Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як яднацца?


Яго нельга інсьпіраваць. Можна толькі падтрымаць, умацаваць, пашырыць або – згубіць. Але ўзьнікае яднаньне само.


Ты скажаш: а якое дачыненьне палітычная партыя парлямэнцкага тыпу мае да трох сяброў у Пухавіцкім раёне, што гадуюць страўсаў? Ці да групы маладых людзей, якія што лета ходзяць на байдарках па Страчы? Ці да тых, што разам займаюцца фатаграфіяй або стварылі ў сябе ў мястэчку тэатр?..

Калісьці БНФ і паўстаў зь яднаньня.

А сёньня, праз дваццаць гадоў, мы спытваем у сябе: чаму масавы некалі народны рух цяпер -- і ня масавы, і не сказаць, каб народны.

У краінах Балтыі колішнія рухі даўно ператварыліся ў партыі парлямэнцкага тыпу. Нешта падобнае адбылося і з БНФ. Гэта заканамерны працэс. Палітыка – іншая сфэра. Сама па сабе яна не ўключае фэномэну яднаньня. Створаныя гэтым фэномэнам рухі ператвараюцца ў партыі тады, калі дасягаюць парлямэнту й надзейна займаюць свой пляцдарм у грамадзтве. Далей яднаньня й не патрабуецца, пачынаецца гульня -- прынцыпаў, інтарэсаў, амбіцыяў.

Вось жа БНФ сёньня і гуляе ў такую гульню, ня маючы надзейна занятага пляцдарму.

З аднаго боку, нібыта, добра, што ў нас ёсьць палітычныя партыі, і калі настане спрыяльнае Заўтра, “раптам” акажацца, што мы нармальная краіна, нічым ня горшая за суседнія. Нашы партыі выйдуць на справядлівыя выбары, іх фракцыі сфармуюць парлямэнт, кааліцыю, урад.

Трэба толькі дачакацца спрыяльнага Заўтра.

Зь іншага боку, цяжка сказаць, колькі часу можа чакаць партыя, пазбаўленая пляцдарму і – у сілу прыроды сваёй – фэномэну яднаньня. Ясна толькі, што з кожным годам яна страчвае актывы, якія былі нажытыя яе папярэднікам-рухам. Гэта і масавасьць, і аўтарытэт, і энтузіязм. А сама па сабе партыя, пазбаўленая пляцдарму, нажываць такія актывы ня здольная.

Калісьці ў БНФ хітра задумалі ўнутраны распадзел на рух і партыю. Два ў адным, head & shoulders, галава і плечы. Гэта быў 1993 год. Многія тады не зразумелі гэтага рашэньня, асабліва тыя, хто пабойваўся тагачаснае сёньня прызнаць за спрыяльнае заўтра і таго, што партыя зь яе жорсткімі рэгуламі й гульнёй інтарэсаў непазьбежна праглыне рух зь яго фэномэнам яднаньня.

Мяне сярод гэтых празорцаў не было. Я разважаў як большасьць: як ісьці ў афіцыйную палітыку бяз партыі? У наступныя гады, калі БНФ зазнаў выгнаньне з афіцыйнай палітыкі й татальны наступ з боку рэжыму Лукашэнкі, таксама падавалася, што партыйная структура найлепшым чынам надаецца для таго, каб выжыць ва ўмовах прэсінгу.

Ну, а пасьля мінула 15 гадоў. І наўрад ці нехта скажа, што час папрацаваў на БНФ, а ня супраць яго.

Такія справы.

Фронт за гэтыя гады страціў ня ўсё, але самае істотнае – фэномэн яднаньня. Узьнікшы з тысяч ручаінак нефармальнага руху – з “клюбаў кактусаводаў”, як мы іх тады іранічна называлі – магутная рака Фронту змагла зьнесьці камуністычную плаціну, але ўтрымаць пляцдарму ня здолела.

Як выглядае генэзіс яднаньня?

Вось мы тусуемся па горадзе, музыку слухаем, проста сябруем. Такіх, як мы, тысячы. Паміж намі – яднаньне. І тут да нас залятае флюід – да прыкладу, песьняроўская “Спадчына” – на канцэрце. Мы спрачаемся, прасякаемся, а ўрэшце пастанаўляем міжсобку гаварыць па-беларуску. Гэта ня толькі арыгінальна і блізка да душы, але й абяцае нейкі неверагодны яркі працяг. І наша яднаньне набывае больш акрэсьлены выгляд, цяпер яно адрозьніваецца ад таго, што яднае іншых. Мы пачынаем вычуваць супольную місію. А адсюль -- натуральнае жаданьне ўсякага місіянэра й іншых павярнуць “у сваю веру”. Так нас становіцца болей, а наша яднаньне патрабуе, каб мы ўвасобілі яго ў мастацкія формы. Мы ствараем свой рок-гурт або свой тэатар, клюб, сайт, флэш-моб... Але яднаньне прагне разрасьціся яшчэ шырэй. І мы знаходзім кантакт зь іншымі клюбамі, тэатрамі, сайтамі... З гэтага вырастае яшчэ большая супольнасьць тых, хто гаворыць па-беларуску, слухае сваю музыку і як магніт прыцягвае ў сваё кола ўсё болей людзей.

Гэта быў нейкі цуд! Прыходзіш у Зэльву да Ларысы Геніюш ці ў Гудзевічы да Алеся Белакоза ці ў Вільню да Зоські Верас... і ты свой. Першы раз бачаны – свой. Ніякіх пытаньняў ці рытуалаў. І яны, пра каго столькі чытана і чута-перачута, – свае.

Новая супольнасьць адчувае сваю прысутнасьць ва ўласнай краіне і пачынае ставіць перад сабой ужо ня толькі “кактусаводчыя”, але й грамадзкія задачы. І вось тут наша яднаньне натыкаецца на ўладу, на недэмакратычнае ўладкаваньне, на немагчымасьць сумленных выбараў, на цэнзуру і г.д. І тады адбываецца выхад у палітыку.

Апісаны сцэнар зьдзейсьніўся ў Беларусі напярэдадні 19 кастрычніка 1988 году. Вянцом яго стала стварэньне Аргкамітэту БНФ. Фронт і стаў урэшце той ракою агульнага яднаньня, куды сьцекліся тысячы нашых яднаньняў.

Яднаньне й сёньня праяўляецца ў Беларусі.

Але толькі ў той “кактусаводчай” стадыі – у рок-гуртах, сайтах, флэш-мобах ці нават проста – у сяброўскай тусоўцы. Плошча 2006 году пацьвердзіла, што гэты імпульс не перасякаецца з палітыкай. Ён яшчэ на той стадыі, калі ня можа разглядацца ў кантэксьце гульні інтарэсаў, прынцыпаў, амбіцыяў. Калі яго да гэтага змушаюць, ён зарываецца й прападае.

Якое месца ў новым “водазаборы” тысяч ручаінак адыграе БНФ і ці можа ён тут нешта зрабіць? Ня ведаю. Што як партыя нічога ня зробіць – гэта факт. У пэўным сэнсе трэба ўсё пачынаць спачатку. Але сапраўднае яднаньне інсьпіраваць немагчыма – вось у чым праблема. Можна толькі падтрымаць, умацаваць, пашырыць тое малое й слабое, што ўзьнікла само. Або – згубіць.

Верагодна, апісаная схема “водазабору” характэрная для Беларусі й будзе паўтарацца ў розных варыяцыях і з розным посьпехам і далей.

Малыя суполкі робяць малую справу, а як злучаюцца разам, становяцца грамадзка-палітычнай сілай, што спрабуе заняць свой пляцдарм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG