Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як любіць?


Калі цябе на кожным кроку заклікаюць любіць Беларусь, а пры тым укладаюць у гэты панятак зусім розныя рэчы, гаворка ідзе не пра тое, што ты Беларусь ня любіш і цяпер вось павінен палюбіць.

Ясная справа, любіш – ад самых несьвядомых сваіх гадоў. Проста, ты ніколі не спрабаваў выславіць сваю любоў, а тут табе прапануюць гатовыя клішэ. І цяпер усё залежыць ад таго, ці дастаткова моцныя твае ўласныя пачуцьці і ці дастаткова самастойная ты асоба, каб зрабіць “прымерку” гэтых клішэ і зразумець, наколькі адпавядаюць яны тваёй душы і таму, як называюцца.

Вось, да прыкладу, дзяржаўная прапаганда на БТ пад выглядам Беларусі навязвае мне вобраз БССР -- з тым самым савецкім фальшам пра высокія надоі і шчасьлівых вэтэранаў, з папсовымі канцэртамі “За Беларусь!”, з апалягетыкай Сталіна, КГБ і Мураўёва-вешальніка, з да непрыстойнасьці ўпартым патрабаваньнем “любить” Беларусь “по-русски”.

Ну ніяк не стасуецца такая любоў ані з маім уласным досьведам Радзімы, ані зь яе людзьмі, ані зь яе краявідамі й фальклёрам, ані з творамі Купалы, Багдановіча, Гарэцкага, Арсеньневай, Геніюш, на якія адгукаецца сэрца, ані, натуральна, з мовай.

Аднак ты заўсёды мусіш задавацца пытаньнем, якому цябе вучылі ў дзяцінстве: паслухай, а можа быць, гэта ты ня маеш рацыі? Можа быць, недаадчуваеш чаго? Можа, не прымаеш гэтых клішэ, бо ўжо заняў сваю душу іншымі? Адкуль ты ведаеш, што тыя клішэ – правільныя?

Разгадка рэбусу ў тым, што не паміж клішэ мы выбіраем, а паміж любоўю й яе адсутнасьцю або нечым падступным разьлікам. Выключыць з поля зроку тваё прыватнае пачуцьцё й заняцца перабіраньнем клішэ – значыць, асудзіць сябе на бясконцую рэвізію таго, у што некалі верыў.

Да нас прыехаў рэвізор!

І праўда ж, колькі цяпер людзей занятыя рэвізіяй таго вобразу Беларусі, які стаў для цябе звыклым. Маю на ўвазе нават не заказуху, калі нацыянальны пантэон герояў “ачышчаецца” ад усіх неправаслаўных і калябарантаў. Шматлікімі добраахвотнікамі пераглядаецца літаральна ўсё, што ў тваім уяўленьні складае падмурак нацыянальнай ідэі й таго вобразу Радзімы, які дагэтуль аб’ядноўваў тваіх суайчыньнікаў у народ.

Зрэшты, з рэвізорамі разабрацца даволі проста – яны нічога не ствараюць (прынамсі, пакуль не стварылі). А выкідаць нешта з сэрца толькі дзеля таго, каб там засталася пустата, ніхто ў здаровым розуме ня стане.

З клішэ дзяржаўнае прапаганды больш складана. Тут, каб адказаць сабе “а можа гэта я ня маю рацыі?”, трэба супраўды прыслухацца да ўласнае сутнасьці і акрэсьліць, увабраць у вобразы, назваць словамі сваю дагэтуль неўсьвядомленую любоў.

Але што такое любоў?

Я цябе зьем...

Любіць – ні добра, ні дрэнна. Проста любоў -- тое істотнае, што адбываецца з табой за гэтыя некалькі дзясяткаў гадоў.

Калі ў прыяцеля нарадзіўся сын – мабыць, першае дзіця ў нашым асяродку, -- паміж іншых анэкдотаў у зьвязку з гэтым мне запомніўся адзін. Мы сьмяяліся з расповеду пра тое, як маці дзіцёнка стаяла зь ім на руках у нейкай менскай чарзе, а цёця ззаду, уперыўшыся ў малечу, з замілаваньнем прамовіла: “Ну какую будем сахарную ручку кушать – левую сахарную ручку или правую?”

Да сюсюканьня любоў мае такое ж дачыненьне, як і да фізіялёгіі. Тут не пра тое.

Любіць – гэта калі аж зьеў бы! Ты хочаш яго ўвабраць у сябе, праглынуць, пасадзіць да сябе ў сэрца пад замок! Альбо – наадварот. Каб ён цябе ўвабраў, праглынуў, зьеў. Усё гэта выразы таго самага жаданьня – растварыцца – ці яму ў табе, ці табе ў ім. Пры чым любоў да пэўнага чалавека нічым не адрозьніваецца ад любові да Радзімы, сваёй зямлі, дому.

Растварыцца... Колькі разоў мы чулі пра тое, што нехта выказаў жаданьне быць пасьля сьмерці разьвеяным там ці там... Ён проста хацеў увайсьці ў сваю Бацькаўшчыну, быць паглынутым ёю. Але рэальнае месца, якое ён указваў, было толькі “дарожным знакам”. Насамрэч ён хацеў, каб яго разьвеялі ў любові.

Любоў – гэта тое, што царква акрэсьлівае словам “благодать”. Гэта тая субстанцыя, якую называюць і Богам (Бог і ёсьць любоў). Мы не кантактуем з гэтай субстанцыяй наўпрост, бо яна існуе ў паралельным вымярэньні. Верагодна, мы ўсе з гэтай субстанцыі прыходзім і пасьля ў ёй зьнікаем. Дарма нехта думае, што ён кагосьці сустрэне на тым сьвеце. Ён жа нікога ня памятае з таго сьвету, адкуль прыйшоў.

Насамрэч ён прышоў зь любові, у яе й вернецца. І ніякай канкрэтыкі. (Прынамсі, да другога прышэсьця.)

Рас-тварэньне

Калі ты думаеш, што спаткаеш ТАМ маму ці брата – яно так і ня так. Ты растворысься ў любові – іхнай, сваёй, усіхнай.

Любоў для зямнога чалавека – растварэньне: кагосьці ў сабе ці сябе ў кімсьці. Рас-тварэньне – гэта тварэньне. Любоў – творчасьць. Творчасьць, якую нарадзіла чыёсьці натхненьне, нараджае натхненьне ў табе, хто гэты твор слухае, чытае, глядзіць.

Любоў, Бог, творчасьць... Ніводзін сапраўдны верш, ніводная сымфонія, карціна не пісаліся безь любові. Гэта – рас-тварэньне.

Мы знайшлі шмат сынонімаў для любові. Натхненьне, азарэньне, прасьвятленьне... Розныя кантэксты вымагаюць па-рознаму называць тое, сутнасьць чаго нязьменная.

Любоў – можа быць, гэта воблака, а можа – зоры. І цяпер, калі ты ведаеш, што гэта такое, табе застаецца толькі прыслухацца да свайго сэрца. Што ты там чуеш?

Ну вось, нічога новага я не сказаў. Але, акрэсьліўшы, што такое любоў, мы можам прасьцей арыентавацца ў закліках штосьці або кагосьці любіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG