Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія байцы жывуць пасьля вайны ва Ўкраіне. ВІДЭА


Глеб Гунько і Павал Мар'еўскі
Глеб Гунько і Павал Мар'еўскі

Былыя ўдзельнікі баявых дзеяньняў ва Ўкраіне ствараюць Асацыяцыю беларускіх вэтэранаў. Яны хочуць дапамагаць байцам, для якіх вайна ўжо скончылася.

Многім зь іх няпроста ўладкаваць новае жыцьцё, якое, як правіла, даводзіцца пачынаць на чужыне. Зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца, як даюць ім рады і як беларускім вэтэранам можна дапамагчы? Пра гэта ў этэры Свабоды Premium расказваюць былыя байцы палку Каліноўскага Павал Мар’еўскі і Глеб Гунько.

Павал і Глеб трапілі ва Ўкраіну празь некалькі тыдняў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі. Яны сталі аднымі зь першых байцоў тады яшчэ батальёну Каліноўскага. Паводле Мар’еўскага, прыняць такое рашэньне яго прымусіла пачуцьцё несправядлівасьці, калі ён бачыў, як, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, бамбяць украінскія гарады. «Я пайшоў на вайну, каб паказаць, што беларусы — ня роўна Лукашэнка», — кажа Павал.

Глеб Гунько — самы малады былы баец у шэрагах «каліноўцаў». Пасьля пратэстаў у Беларусі ён апынуўся ў Польшчы, маючы 16 год. Імпульсам для таго, каб пайсьці на вайну, стала здарэньне ў польскай краіне. Глеб адгукнуўся на просьбу ўкраінскай уцякачкі аб дапамозе, але калі яна даведалася, што ён беларус, то ўцякла з крамы. «Для мяне гэта быў шок, бо я ведаю, што змагаўся за свабоду Беларусі і шмат аддаў. Гэта былая вялікая несправядлівасьць, і я паехаў на вайну», — расказвае Глеб.

«Пасьля звальненьня з УСУ беларусы застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі»

Павал Мар’еўскі і Глеб Гунько правялі ў шэрагах батальёну Каліноўскага па некалькі месяцаў. Павал сёньня адзін са стваральнікаў Асацыяцыі беларускіх вэтэранаў, а гісторыя Глеба — яскравы доказ, чаму такая арганізацыя неабходная.

«Паколькі існуюць байцы, то рана ці позна яны звальняюцца з шэрагаў Узброеных сілаў Украіны. У кагосьці сямейныя абставіны, хтосьці прыняў рашэньне, што для яго вайна скончылася. Нехта ж звальняецца ў выніку псыхалягічных разладаў. Вайна мае сваю цану, і псыхалягічныя траўмы — гэта база, зь якой людзі выходзяць пасьля вайны. Я ўжо не кажу пра цяжкія раненьні. Пасьля звальненьня з УСУ беларусы застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Трэба шукаць працу, жыльлё. У арміі прасьцей, бо цябе абулі-апранулі і паказалі, дзе вораг, а пасьля вайны пачынаюцца іншыя праблемы», — кажа Павал Мар’еўскі.

Калі Глеб Гунько пакінуў Украіну, то ў яго не было сродкаў аплаціць арэнду жыльля. У выніку ён прасіў дапамогі праз тэлевізію.

«У мяне на вайне была панічная атака цягам трох гадзін, я пайшоў да лекара, папрасіў нешта, каб супакоіцца, але мяне адправілі ні з чым. У штабе, калі я папрасіў аб рэабілітацыі, мне адмовілі: маўляў, я баец, таму, калі хачу на рэабілітацыю, то трэба сыходзіць. Пасьля кантузіі я паехаў у Кіеў, і ў мяне пагоршыўся стан. Я прыняў рашэньне пайсьці на рэабілітацыю, але полк мне адмовіў. Тады я пачаў самастойна шукаць грошы. Паляжаў трохі ў шпіталі ў Кіеве, і пасьля выехаў у Польшчу. Давялося зьвяртацца па дапамогу да беларусаў, да фондаў салідарнасьці, і яны мне вельмі дапамаглі, я трохі падлячыўся», — расказвае Глеб.

Павал Мар’еўскі дадае, што ўсё гэта з Глебам адбывалася на самым пачатку вайны, калі батальён Каліноўскага толькі ствараўся і ня меў паўнавартаснай структуры.

«У Польшчы, Літве і Ўкраіне пражывае некалькі дзясяткаў беларусаў — вэтэранаў баявых дзеяньняў»

Глеб Гунько хоча працаваць, але з гэтым праблема, бо ў яго незавершаная адукацыя. У Беларусі ён скончыў 9 клясаў, і яго прымусілі пакінуць школу ў сувязі з палітыкай. У 16 год ён апынуўся ў Польшчы і хацеў працягнуць вучобу ў ліцэі. Але пасьля 24 лютага зьехаў ва Ўкраіну. Пасьля вяртаньня ў Польшчу ён ня змог вярнуцца на вучобу, бо пасьля 18 год у польскія ліцэі не прымаюць вучняў.

Гісторыя Глеба Гунько не адзінкавая. Агулам, па падліках Паўла Мар’еўскага, у Польшчы, Літве і самой Украіне пражывае ўжо некалькі дзясяткаў беларусаў — вэтэранаў баявых дзеяньняў. Яны сутыкаюцца з рознымі праблемамі — ад легалізацыі да працаўладкаваньня.

«Полк ці іншыя ваенізаваныя арганізацыі, дзе служылі беларусы, не займаюцца праблемамі вэтэранаў. Мы разумеем Украіну, бо сёньня іх галоўная задача — перамагчы ворага, а ўжо пасьля займацца выплатамі і дапамогай. Таму мы такую адказнасьць узялі на сябе і стварылі Асацыяцыю беларускіх вэтэранаў. Мы працуем з польскімі дэпутатамі Сэйма, якія абяцалі дапамагчы з праблемай Глеба. На ягоным прыкладзе мы хочам паказаць усім вэтэранам, што яны ня кінутыя. Мы кожны тыдзень робім сазвоны, даведваемся пра праблемы адзін аднаго і апэратыўна вырашаем», — кажа Павал.

Асацыяцыі дапамагаюць прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык і Павал Латушка. Сахашчык, напрыклад, дамовіўся са шпіталем МУС у Варшаве, каб той вылучыў беларускім вэтэранам квоту для лячэньня. Латушка дапамагае з вырашэньнем юрыдычных пытаньняў.

На першым месцы ў дапамозе вэтэранам, як кажа Мар’еўскі, стаіць сёньня псыхалягічная дапамога, а таксама дапамога з рэабілітацыяй. За ёй ідзе дапамога зь легалізацыяй, адукацыяй і пошукам працы.

Цяпер Асацыяцыя беларускіх вэтэранаў у працэсе рэгістрацыі. Статус фонду дазволіць мець уласны рахунак у банку. Пакуль што, каб вырашыць праблемы былых байцоў, беларускія вэтэраны вайны скідаюцца гатоўкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG