Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хітраваць?


Хітры можа быць удачлівым, але ня можа быць добрым. Бо дабрыня ўласьцівая разумным, а хітрасьць – тупаватым.

Цяпер я разумею, чаму так позна гэта ўсьвядоміў. Выснова прыйшла з уласнага досьведу, з мноства кантактаў і прыкладаў. Між тым, на дзяржаўным і грамадзкім узроўні з самага дзяцінства нам накідалася зусім іншая формула: хітры – значыць, разумны. Маўляў, во які разумны, усіх перахітрыў!

Нашэсьце кракадзілаў

Хітрасьць – ня доблесьць. Яе карані дзесьці ў падкорцы, у інстынктах, у рэфлексах. Яна заўсёды падступная. Разумны сумняваецца: а можа гэта я ня маю рацыі? Разумны трымаецца імпэратыву: рабі іншым тое, што хацеў бы, каб рабілі табе. Хітры толькі атакуе і толькі сябе бачыць. Як варан. Як кракадзіл. Хітрасьць уласьцівая рэптыліям, інакш яны й ня выжылі б.

Той культ хітрасьці як розуму, што навязваўся нам з маленства, паходзіць з трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Тады ў Беларусі панавала ўсеагульная шпіёнаманія. Кожны дзень энкавэдысты з двума клясамі адукацыі ў турмах Менску, Воршы, Слуцку ды іншых гарадоў расстрэльвалі шпіёнаў – нямецкіх, латыскіх і нават японскіх. Асабліва шмат было латыскіх, але непараўнальна больш – польскіх. Проста нашэсьце нейкае польскіх агентаў! З такім прысудам атрымлівалі вышэйшую меру пакараньня многія тысячы беларускіх сялян, работнікаў і службоўцаў. Больш за ўсё “шпіёнілі на Польшчу” сяляне ў калгасах і на хутарах.

Гэта цяпер выглядае абсурдна, дый то не для ўсіх, што беларуская калгасная вёска літаральна заселеная польскімі агентамі. Але трэба ўлічваць тагачасную грамадзкую атмасфэру і той асноўны матыў, які дазваляў грамадзтву пагаджацца з такімі рэпрэсіямі: шпіён – хітры, а хітры -- значыць, разумны.

Антытэзай варожых шпіёнаў былі “нашы” разьведчыкі, па сутнасьці, тыя ж шпіёны. Мы чыталі кніжкі пра Зорге і глядзелі фільмы пра Шцірліца, якіх нам падавалі як добрых і разумных пэрсанажаў. Але галоўная вартасьць шпіёна – ягоная хітрасьць, а хітрасьць ня можа быць добрай і разумнай. Шпіён павінен быць тупаваты і маторны – як кракадзіл.

Атмасфэра шпіёнаманіі, якой было заражанае грамадзтва, і спарадзіла гэты выверт: хітры -- значыць, разумны. Хоць сёньня, калі абстрагавацца ад гэтай формулы й ацэньваць толькі факты, мы ўбачым, што ўсё наадварот.

Чытаючы ўспаміны савецкіх разьведчыкаў, увесь час ловіш сябе на думцы, што якраз чаканае мудрасьці ў іх і няма. Рэальныя гісторыі затрыманьня замежных агентаў таксама ня сьведчаць пра іхную мудрасьць. З дастаткова разумнага й добрага, а не тупаватага й хітрага чалавека -- шпіён ніякі. Пра што сьведчаць гісторыі Філістовіча або Вострыкава, што скокалі з парашутам не з дывэрсійнай, а з патрыятычнай матывацыяй, і былі хто раней, хто пазьней затрыманыя чэкістамі. Паводле свае чалавечае сутнасьці хітрунамі-тупаватымі-шпіёнамі яны не былі. Як і многія многія тысячы беларускіх сялян, расстраляных з абвінавачаньнем у шпіянажы.

Падмена паняткаў

Менавіта ў гэтай падмене акцэнтаў хаваецца падмена значэньня расейскага слова “хитроумный” з адмоўнага, зьвязанага з махлярствам, на станоўчае – дасьціпны, хуткі розум. Беларускае “хітрамудры” ніколі ня мела станоўчай ацэначнай афарбоўкі. Хітрамудры -- блытаны, у лепшым выпадку – мудрагелісты, ніякі.

Выгадаванае на ідэалах Шцірліца грамадзтва пасьля развалу СССР з удзячнасьцю перадала свой лёс у рукі варанаў і кракадзілаў менавіта таму, што асацыявала хітрасьць з розумам і дабрынёй. Разам з хітрасьцю станоўчай якасьцю стала і ўласьцівая яе носьбітам тупаватасьць.

Я нездарма згадаў пра шпіёнаў, бо кожны хітры-тупаваты паводзіць сябе таямніча. Гэта спадар Казулін можа ўсклікаць “Дзе грошы, Саша?” А сама сутнасьць Сашы ў тым, каб ніхто ня ведаў, дзе грошы. І сутнасьць ягонага рэфэрэндуму 1996 году, калі народ дружна адказаў: “Ня хочам ведаць, дзе грошы!” Так што ў Сашы ёсьць карт-бланш. Хітры ён, гэты Саша.

У народа свая праблема. Ён усё 20 стагодзьдзе імкнецца быць хітрым, каб урэшце не пакутаваць і ня быць абдураным. Ён і так і гэтак круціцца, прыкідваецца такім і гэткім. Каб выглядаць тупаватым, ён прыкідваецца хітрым. Але тут і хаваецца ягоная драма. Рэальна хітры правіцель ці акупант сьпінным хрыбтом адчувае, што народ прыкідваецца. У сваім калектыўным “я” народ больш добры й разумны, чым хітры й тупаваты. І схаваць гэта, абхітрыць правіцеля, акупанта ці апостала -- не ўдаецца. Таму зноў народ церпіць. Але выжывае. Народ выжывае не праз сваё хітраваньне, а праз сваё цярпеньне.

Прайсьці праз тупасьць

Спадар Казулін прайшоў праз выпрабаваньне хітрасьцю. Ці ўдалося перамагчы “Сашу” ягонай зброяй? Не ўдалося. А ведаеце чаму? Што перашкодзіла Казуліну?

Калі чалавек разумны, а не тупаваты, у яго ёсьць патэнцыял дабра, але эфэктыўнага хітруна зь яго ня выйдзе. Бо патэнцыялу зла ў разумнага чалавека недастаткова. Як ні круці, а розум – бясхітраснае дабро, а хітрасьць – наадварот. Мне здаецца, сп. Казулін гэта зразумеў. І цяпер будзе апэраваць інструмэнтамі розуму-дабра, а не сьпіннога мозгу. У розуму таксама ёсьць патэнцыял. Толькі вось розум -- шматкроць больш складаная прылада, чым рэфлекс.

Многія нашы палітыкі дагэтуль памылкова лічаць, што ў іх дастаткова розуму й дабрыні, каб выконваць функцыі кракадзіла. Таму не заўсёды проста бывае вызначыць, хто зь іх хто і чые інтарэсы насамрэч прадстаўляе.

Між тым, калі паставіць формулу шпіёна з галавы на ногі і ўсьвядоміць, што хітры – значыць, тупаваты, тады прасьцей разьбірацца з усялякімі таемнымі матывацыямі.

Калі маеце дачыненьне з чалавекам, якога вы можаце назваць разумным (а тым больш добрым), адкіньце кансьпіралёгію і можаце даверыцца. Гэты чалавек не шпіён КГБ-ФСБ ці Ганса Георга Віка. Ён сам за сябе і тое, што кажа, -- праўда. Калі ж вы ня можаце назваць яго разумным, а толькі хітрым, не захапляйцеся ягоным таварыствам. Ні да чаго добрага яно не давядзе.

Прашу прабачэньня за грубасьць, але мне ніколі не сустракаліся словы “хітрагаловы”, “хітрасэрцы” ці “хітрадушы”. А слова “хітражопы” ведаюць усе.

Ня трэба хітраваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG