Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як не прапасьці?


Чалавек, народ і ўся наша бедная цывілізацыя ідуць сваёй дарогай задам наперад. Усё, нібыта, разьвіваецца, але ніхто ня ведае – куды. Бо дадзена бачыць толькі той шлях, які прайшоў, а ня той, што будзе заўтра. Таму прагнозы мала чым адрозьніваюцца ад навагодніх пажаданьняў, а катаклізмы здараюцца, як правіла, нечакана. Застаецца верыць, што й пажаданьні магуць матэрыялізавацца.

Што пажадаць краіне?

Самая папулярная тэма ў сьвеце краін – гэта пагроза распаду. Колькі сказана ў гэтым сэнсе пра Расею – апошнюю імпэрыю, а распадаецца тым часам маленькая Грузія. Нешта падобнае прарочаць Украіне й нават Злучаным Штатам. У Беларусі такі матыў не гучыць, хоць, калі прыслухацца, абавязкова пачуеш водгалас гэтых сусьветных “мод”.

Цяпер ужо мала хто памятае, што на пачатку 1990-х і ў нас актыўна заяўлялі пра сябе сэпаратысцкія настроі. Была прыдумана паляшуцкая ледзьве не рэспубліка, вяліся гаворкі пра аўтаноміі – польскую дзесьці ў Ваўкавыску і ўкраінскую на Берасьцейшчыне.

З прыходам аўтарытарнага ППРБ размовы гэтыя сьціхлі. Ня стала сэпаратысцкіх рухаў, але ж і адзіная беларуская нацыя не атрымлівала ін’екцыяў нацыянальнага адзінства, жыла ў падвешаным стане, такая сабе неданацыя. І вось прамінула паўтара дзясятка гадоў.

Пільна зірнуўшы на сваю краіну сёньня, мы заўважым, як набірае сілу працэс рэгіянальнага адасабленьня. Надоечы мы гаварылі пра гэта з калегамі й адзін зь іх заўважыў, што найбольш выразна новую тэндэнцыю відаць у інтэрнэце. Самыя наведвальныя форумы – Гарадзенскі, Віцебскі, Пінскі… Жарсьці кіпяць у рэгіянальна адасобленых “катлах”. У адной вобласьці калега сходу налічыў сем дзясяткаў сайтаў свайго рэгіёну. Гэтыя “катлы” ня маюць патрэбы адны ў адных і ня маюць патрэбы ў сталіцы (як і яна ў іх). Кожны зацыкліваецца на сабе й імкнецца да самадастатковасьці.

Пакуль што гэта толькі “аддалены намёк” на сусьветныя “моды”. Але нашы рэгіёны рэальна не аб’ядноўвае нішто, апроч аўтарытарнае ўлады. І цалкам верагодна, што абвешчаная лібэралізацыя толькі паскорыць гэты працэс адасабленьня ды ператварэньня краіны ў тыя шэсьць нічым сутнасна не зьвязаных міжсобку губэрняў, пра якія казаў Пуцін.

Каб гэтага не адбылося, патрэбныя аб’яднаўчыя захады. А што сёньня можа эфэктыўна яднаць народ? Найперш – родная мова, усьвядомленае адзінства паходжаньня (гісторыя) і супольнасьць нацыянальнага жыцьця, калі, скажам, мы ўсе прызнаем заслугі адных і тых нашых выбітных сучасьнікаў (імёны).

Што пажадаць сябрам?

Магчыма, наша спэцыфічная ўлада сама й ня здолее зрабіць гэтых аб’яднаўчых крокаў, і тут спатрэбіцца ўдзел апазыцыі. Калі мы кажам, што апазыцыя здрабнела, што яна загнаная на ўзбочыну і ў лепшых выпадку толькі імітуе хаду мітусьлівымі рухамі, што ў яе няма адзінства, мы маем на ўвазе толькі адну грань – палітычную. З гледзішча нацыянальнага адзінства апазыцыя мае тыя самыя прабелы, што і ўвесь народ. Але, у адрозьненьне ад усяго народу, апазыцыя мае ўнутраны патэнцыял пераадолець гэткае адасабленьне праз культурную ды гуманітарную дзейнасьць.

На маю думку, апазыцыі варта было б у новым годзе не мітусіцца, а ўзбуйніць свае рухі. Скажам, замест дзясяткаў мізэрных акцыяў, сканцэнтравацца на дзьвюх самых важных – Дні Волі й Дзядах, адпаведна, рыхтуючы іх на працягу паўгоду, затое каб вынік быў маштабны й якасны. Каб прыйшло не пяцьсот чалавек, а ў сто разоў болей. Каб менавіта гэтыя знакавыя падзеі сталі апазнавальнымі прыкметамі апазыцыі, а ня мноства незразумелых налепак зь няўцямных нагодаў.

Варта было б сканцэнтравацца на ўласным вобразе, бо сёньня не асабліва разьбярэш, чаго наша апазыцыя хоча (у чым яе сымбаль веры), якую дакладную праграму яднаньня нацыі яна прапануе народу і ўладзе і з кім у ёй пра гэта ўсё гаварыць – так, каб гэта можна было назваць размоваю з апазыцыяй.

Усе гэтыя задачы магла б выконваць адна з газэт, калі б апазыцыі ўдалося знайсьці цывілізаванае паразуменьне з рэдакцыяй. Скажам, “родная газэта на роднай мове”. Чаму б і не? Выглядае нерэальна, але як навагодняе пажаданьне – зусім дарэчы. Асабліва калі ўлічыць, што мы рухаемся задам наперад, і ніхто ня ведае, што будзе заўтра.

А ведаеце, што кажуць распаўсюднікі кніг пра найвялікшы дэфіцыт на беларускім кніжным рынку? Што дэфіцыт гэты не зьмяніўся за апошнія 20-30 гадоў. Гістарычныя кніжкі. Па-ранейшаму не зьяднаная нацыя ў сілу прыроды сваёй па-ранейшаму патрабуе гэтага самага яднаньня. Сытуацыя вельмі падобная да той, у якой апынулася апазыцыя. Пішацца й выдаецца гістарычнае літаратуры нямала, але яна, па-першае, занадта спэцыфічная, а па-другое, занадта мізэрныя яе наклады. Словам, аб’яднаўчае функцыі яна не выконвае.

Што пажадаць прафэсіі?


“Пішу раман”, -- кажа то адзін, то другі, то трэці знаёмец. Справа талковая, калі б зноў не паўтаралася тая самая заганная схема. Што б ты там ні напісаў, вельмі высокая верагоднасьць таго, што твой твор застанецца незаўважаным і пройдзе міма шырокае публікі.

Каб так ня здарылася, патрэбная нават не раскрутка (бо раскруціць можна ўсё, што заўгодна), а прафэсійная крытыка – з аналізам і ацэнкай.

Ведаю, што некаторыя СМІ сёньня адчулі недахоп жанру рэцэнзіі і ў новым годзе паспрабуюць гэтую загану выправіць. Калі так адбудзецца, адродзіцца й літаратурны, мастацкі, культурны працэс, які будзе зацягваць публіку ў сваё жывое жыцьцё. А да мовы й гісторыі дадасца трэці складнік нацыянальнае годнасьці – імёны сучасьнікаў, якіх ведаюць і цэняць усе.

Вось, бадай, і ўсе “тэктанічныя” рухі насустрач, якія заўтра дапамогуць нам пазьбегнуць “тэктанічнага” разбурэньня. Каб не прапалі.

З Новым годам!





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG