Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мераць?


Расейская прымаўка “Сем разоў адмер – адзін адрэж” страціла сэнс. Калісьці даўно, у школе, дзе яе бясконца паўтаралі настаўнікі, здавалася, што сэнс ёсьць, а цяпер – не. Навошта мераць сем разоў?


Прычына, верагодна, у розьніцы мэнталітэтаў, традыцыйнай народнай сьвядомасьці, а таксама дзяржаўнай ідэалёгіі ў Расеі і ў нас. Пакуль гэта была адна савецкая імпэрыя, у ёй панаваў расейскі імпэратыў. А як сталі асобныя краіны, мы спакваля дрэйфуем у сваю традыцыйную сьвядомасьць, дзе нармальна адмераць і адрэзаць, а не запабягаць міламу й адначасова нехлямяжаму нацыянальнаму панятку “на авось”.

Традыцыйны расейскі народны сцэнар любіць выключнасьць, а не дакладнасьць. Таму й паэт у Расеі болей, чым паэт. І блыху падкоўваюць у краіне бездарожжа, дзе Іван езьдзіць на печцы, бо сабраць масавы аўтамабіль ніяк не ўдаецца, затое асвоены космас...

Стаўшы асобнай краінай і нацыяй, мы ня толькі вяртаемся да сваіх традыцыйных уяўленьняў, але й спазнаем сваю ўласную меру – фізычную і этычную.

Далёка -- блізка

Схадзіць на кірмаш – гэта далёка? Залежыць ня толькі ад кілямэтражу, але й ад настрою, стану здароўя і ўяўленьня. А зьезьдзіць у Вільню? Некалі езьдзілі кожны ўікэнд – пагуляць ды кавы папіць, а цяпер – цэлае прадпрыемства: візы, мяжа й сама дарога неяк “падаўжэла”.

Чым у ранейшую зазіраеш гісторыю, тым лепш бачыш, наколькі прасьцей і бліжэй усё было.

Згадайце, як праходзілі на ўроках паходы Македонскага ці Чынгісхана. Яны паўмацерыка ідуць туды зь бітвамі, паўмацерыка назад зь бітвамі, і нідзе ні слова пра далёкі шлях і цяжкасьці пераходу. Напалеон ідзе на Маскву і назад, усе пакуты – гэта пакуты змаганьня, а ня ўласна дарогі, якой быццам бы й няма. І Стэндаль, які дзе ў напалеонаўскім абозе, нідзе ня стогне, маўляў, ой як далёка, ой надакучыла ўжо, ой хутчэй бы прыехаць, -- як гэта прывыклі рабіць і чуць мы.

Магчыма, справа ў “абэрацыі зроку”? Напрыклад, электрычка зь Менску да Маладэчна йдзе дзьве гадзіны, і зануджваесься прыблізна пасьля двух трацінаў шляху – дакладна як у цягніку зь Менску ў Гомель, дзе тое самае адчуваеш на чацьвёртай гадзіне, бо ўсяго дарога займае шэсьць.

Як невыносна ў войску датрываць апошнія дні з двух гадоў (апошнія месяцы – зь сямі, апошнія гады – з дваццаці пяці)!

Але ж усё адно гаворка йдзе пра знуджэньне, якога старажытныя людзі, бадай што, ня ведалі. У “Слове пра паход Ігара” чытаем пра Ўсяслава Чарадзея:

Усяслаў-князь людзям чыніў суды,
Радзіў князям гарады,
А сам уночы ваўком рыскаў,
З Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць Ютрань рана
У званы сьвятое Сафіі,
А ён той звон чуе ў Кіеве.


Тмутаракань – гэта недзе на Азоўскім моры. А ўявіце, якая кругасьветка сёньня заехаць з Кіева ў Полацак? Хоць сем разоў адмер, хоць 77, а ўсё адно – 700 км. І так лёгка, бадай, незаўважна даваліся яны Ўсяславу, а нам даюцца ўсё цяжэй і цяжэй.

Ад чаго вымерлі дыназаўры?


Натуральна, людзі цяпер ня тыя, ані ваўком, ані птушкай абяртацца ня ўмеюць. Вось бы спытацца ў бусла, ці далёка яму ляцець у вырай -- да Зімбабвэ й назад? Напэўна, скажа, што надта далёка, зусім ня так, як продкам.

Навукоўцы заўважылі раптам, што Зямля – расьце. За ўсё сваё існаваньне яна больш чым у восем разоў вырасла ў масе і ў два разы – па дыямэтру. У два разы меншы дыямэтар, у столькі ж меншае й прыцягненьне зямлі. Кажуць, што менавіта ад гэтых пераменаў гравітацыі вымерлі дыназаўры й лятучыя яшчары. Нашмат цяжэй стала перамяшчацца.

Зразумела, што розныя адлегласьці ўплываюць на ўяўленьне чалавека пра тое, што такое лёгка й цяжка, доўга й хутка, ад чаго зусім блізка й да маральных ацэнак і стэрэатыпаў. Бо лёгка – як узнагарода, а цяжка – як пакараньне.

Адмаўленьне ўзаемасувязі фізыкі зь лірыкай – гэта ўжо ідэалёгія, якая вядзе да апраўданьня адных і ганьбаваньня іншых за аналягічныя злачынствы. Равы з трупамі made in НКВД – ледзьве ня подзьвіг, а тое самае, учыненае немцамі – злачынства.

ГУЛАГ як землятрус

Калі Зямля расьце, дык і антрапасфэра, якая пакрывае яе, імкнецца роўна разьмяркоўвацца па паверхні.

Калі царскага засяленьня Сібіры – у гэтым сэнсе -- не хапіла, тады запрацаваў сталінскі ГУЛАГ. Але на няшчасьці іншых нічога добрага не збудуеш. Таму ГУЛАГ ня стаў паўнавартасным засяленьнем. Тады абвясьцілі БАМ і г.д. Цяпер кажуць, што густанаселены Кітай так расьпірае, што вось-вось прарвецца ён у сібірскую пустату.

Адваротны працэс – цунамі й землятрусы ў найбольш населеных рэгіёнах плянэты...

Што ж атрымліваецца? ГУЛАГ – такая самая прыродная зьява, як цунамі ці землятрус? Не. Бо гэта зьява рукатворная, якую яе спраўцы ўсяляк імкнуліся закамуфляваць пад стыхію, спараджэньне прыроды й часу. “Час быў такі”, -- кажуць пра злачынствы бальшавізму старыя людзі. Маўляў, адкладзеце лінаркі, гора людзкое ня мае велічыняў, каб яго вымераць. Яно – бяздоннае.

Вось і схаваліся тыя, што “кусаліся”, за гэтай невымернасьцю.

Між тым, і для этычных “замераў” існуе лінарка – хоць бы ў выглядзе адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. І любая шкода, прынесеная іншаму – вымяраецца. А “занадта прагматычна” гэта гучыць толькі для тых, хто шкоду прычыняе.

Усё паддаецца вымярэньню, усё можна памераць. Толькі навошта сем разоў, няясна. А справа тут у розьніцы культур, мэнталітэтаў, ідэалёгіяў. Калі ў Расеі паэт піша:

Умом Россию не понять,
Аршином общим не измерить:
У ней особенная стать —
В Россию можно только верить, --


дык беларуская традыцыя супярэчыць гэтаму. Вось хоць бы -- старой кароткай прыказкай: “Бязь меры няма веры”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG