Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як фундаваць?


Што ні кажыце, а жыць у патэрналісцкай дзяржаве ў часы сусьветнага крызысу – небясьпечна. Табе нічога не паведамляюць, бо ўсё ведае “бацька”, ты нічога не прадпрымаеш, бо за цябе прадпрымае “бацька”.

Небясьпека ў тым, што “бацька” – ня Бог. А нават на Бога спадзявайся, а саломкі падсьцялі. Усё, што табе застаецца – як таму ваўку, унюхвацца ў паветра, каб не прапусьціць момант, калі ў крамы па кансэрвы, запалкі й соль рынуцца ўсе. Гэта толькі здаецца, што “бацька” сядзіць даўно й будзе з намі заўсёды. Бачылі мы ня раз, як хутка гэта бывае і што бяда грукаецца ў дом тады, калі ты да яе не гатовы.

Страшны беларускі нацыяналізм

Чамусьці беларускі нацыяналізм малююць ня толькі страшнейшым, чым ён ёсьць, але й страшнейшым за літоўскі, польскі ці, тым больш, расейскі. Наш асацыююць з вайной, паліцаямі й фашыстамі. Хоць разам з вадой тут выплёскваецца мноства жывых дзяцей. Да прыкладу, была ў вайну такая арганізацыя – Беларуская самапомач. А паколькі яна ўзьнікла й дзейнічала самачынна, а не пад кіраўніцтвам Масквы, дык фашысцкай прызнаюць ня толькі яе, але й сам панятак беларускае самадапамогі. Лічыцца, што беларусам як нацыі самапомач не патрэбная й не ўласьцівая, бо – злачынная.

Між тым, гаворачы пра літоўцаў, палякаў ці расейцаў, мы разумеем самадапамогу як нармальны й нават карысны складнік іхнага нацыяналізму. Дзіва што, нацыя імкнецца выжыць у цяжкіх умовах, і тут без самапомачы ніяк. Беларусаў жа такая лёгіка настойліва абмінае.

Трэба тут два словы сказаць пра нацыяналізм увогуле. Ад пачатку ён ня добры й ня дрэнны. Ён трымаецца на любові да свайго і служыць такой сабе электрастанцыяй у адзіным целе народа – забясьпечвае жыцьцядзейнасьць арганізма нацыі. Найперш -- праз самадапамогу. Гэта норма. Калі электрастанцыю раскачагарыць без усякае меры, яна або выбухне, або пачне экспансію лішняй энэргіі на іншыя народы і ў паветры запахне смуродам шавінізму. Гэта адна скрайнасьць. Другая, супрацьлеглая – калі электрастанцыя зусім не працуе або ледзьве пыхкае, і народ знаходзіцца ў стане “агульнае млявасьці” – не разьвіваецца. Гэта -- сёньняшняе становішча беларусаў, якія не качагараць сваю электрастанцыю, да сьмерці баючыся дасягнуць скрайнасьці першай. Вось чаму беларускі нацыяналізм малююць страшнейшым за чорта.

Прычым ня толькі нашы ўлады малююць. Так разважаюць і замежныя фундатары, якія “інвэстуюць грошы ў беларускую дэмакратыю”. Добра, кажу, але без нацыянальнае самадапамогі мы заўсёды будзем заставацца патэрналісцкай дзяржавай. Гэта значыць, у нас папросту ня будзе патрэбы ў свабодзе слова, сходаў і сумленных выбараў. Навошта нам гэта ўсё, калі нам ня трэба думаць пра свой лёс, бо пра яго думае “бацька”? А вось калі б мы адчулі сябе народам, нацыяй, якая сама можа думаць пра сябе, як ёй выжываць, тады б пачаліся й дэмакратычныя перамены.

Але што такое для якога-небудзь швэда “адчуць сябе народам”, калі яму невядомы стан “не адчуць сябе народам”? Па выніку інвэстыцыі ў беларускую дэмакратыю маюць неадэкватны эфэкт. Як той казаў, разгон на рубель, а ўдар – на капейку.

Справы ўсенародныя

Назіраю, як матыў самапомачы дзейнічае сёньня ў Літве. Не зьбіраюся ідэалізаваць літоўцаў, але перад пагрозаю крызысу яны разам шукаюць для сябе спосабаў выжываньня. Разгортваеш газэту, і чытаеш парады спэцыяліста – як захаваць зьберажэньні, куды ўкладаць грошы. Найбольш надзейным, калі казаць пра ўсю нацыю, уяўляецца купля зямельных дзялак. Толькі глядзіце, -- папярэджвае спэцыяліст, -- каб не балота якое купілі, а ліквідныя дзялкі, у добрым месцы, пажадана недалёка ад гораду. Ну а канкрэтна дзе й колькі – як вам капітал дазваляе. Улічыце пры тым, што за апошні год кошт такіх дзялак упаў напалову, а пры мінімальным уздыме эканомікі, што непазьбежна, вернецца й павялічыцца.

Мне гэтая ідэя даўно падабаецца – укараненьне чалавека на сваёй зямлі. Яшчэ больш падабаецца, як сама нацыя сябе вучыць і сабе дапамагае ў складаных пытаньнях, без кан’юнктуры. Натуральная самапомач. Толькі ў нас гэтага слова не кажыце. Нават самыя нібыта нацыяналісты цураюцца гэтага панятку і ўжываюць падобны, але іншы – нацыянальная салідарнасьць. Хоць салідарнасьць заўсёды мае на ўвазе іншага, ня роднага табе. Беларус зь беларусам не салідарызавацца павінен, а адзін аднаму дапамагаць.

Інвэстыцыя Бога


Айцец Аляксандар Надсан кажа, ці, дакладней, намякае, што мы, дурныя, проста не разумеем, за што нас такіх Усявышні абраў для свайго найвялікшага дарунку – даў нам жыцьцё. Сапраўды, мы ўсе, і ты, і я – адораныя. Ну праўда ж, жыцьцё – гэта ня тур, нават самы дарагі. Як ацаніць? Калі табе дадзены ўвесь сьвет. Фундаваньне – гэта, у пэўным сэнсе – падзяка. Бог даў нам усё, каб мы дзяліліся гэтым зь іншымі.

Вяртаючыся да самапомачы, мяркую, што менавіта ў яе сёньня патрэбныя самыя большыя інвэстыцыі. Бо як асобнага чалавека ўратуе ягоны капітал, так нацыю ў цэлым у цяжкі час уратуе ня “бацька”, а гэтая самая самапомач. Не бяда, што мы адсталі ад суседзяў, але мусім будаваць сваю электрастанцыю, бо безь яе нас усіх любая бяда накрые як цуцыкаў – па адным.

Паколькі наша электрастанцыя, калі мы як збудуем, запрацуе толькі ў будучыні, значыць і інвэставаць трэба ў навучаньне дзяцей, у найлепшых спэцыялістаў і прафэсіяналаў, у свае беларускія СМІ, у культуру. Адно, што ўсё гэта трэба рабіць, не выкідаючы грошы, а сем разоў прааналізаваўшы сытуацыю. Бо каэфіцыент карысьці такіх фундаваньняў за апошнія 15-20 гадоў роўны рэйтынгу нацыянальнае апазыцыі ці, як кажуць, статыстычнай пагрэшнасьці. А колькі шкоды нароблена непрадуманымі фундацыямі! Колькі імі занядбана талентаў і цудоўных ініцыятываў! Быццам нейкі злы фатум лётае над беларускай справай. Вось жа імя гэтага фатуму – непераборлівасьць (калі, вядома, шкода не рабілася наўмысна).

Як разабрацца? Ідэальна было б склікаць раду давераных асобаў, якія б вызначалі найбольш карысную прапанову дзеля фундаваньня беларушчыны, а там і прэмію, можа быць, усталявалі. Не ідэальна, але таксама вынікова – пачаць нарэшце пра ўсё гэта гаварыць адкрыта: хто, што, куды й колькі. Дарэчы, наконт прэміяў.

Бонусы

Іх у нас крыху ёсьць, але яны зусім непразрыстыя і непрэстыжныя. За лепшую кніжку, напрыклад. Бывае, што кніжка ўганароўваецца, а ні да, ні пасьля на яе не зьяўляецца ніводнай рэцэнзіі. Чым жа яна тады лепшая? Праўда, і на гэта ёсьць агаворка – крытыкі ў нас сёньня няма.

Можа быць, трэба спачатку інвэставаць у крытыку, а пасьля ўжо ў кніжкі?

Прэміі за кніжку носяць чыста сымбалічны характар. Калі й даюцца грошы, дык на два паходы ў рэстаран. У прынцыпе, нічога кепскага ў гэтай сымбалічнасьці няма, наадварот. Але. Трэба ўлічваць, што беларушчына сёньня зусім не ў духоўным, а менавіта ў матэрыяльным загоне. Аўтар некалькі месяцаў піша кнігу без авансу й ганарару, дасягае мастацкага посьпеху й атрымлівае сымбалічную прэмію. А што ён еў тыя месяцы, калі пісаў?

Калісьці мы вернемся да практыкі адэкватных авансаў і ганарараў. Але сёньня, пакуль іх няма, менавіта прэмія магла б ратаваць становішча. Яна магла б быць адпаведнай затрачаным сілам. Яна магла б скіроўвацца туды, дзе сёньня назіраецца правал. Яна мусіла б быць абаснаваная й зразумелая для ўсіх.

Не нашкодзь!

Іншымі словамі, калі б нехта хацеў фундаваць у культуру, яму трэба было б найперш згадаць гіпакратаўскае “не нашкодзь”. Тут няма нічога дзіўнага, калі бачыш, што наша культура, як і грамадзтва ў цэлым, хворая, а ты падступаесься да яе з мэтай яе лекаваць.

Нехта фундуе талент, нехта бажніцу ў сваёй роднай вёсцы, нехта ўкладае ў зямлю, у нерухомасьць, хтосьці ставіць у сябе ў агародзе помнікі. Магчыма, я памылкова лічу, што многія інвэстыцыі робяцца сёньня ў Беларусі проста непрадумана і ад таго неэфэктыўна. Але дзе вынікі?

Можа быць, уся справа ў тым, што мы пра гэта не гаворым, ня дзелімся досьведам у кантэксьце нацыянальнае самадапамогі?



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG