Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як верыць?


Насамрэч ня мы выбіраем веру, а яна нас. Мы можам выбраць царкву, і зусім не абавязкова наш выбар канфэсіі супадзе з той верай, якая выбрала нас.

Вера – рэч патаемная. Пра гэта трапна сказаў Сталкер, калі тлумачыў, чаму павесіўся Іглапуд. Ён у Зону пайшоў за брата прасіць, а яго грашыма заваліла. Бо ў Зоне толькі патаемныя жаданьні збываюцца.

Так і тут. Адна рэч – вера, і зусім іншая – царква. Бо наша царква – гэта наш (ці бацькоў) выбар ці ня выбар. І як усё, што створана чалавекам, царква можа служыць добрай справе, а можа й нядобрай. Калі яна здымае з душы цяжар, настройвае на мэдытатыўны лад, злучае малую душу з сэнсам сусьвету, калі служыць захаваньню традыцыі, культуры і роднае мовы, ніхто ня скажа, што гэта дрэнна. Але калі царква яўна ці няяўна маніпулюе табою з палітычнымі мэтамі на карысьць іншай дзяржавы і на шкоду тваёй, чаму ты павінен пра гэта маўчаць? Бо “вера – інтымная справа кожнага”?..

Вернікі-закладнікі

Беларускае праваслаўе, што так натхнёна спрабавала паўстаць пасьля развалу СССР, сагравалася надзеяй, што адродзіцца мова ў царкве, царкоўная спадчына ВКЛ, адметная беларуская архітэктура храмаў. За дваццаць гадоў гэтыя надзеі ня спраўдзіліся. І калі мы сёньня кажам пра пагрозу незалежнасьці, якая сыходзіць ад Расеі, дык Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ўжо “там”, ужо ў Расеі, ужо структурнае падразьдзяленьне РПЦ.

А РПЦ і не хавае, што яна – палітычны інстытут суседняй краіны. Герархі царквы бяруць удзел у фармаваньні замежнай палітыкі сваёй краіны, відочна і невідочна прысутнічаюць за сьпінамі прэзыдэнтаў і ў іх прамовах. Апынуўшыся тут, у Беларусі, ва ўлоньні інстытуту гэтых герархаў, мы вольна або нявольна становімся асновай і праваднікамі палітыкі Крамля. Іх курс – гэта і наш курс.

Вядома, і касьцёл у нас адзначыўся палянізацыйнымі захадамі. Але нашы касьцельныя герархі, прынамсі, не падпарадкоўваюцца польскім герархам, а наўпрост Ватыкану, які нас ані італьянізаваць, ані германізаваць не зьбіраецца. Гэта значыць, касьцёл ня ставіць задачу накінуць нам іншую дзяржаўнасьць, культуру і нацыю. Палянізацыя сёньня – на ўзроўні звычкі ці волі канкрэтных ксяндзоў. А ў РПЦ – усё адназначна. Беларускія храмы спрэс – копіі расейскіх, мова – расейская (беларуская – прыватнае выключэньне), а цяпер яшчэ й палітыка – жорстка ў фарватэры новага крамлёўскага курсу – імпэрыя, веліч, цэнтар сілы...

РПЦ = Крэмль

РПЦ з тым самым накатам, што й Крэмль, імкнецца сьцьвердзіць сябе як цэнтар сілы. І так было заўсёды. Нават за бальшавікамі, калі РПЦ была аслабленая, што дазволіла мітрапаліту Мэльхісэдэку стварыць у Беларусі сваю беларускую царкву, куды перайшоў амаль увесь наш праваслаўны клір, гэтая царква пратрывала гадоў дзесяць, пасьля усе сьвятары былі расстраляныя й сасланыя.

На Беласточчыне вам скажуць, што праваслаўе ўстрымлівае тамтэйшых беларусаў ад асыміляцыі ў палякі. Але ж ня ўстрымлівае! Бо перад абліччам польскага касьцёлу праваслаўе там ня ёсьць беларускай царквою. Гэта ўсё тая ж РПЦ, у задачы якой не ўваходзіць, каб тамтэйшыя беларусы заставаліся беларусамі, а расейцамі ім там станавіцца абсурдна.

РПЦ як цэнтар сілы нават не дапускае існаваньня нейкага іншага сусьветнага праваслаўнага цэнтру ці многіх цэнтраў. Толькі Масква.

“Спробы Канстантынопальскага патрыярха распаўсюдзіць свой уплыў на кананічныя тэрыторыі РПЦ контрапрадуктыўныя”, – кажа кіраўнік замежных сувязяў РПЦ, мітрапаліт смаленскі й калінінградзкі Кірыл. У чым справа? Можа быць, Канстантынопальскі патрыярх спрабуе ўплываць на расейцаў (хоць, здавалася б, усе “ўплывы” тут – аднолькава Хрыстовыя)? Не. Гаворка пра Ўкраіну. Для Крамля яна “пакуль яшчэ” не зусім тое самае, што Расея, а для РПЦ – ужо свая, кананічная прычым тэрыторыя.

Праваслаўе як эспэранта

“Канстантынопальская Царква спрабуе пашырыць свой уплыў у тых краінах, дзе нацыяналістычна настроеныя палітыкі імкнуцца аслабіць уплыў расейскага праваслаўя”. Нацыяналізм тут падаецца як сынонім незалежнасьці. Але Канстантынопаль не накідае ўкраінцам ды іншым ані сваёй нацыянальнай адметнасьці, ані геапалітычнай пазыцыі. Ён не патрабуе, каб яны абтурэчыліся. Яму добра, калі ўкраінскія вернікі застаюцца ўкраінцамі. Ён – проста царква, проста праваслаўе. Як эспэранта, якое можа суіснаваць побач з роднай мовай, не выцясьняючы яе сабою. Што да РПЦ, дык гэта праваслаўе з акцэнтам на слове “расейскае”, а не – праваслаўе.

“Гаворка ідзе пра захаваньне таго духоўна-культурнага сьвету, які можна назваць расейскім сьветам, – кажа мітрапаліт Кірыл. – А гэта панятак ня толькі царкоўны, ня толькі культурны, але, я б нават сказаў, геапалітычны”.

Калі царква з інструмэнту этычнага ператвараецца ў палітычны, гэта ўжо не зусім і царква. Гэта траянскі конь, пятая калёна, што ствараецца ў розных краінах з мэтай распаўсюду ўплываў адной вялікай краіны й нацыі. Для РПЦ мы ўсе, хто наведвае праваслаўныя храмы, найперш ня вернікі, а – частка “расейскага сьвету”. Напэўна, для праваслаўя і ў інтарэсах праваслаўя, проста праваслаўя была б найлепшай сытуацыя зь безнацыянальным цэнтрам, тады ў кожнай краіне маліліся б па-свойму і ніхто б ні на кога не крыўдаваў. Аднак насуперак гэтай простай лёгіцы РПЦ ня толькі не прымае такой сытуацыі, але і ўсімі сіламі змагаецца зь ёй.

“Канстантынопальскі патрыярх, – кажа мітрапаліт Кірыл, – сёньня мае некаторыя прэтэнзіі граць у праваслаўным сьвеце ролю, падобную да ролі рымскага папы ў каталіцкім сьвеце. Мы не павінны гэтага дапусьціць”. Чаму? Бо, на думку герарха, усе адразу між сабой перасварацца і прэстыж праваслаўя ў сьвеце ўпадзе.

Толькі ж таму і сварацца, і прэстыж падае, бо на першым месцы не яднаньне ў Хрысьце й не душа чалавечая, а амбіцыі Крамля і гэты вось – прэстыж.

Як верыць?

Дакладней, куды хадзіць маліцца, якую царкву падтрымліваць? – натуральна, кожны вырашае сам. Адно варта мець на ўвазе, што царква выступае ня толькі ў абліччы прыстанку малітвы й рытуалу, але й як маніпулятар у дачыненьні да паствы. Найгорш, калі гэта адкрыта палітычныя маніпуляцыі з мэтай не да Госпада чалавека прывесьці, а да кесара адной вельмі канкрэтнай вялікай краіны.

Казаць, што царква існуе асобна ад дзяржавы ў нас, дзе яшчэ не сфармаванае грамадзтва, – значыць, сьвядома заплюшчваць вочы на рэальнасьць. Русіфікатары русіфікуюць, палянізатары палянізуюць. І гэта аб’ектыўны працэс – сьвятое месца пустым не бывае. Ці ведаеце вы побач з гэтымі цэрквамі царкву, якая б адназначна – беларусізавала? Пытаньне ня простае, бо беларусізаваць, у адрозьненьне ад русіфікаваць ці нават палянізаваць – у нас страшны грэх, нацыяналізм. Прапаведаваць любоў да беларушчыны – страшны грэх. Сказаць жа, што мы ўсе рускія – ня грэх, а дзяржаўная палітыка.

Беларусы за сваю гісторыю ня раз мянялі канфэсіі, у тым ліку й прымусова, калі прымусова станавіліся часткай іншай краіны. І гэта ніколі не служыла аб’яднаньню нас усіх у адно, а толькі наадварот. Сёньня беларусы моляцца ў розных цэрквах. Іх выбар, калі ён сьвядомы, найчасьцей – цывілізацыйны. І калі ППРБ паўтарае, што “беларусы – праваслаўны народ”, у сэнсе толькі праваслаўны, дык роўна настолькі мы – не народ, роўна настолькі не аб’яднаныя, не сфармаваныя і – кожны сам па сабе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG