынесьці вядомасьць. Але нашто майстру рабіць дачасныя зэдлікі? Калі ўсе аўтары прагнуцца пад гэты “цякушчы пэрыяд”, заўтра ня будзе каму знайсьціся ў новым часе, калі зноў стане важным не праект, а твор, не рыштаваньні, а цела архітэктуры, ня будзе каму самой наяўнасьцю сваёй зьмяніць умовы гульні, у якіх аўтар стаў падчарам і фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу. Засталіся сродкі ад “асваеньня сродкаў” – можна й аўтару нешта заплаціць.
Эх, былі ж некалі часы, калі выдавец аўтару кнігу -- замаўляў. Пад тое выдаваўся аванс. Выдавец разумеў, што аўтар можа тыя грошы пражыць, прагуляць у рулетку, прапіць. Аднак рызыка апраўдвалася тым, што калі кніга ўсё ж напішацца й выйдзе з друкарні, усе выдаткі пакрыюцца з коптурам.
У старым сьвеце, між іншым, і ў гэтым праектным часе захоўваюць тую герархію дачыненьняў, бо разумеюць, што, страціўшы такую герархію, страціш і шанец выйсьці з гэтага бясплённага часу. Кажучы словамі Гілевіча, “перажыўшы вайну”. Калі ж бы людзі ўспрынялі вайну не як нешта дачаснае, а як нейкую своеасаблівую стабільнасьць, яны б ніколі не дачакаліся яе канца.
Заўтра пачнецца зь вяртаньня аўтара. Калі ўсе астатнія ўдзельнікі працэсу канчаткова занудзяцца ў сваёй пустаце. І калі сам аўтар сёньня канчаткова не ператворыцца ў праектанта. Праекты – усяго толькі пражэкты. У літаратуры, палітыцы, жыцьці.
Хто можа, рабеце вечныя зэдлікі і не аддавайце іх “за нішто”, бо гэта не красьлюнкі на ватмане, а тое, што некалі стане антыкварыятам нашага часу.