У канцы студзеня адзін з былых ваяроў палка Каліноўскага выступіў з шэрагам крытычных ацэнак дзейнасьці адзінкі. Яго заявы разышліся ў сацсетках і абмяркоўваюцца ўжо некалькі дзён запар. Свабода пагаварыла з самім Міхасюком. А таксама даведалася, што думае пра яго адзін зь дзейных камандзіраў палка Ян Мельнікаў.
Яўген «Аўгуст» Міхасюк расказвае, што далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне праз чатыры дні пасьля пачатку вайны, 28 лютага. Зь Беларусі ён выехаў пасьля падзей 2020 году і шматлікіх арыштаў знаёмых, жыў ва ўкраінскім Львове.
«Першыя месяцы на вайне я не задаваў пытаньняў, быў узорным байцом»
«Ад самага пачатку фармаваньня палку Каліноўскага я быў у ім. Першыя 3-5 месяцаў я не задаваў пытаньняў. Рабіў тое, што патрабавалі. Быў, так скажам, узорны баец. Потым мне даручылі кіраваць узводам выведкі, празь некалькі месяцаў я быў камандзірам групы выведкі. Я думаў, што я ж чалавек не вайсковы і шмат чаго не разумею. Думаў, што людзі, якія кіруюць намі, лепш ведаюць. У мяне да іх быў 100% давер і павага. Празь недзе пяць месяцаў я пачаў задаваць пытаньні кіраўніцтву», — кажа былы добраахвотнік.
Міхасюк сьцьвярджае, што ў асноўным у палку камунікаваў з Арцёмам Войнічам (пазыўны «Ваніш»). Паводле Яўгена, менавіта «Ваніш» кіруе палком, а не Дзяніс Кіт (афіцыйны кіраўнік палка Каліноўскага. — РС).
«Мяне больш хвалявалі не пытаньні эфэктыўнасьці, рашэньняў, а пытаньні каштоўнасьцяў: хто мы і куды мы рухаемся, якое ў нас стаўленьне ці пляны наконт Беларусі. Пра што наагул гаварыць, калі ў беларускім падразьдзяленьні большасьць размаўляе на расейскай мове, асабліва кіраўніцтва? Калі я зрабіў прапанову: „Давайце будзем аддаваць загады, складаць паперы на беларускай мове“, то ў адказ пачуў ад аднаго з кіраўнікоў такое: „Тебе еб*о набить?“. Гэта было на пачатку маёй службы, я падумаў, што не туды лезу, куды трэба. Але потым наглядзеўся на разборкі, біцьцё байцоў, непавагу да іх. Наглядзеўся на такое, што чалавека могуць пабіць і „кінуць на падвал“. У прамым сэнсе. Зьмясьціць пасьля таго, як пабілі, у падвал, каб чалавек там адышоў, супакоіў эмоцыі», — сьцьвярджае Яўген.
«Мы хацелі проста ваяваць, а не рабіць разборкі»
Яўген сьцьвярджае, што заняў пасьля канфліктаў такую пазыцыю: ваяваць і нічога не пытацца, не сутыкацца з камандаваньнем.
«Але гэта не выйшла. Мы тады ваявалі на запароскім кірунку. Штабу не падабалася наша незалежнасьць. Быў канфлікт, бо „Ваніш“ прыняў рашэньне прызначыць камандзіра, за якога была меншасьць, а ня большасьць. Я прыняў рашэньне сысьці. Гэта было ў пачатку студзеня. За мной вырашыла пайсьці ўся група выведкі. Частка людзей зь іншых падразьдзяленьняў пайшлі таксама. У іх былі свае меркаваньні. Хоць я сваю групу аб гэтым не прасіў, каб яны сыходзілі. Я ня буду гаварыць пра колькасьць, каб не парушаць дамоўленасьці. Але скажу, што адзінкі „полк“, „батальён“ не адпавядаюць таму, што ёсьць, там зусім іншая колькасьць людзей. І, нягледзячы на гэта, „Ванішу“ пляваць, як ён сам сказаў, што сыходзяць людзі», — тлумачыць Яўген.
Ён таксама дадае, што сярод байцоў шмат людзей нацыянальна арыентаваных, аднак такіх значна менш сярод камандаваньня. Выказвае цяпер ужо былы добраахвотнік і прэтэнзіі да разьмеркаваньня сродкаў унутры палка.
«Бо нешта просіш на вайсковыя патрэбы і маеш адказ: „Няма грошай“. Але дзе яны? Ці кажуць, што можна прыйсьці, паглядзець справаздачы, чэкі. Хіба шараговы баец разьбярэцца ў стосе, тысячах чэкаў? Я не кажу, што нехта там крадзе. Я кажу пра непразрыстасьць», — кажа добраахвотнік.
Найбольш прыкра яму было ад таго, што «людзі ў камандаваньні не нацыянальна арыентаваныя, ня ведаюць гісторыі Беларусі, беларускай мовы, ня ўдзельнічалі ў беларускіх падзеях, ня маюць пляну наконт Беларусі».
«У палку пабудавана ўсё так, што праўда за тым, хто мае сілу. Але на кожную сілу знойдзецца той, хто паставіць на месца. Так было з батальёнам „Тэрор“. Прыйшлі высокія хлопцы са зброяй да „Ваніша“ і сказалі: „Мы сыходзім“. І пайшлі. Ён адказаў ім: „Ну добра“. Нам жа ён сказаў: „Валіце“. Яшчэ мне не падабаецца, што кіраўніцтва ня толькі палівае гразьзю іншыя беларускі адзінкі, але і нешта „капае“ на іх, шукае кампрамат», — дадаў Яўген.
«У гэтых прэтэнзіях ніякай канкрэтыкі і фактаў, сьмешна гэта камэнтаваць»
Заявы Міхасюка для Свабоды пракамэнтаваў камандзір батальёну «Волат» (уваходзіць у склад палка Каліноўскага. — РС) Ян Мельнікаў. Ён гаворыць, што ў прэтэнзіях былога байца Яўгена «Аўгуста» Міхасюка няма фактаў і канкрэтыкі і іх увогуле сьмешна камэнтаваць.
«Наконт таго, што білі байцоў і кідалі „на падвал“. Ніякай канкрэтыкі, ніякіх прозьвішчаў і фактаў няма. Што камэнтаваць? За гэтыя апошнія 11 месяцаў вайны пры мне два байцы сапраўды былі ў падвале. Бо зьявіліся ў казарме ў стане алькагольнага ап’яненьня і буйна сябе паводзілі», — кажа камандзір батальёну.
Мельнікаў таксама дадае, што большасьць кіраўніцтва палка размаўляе на беларускай мове.
«Гэта людзі, якія як бацькі ўзростам байцу. Яны размаўлялі на беларускай мове яшчэ тады, калі ён не нарадзіўся. Я браў удзел у патрыятычных акцыях і рухах з 2006 году. Іншыя кіраўнікі жылі ў Беларусі, стваралі нацыяналістычныя і патрыятычныя суполкі. Яны займаліся палітыкай у Беларусі тады, калі некаторых яшчэ і на сьвеце не было. Таму прэтэнзіі да таго, што кіраўніцтва палку не нацыянальна арыентаванае, не гаворыць на беларускай мове, сьмешныя», — кажа Ян Мельнікаў.
Мельнікаў прызнае, што ў палку не заўсёды ёсьць грошы. Але пры гэтым кожны ваяр пры жаданьні можа прыйсьці і паглядзець бухгальтэрыю, усе стосы дакумэнтаў і чэкаў.
«Бывае такое, што ў людзей завышаныя патрабаваньні. Калі хочуць, скажам, аўтамабіль за 15 тысяч даляраў. Але на такое няма фінансаваньня, грошы разьмяркоўваюцца на актуальныя патрэбы. Што яму не далі? Каску, пальчаткі, бронекамізэльку?» — кажа камандзір батальёну.
У размове са Свабодай Мельнікаў пацьвердзіў, што назвы «полк» і «батальён» у палку Каліноўскага сапраўды не адпавядаюць стандартам вайсковых адзінак.
«Так, няма сапраўды тысячы байцоў. Але ёсьць сотні. І называць цяпер канкрэтныя лічбы — гуляць на руку спэцслужбам», — кажа Ян Мельнікаў.
«Чалавек з амбіцыямі, але бяз навыкаў»
Па словах Яна Мельнікава, разам зь Міхасюком аб сыходзе з палка Каліноўскага паведамілі яшчэ некалькі ваяроў, якія былі нязгодныя з кіраўніцтвам.
«Пайшлі там шэсьць чалавек, разам з „Аўгустам“. Ён з траўня закідваў прэтэнзіі да кіраўніцтва. Сабраў вакол частку байцоў, і хацелі „скінуць“ камандзіра. Калі быў раскол, ён перайшоў у батальён „Тэрор“. Потым вярнуўся да нас. Зьвярнуўся ў штаб, каб стварыць асобную групу выведкі. Гэта чалавек з амбіцыямі, але бяз навыкаў. Яны зьвярнуліся ў батальён „Волат“, хацелі быць асобнай адзінкай. Але нам трэба былі людзі ў розныя ўзводы, нам ня трэба была асобная адзінка. Бо калі ўсе будуць ставіць свае ўмовы, што будзе на баявых? Ну яны і сышлі», — патлумачыў камандзір батальёну.
Прэтэнзіі да кіраўніцтва палку Мельнікаў называе «практыкай, якую пачаў батальён „Тэрор“, калі аддзяліўся».
«Паліваць усіх гразьзю, гаварыць, што там хлусяць і крадуць грошы. Калі вы кідаеце абвінавачаньне, то дайце канкрэтыку і факты. Але гэтага няма», — дадаў Ян Мельнікаў.
Полк імя Кастуся Каліноўскага — вайсковае фармаваньне ў складзе Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, створанае пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Да 21 траўня 2022 году — батальён імя Каліноўскага. Першапачаткова ўдзельнічаў у абароне Кіева, цяпер байцы палка ўдзельнічаюць у баях і на іншых кірунках. За час існаваньня адзінкі праз канфлікты зь яе складу выйшла некалькі груп ваяроў, якія ўдзельнічаюць у абароне Ўкраіны самастойна.