«Наша Ніва» паведамляе, што новай часткай кіруе ўкраінец, палкоўнік Руслан Мірашнічэнка, які мае досьвед супрацы з замежнікамі і фігураваў у прэсе як «кіраўнік замежных добраахвотнікаў».
«Другі легіён» быў створаны напачатку сьнежня 2022-га. Магчыма, гэта было вынікам сустрэчы галоўнакамандуючага ўкраінскай арміяй Валерыя Залужнага з падпалкоўнікам Валерыем Сахашчыкам, прадстаўніком па пытаньнях бясьпекі і абароны Аб’яднанага пераходнага кабінэта.
«Прызначэньне ўкраінца камандзірам — зразумелы ход, таму што беларусы не могуць мець афіцэрскіх званьняў і, адпаведна, кіраваць вялікімі злучэньнямі ва ЎСУ», — піша «Наша Ніва» і адзначае, што ў «Другім легіёне» ёсьць і байцы іншых нацыянальнасьцяў.
«Наша Ніва» дапускае, што да новай вайсковай часткі могуць далучыцца беларускія добраахвотнікі, якія зь нейкіх прычынаў не задаволеныя становішчам у іншых фармаваньняў.
Адзін з байцоў, які далучыўся да новай часткі — 28-гадовы Яўген Міхасюк. Ён быў адным з першых беларусаў, хто запісаўся ў тэрытарыяльную абарону адразу пасьля пачатку вайны, уступіў у «Другі легіён».
«Так склаліся абставіны, што вялікая частка людзей сышла з „Пагоні“, палка Каліноўскага. І ўсе яны шукалі магчымасьць аб’яднацца, каб працягваць ваяваць. Таксама быў яшчэ запыт ад людзей, якія не давучыліся, ў іх няма вайсковага досьведу, — цытуе Яўгена Міхасюка „Наша Ніва“. — Агульная пазыцыя такая, што наша група не імкнецца займацца піярам, палітычнай дзейнасьцю, — тлумачыць Яўген. — Хочам спачатку паваяваць, а пасьля будзем абмяркоўваць назву для часьці. Спачатку ўсё ж трэба паказаць сябе ў справе».
Паводле Міхасюка, вайсковая частка будзе складацца зь некалькіх сотняў байцоў, пры гэтым асабліва вітаецца далучэньне інжынэраў, снайпэраў, мінамётчыкаў ды іншых адмыслоўцаў.