Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вільняваць?


Ведаю на Астравеччыне такую суполку – “Вільняр”. Вільняр – ад Вільні. А што вільняр робіць? Вільнярыць, робіць Вільню. “Рабі пільна, і тут будзе Вільня”, -- старая прымаўка, якая лепш за любыя факты кажа нам пра тое, што значыць для беларуса Вільня. Прыклад, арыенцір, “куток жаданьняў”.

Але Вільня ў сэрцы -- вядомая, зразумелая й даступная нам праз усю гісторыю -- каб не згубіцца сёньня, мусіць дапаўняцца Вільняю наяве. Бываць у Вільні, думаць пра Вільню, жыць у Вільні – тое, што я назваў словам вільняваць, -- абавязковая ўмова беларускае нацыянальнае, мэнтальнае, культурнае паўнавартасьці.

Адчужэньне сябе

Чэслаў Мілаш піша, што слова “Вільнюс” у літоўскай мове зьявілася толькі ў 1918 годзе. Да нас яно прыйшло праз расейскую, дакладней, савецкую. Але для расейцаў, як і для палякаў, аддзяленьне Вільні не было перарэзанаю аортай усяго тысячагадовага духоўнага працэсу. Ім Вільня – страта каму дарагая, каму надзвычай дарагая, але не сьмяротная.

Тое, што Вільня ўпершыню за ўсю нашу гісторыю апынулася за мяжою, -- гэта выпрабаваньне беларускае тоеснасьці, якое можа разбурыць яе, а можа, наадварот, умацаваць. Мы становімся творчымі, калі ў нас ёсьць мара. Калі аблокі над намі складаюцца ў абрысы віленскага барока, калі вочы сьвецяцца так, як сьвяціліся ў нашых віленскіх асьветнікаў і герояў, калі проста думаеш пра тое, каб паблукаць у тых вулках ці пасядзець у кавярні, дзе прыходзіла натхненьне да Багдановіча і Купалы...

Словам, вільняваць -- гэта каб захаваць сваю тоеснасьць, каб жыць зь ёю заўтра, каб яна была ня проста тваёй нацыянальнай прыналежнасьцю, а тваім натхненьнем і жаданаю марай. Зразумела, не для сябе захаваць, каб было, а каб трансьляваць яе супляменьнікам, сябрам, блізкім.

Хто каму патрэбны?

І самой Вільні патрэбная наша прысутнасьць. Гэты спрадвеку мультыкультурны горад зладжаны прыродай і Богам так, каб у ім жылі ўсе – балты, славяне, габрэі, татары... Усе. Ужо ад самага пачатку гэта быў горад-суіснаваньне. Яшчэ да таго, як Гедымін пастанавіў будаваць Вільню. Яшчэ калі гэта была ня Вільня, а Крывы горад, дзе ў пойме ракі гарэў балцкі зьніч, а побач, на гары, стаяў крывіцкі пасад. Тысячу гадоў таму. Колькі за гісторыю ні разбуралі Вільню, колькі ні забівалі яе жыхароў, колькі ні выгарала яна датла, колькі ні мянялася ўлада, усё адно – аднаўлялася Вільня ў сваёй мультыкультурнай сутнасьці.

Шкада, што сёньня вільняваньне многія беларусы ўспрымаюць як эміграцыю – толькі з-за наяўнасьці мяжы. Калі празь дзесяць, дваццаць, пяцьдзясят гадоў мяжа ператворыцца ў фармальнасьць або зьнікне зусім, акажацца, што Вільня -- ніякае не замежжа і што яна захавала сваю сутнасьць калейдаскопу культур, толькі нас там ужо ня будзе, бо сьвятое месца пустым не бывае, і што наша месца заняў нехта іншы.

Далёкае блізкае

У камэнтарах да эсэ з сэрыі “Як?” мне найчасьцей закідаюць тое, што аўтар жыве ў Вільні, за мяжой, у “дальнім”, так бы мовіць, “зарубежжы”, за сьцяной Эўразьвязу.

У 1990 годзе, калі мы канчаткова пасяліліся ў Вільні, быў яшчэ Савецкі Саюз і пра дзяржаўныя межы, якія б падзялілі Беларусь і Літву, ніхто й думаць ня думаў. Адноўленая “Наша Ніва”, дарэчы, таксама пачала выходзіць яшчэ ў СССР. Вільня была для менскае публікі адным з улюбёных месцаў для паездкі на дзень – як у кіно схадзіць. Ведаю шмат людзей, якія ўмудраюцца захоўваць для сябе гэтую традыцыю й сёньня.

Аўтобус зь Менску ў Вільню ішоў дзьве з паловай гадзіны (цяпер – чатыры). Бо гэта ўсяго 170 км. Ад сталіцы бліжэй, чым да самага блізкага абласнога цэнтру Магілёва (200 км). Арэал беларускае мовы пачынаецца ў першай падвіленскай вёсцы, а да сёньняшняй тэрыторыі РБ ад Вільні і ўвогуле 30 км. Калі дадаць да гэтага, што ўся мяжа Беларусі й Літвы 650 км, што Віленскі край увесь населены ўперамешку беларускім і літоўскім людам, што Вільня -- былая сталіца ВКЛ, а пасьля – Заходняе Беларусі, што Віленшчына – гістарычны рэгіён цэнтраімклівага прыцягненьня Вільні й сёньня яшчэ (у памяці, праўда) уключае беларускую тэрыторыю ў радыюсе больш чым сто кілямэтраў – разам з Маладэчнам, дык стане зразумела, што ўся гэтая “фізыка” ўваходзіць у супярэчнасьць з мэтафізыкай новых гістарычных рэаліяў -- дзяржаўнай мяжы, Эўразьвязу і “дальняга зарубежжа”.

У сэрцы краю

За апошнія дваццаць гадоў афіцыйная колькасьць беларусаў у Літве скарацілася ўдвая – да 37 тысяч. Гэта тлумачыцца ня толькі міграцыяй і натуральным сыходам, але й вобразам новай Рэспублікі Беларусь, якім ён сфармаваўся ў мясцовага “тутэйшага” насельніцтва. Калі б Менск выступаў для гэтых людзей у якасьці прывабнае й клапатлівае мэтраполіі, іх было б у дзесяць разоў болей. Але ёсьць тое, што ёсьць.

Большая страта – тое, што Вільня за гэтыя 20 гадоў быццам перастала быць для беларусаў духоўным цэнтрам, калыскай культуры й нацыянальнай ідэі, якой была на працягу стагодзьдзяў. Гэта зьвязана з тым, што віленскія беларускія актывісты натуральным чынам атрымалі літоўскія пашпарты і сталі дыяспарай, нацменшасьцю. У выніку радыкальна зьмяніўся вэктар іх дзейнасьці й самога мысьленьня. Калі яшчэ ў 1980-я гады яны мысьлілі сябе нашчадкамі місіі Скарыны, Каліноўскага, “Нашай Нівы” і айцоў-заснавальнікаў БНР, гэта значыць – місіі навонкі, для Беларусі, дык закон існаваньня дыяспары, якая заўсёды скіраваная толькі на ўласнае выжываньне, прымусіў іх думаць найперш пра сябе. Што да місійных паводле прыроды сваёй віленскіх беларускіх установаў – школы, СМІ – дык яны толькі набіраюцца сілаў пасьля цяжкага пэрыяду “зьмены вех”.

На маю думку, і будучыня – блізкая й далёкая – ня зьменіць самой сутнасьці Вільні. Яна заўжды будзе мультыкультурнай. Іншая рэч, што беларускі сэгмэнт можа зьнікнуць. І для Вільні гэта будзе вялікая страта, але не фатальная, якой стала б страта Вільні для беларусаў – як страта тоеснасьці. Па-сутнасьці, увесь комплекс віленскага духу й віленскіх фактаў – гэта тое, што ў нас саміх найбольш моцна супрацьстаіць расейскай асіміляцыі. Вільня – імунітэт беларуса ад таго, каб ператварыцца ў “тоже русского”. Нездарма сёньняшнія русіфікатары так зацята змагаюцца менавіта зь віленскімі знакамі беларускай гісторыі й культуры.

Ваяваць зь імі – бяз сэнсу. Сэнс у тым, каб застацца сабою, прымножыцца, знайсьці сваё “шчасьце быць” (Б.Пятровіч). І для гэтага нашы продкі пакінулі нам правераныя рэцэпты – вільняваць і вільнярыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG