Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія выбары дыктатара. Чаму чарговая «пераканаўчая перамога» можа стаць прадвесьнікам хуткага канца тыраніі


Башар Асад, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Нікалае Чаўшэску. Каляж
Башар Асад, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Нікалае Чаўшэску. Каляж

Чым большую лічбу «ўсенароднай падтрымкі» агучвае дыктатура падчас чарговых «выбараў», тым бліжэйшым можа быць крах шматгадовай тыраніі.

Сьцісла:

  • Закалыханыя і самазаспакоеныя адсутнасьцю палітычнай канкурэнцыі рэжымы, якія канчаткова страцілі адчуваньне рэальнасьці і залежнасьці ад уласнага грамадзтва, часта абвальваюцца ад самага нязначнага павеву ветру гісторыі — зьнянацку і неспадзявана.
  • Рэжым Лукашэнкі на 31-м годзе свайго існаваньня не прапануе грамадзтву ніякай уцямнай прывабнай будучыні. Большасьці людзей відавочна: усё, на што ён быў здольны, ужо ў мінулым і ніякіх новых ідэй і зьдзяйсьненьняў чакаць ад яго не выпадае.
  • На пачатку свайго існаваньня маладыя дыктатарскія рэжымы бываюць прыцягальнымі для грамадзтва. Рашучыя, дзёрзкія, жвавыя, рухавыя, яны па-свойму прывабныя ў адчайным самаахвярным выкліку, які кідаюць старому ўладкаваньню сьвету.
  • Здараецца, што на абарону дыктатараў у крытычнай сытуацыі не выходзяць нават тыя, хто яшчэ ўчора кляліся яму ў адданасьці, сьпявалі асану, дружна падымалі рукі на сходах, запісваліся ў праўладную партыю, аднагалосна падтрымлівалі на фальшывых выбарах... Гэта бывае тады, калі рэжым надакучыў, расчараваў усіх, нават тых, хто паводле сваіх абавязкаў павінен яму служыць.

Вонкава цяперашняя выбарчая кампанія выглядае поўным і безумоўным трыюмфам рэжыму, які ўтрымлівае ўладу. Безь ніякай канкурэнцыі з боку палітычных супернікаў, з выгнанымі за мяжу альбо кінутымі ў турмы апазыцыянэрамі і незалежнымі журналістамі, у цяплічных, камфортных для чыноўнікаў і сілавікоў умовах грамадзкай апатыі і абыякавасьці. Але ў рэальнасьці менавіта такія закалыханыя і самазаспакоеныя адсутнасьцю палітычнай канкурэнцыі рэжымы, якія канчаткова страцілі адчуваньне рэальнасьці і залежнасьці ад уласнага грамадзтва, часта абвальваюцца ад самага малога павеву ветру гісторыі — зьнянацку і неспадзявана.

Адзіная інтрыга студзеньскіх выбараў

Выбарчая кампанія ў Беларусі, фінал якой прызначаны на 26 студзеня, павінна прадэманстраваць непарушную ўстойлівасьць рэжыму Лукашэнкі. Ці не адзіная інтрыга — якую лічбу наважацца запісаць улады ў выніковым пратаколе? Тое, што яна будзе большай за афіцыйную лічбу 2020 году (80,10%), відавочна. А вось ці адважыцца Лукашэнка на тое, каб перавысіць апошні рэкордны афіцыйны вынік Пуціна 2024 году (87,28%)? Тут для дыктатара дылема. З аднаго боку, ніякіх абмежавальнікаў больш няма, а падначаленыя зь вялікім імпэтам імкнуцца прадэманстраваць «нечуваную папулярнасьць усенародналюбімага лідэра»; з другога — існуе абачлівая засьцярога: як бы не раздражніць сваімі рэкордамі славалюбівага «старэйшага брата».

Плякат перад выбарамі ў Менску. Лістапад 2024
Плякат перад выбарамі ў Менску. Лістапад 2024

У мінулым месяцы ў СМІ часта згадвалася імя колішняга румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску: споўнілася 35 гадоў з часу краху ягонай дыктатуры. Праводзіць празрыстыя гістарычныя паралелі схілялі і сьнежаньскія падзеі ў Сырыі: яшчэ зусім нядаўна дыктатар Башар Асад перамагаў на выбарах з вынікам больш як 90% падтрымкі. І тут раптам у канцы 2024-га рэжым у адно імгненьне абрынуўся, а на абарону таго самага «ўсенародна выбранага» ня выйшаў ніхто, нават ягоныя ўласныя спэцслужбы і асабістая ахова. Чаму?

Варта быць карэктнымі: усеагульных прамых прэзыдэнцкіх выбараў у камуністычнай Румыніі не было. Апошні раз Чаўшэску перавыбіралі на пасаду генэральнага сакратара на зьезьдзе Кампартыі ў лістападзе 1989 года, усяго за месяц да краху рэжыму. Усё ішло, як звычайна: шасьцігадзінны даклад правадыра пра посьпехі і дасягненьні 62 разы перапыняўся працяглымі воплескамі з уставаньнем усёй залі. Потым выбары: 3308 «за» з 3308 прысутных. 100-працэнтная падтрымка, ніякіх, нават самых нязначных, праяваў нязгоды ці апазыцыйнасьці.

Нікалае і Алена Чаўшэску і румынскія піянэры, 1979
Нікалае і Алена Чаўшэску і румынскія піянэры, 1979

Прэзыдэнта ў камуністычнай Румыніі выбіраў парлямэнт («Вялікі нацыянальны сход»). На апошніх такіх выбарах у 1985 годзе Чаўшэску таксама атрымаў 100-працэнтны вынік.

Нікалае Чаўшэску дапамагаюць выбрацца з вайсковай машыны. Ён будзе аддадзены пад суд, расстраляны ў той жа дзень, 25 сьнежня 1989
Нікалае Чаўшэску дапамагаюць выбрацца з вайсковай машыны. Ён будзе аддадзены пад суд, расстраляны ў той жа дзень, 25 сьнежня 1989

І пасьля ўсяго гэтага зьдзіўлены і ўражаны сьвет назіраў, як літаральна за некалькі дзён у канцы сьнежня 1989-га рэжым усёмагутнага дыктатара абрынуўся, а самога яго паставілі да сьценкі ягоныя ж былыя паплечнікі. І ўсё гэта — пад усеагульнае грамадзкае ўхваленьне і масавыя народныя сьвяткаваньні з нагоды краху дыктатуры.

Мёртвыя целы Нікалае Чаўшэску (справа) і яго жонкі Алены паказаныя на відэазапісе румынскага тэлебачаньня. 26 сьнежня 1989
Мёртвыя целы Нікалае Чаўшэску (справа) і яго жонкі Алены паказаныя на відэазапісе румынскага тэлебачаньня. 26 сьнежня 1989

Адметна, што Лукашэнка і Пуцін тады, у 1989-м, былі ўжо ў сталым узросьце, рабілі першыя крокі ў палітычнай кар’еры. І, вядома ж, добра памятаюць тыя падзеі. Як яны ацэньваюць тое, што адбылося з Чаўшэску, сёньня, калі самі выбудоўваюць рэжымы, у многім падобныя на той, які чвэрць стагодзьдзя існаваў у Румыніі? Напэўна ж, мяркуюць, што той быў недастаткова рашучым і жорсткім, што недаціснуў «экстрэмістаў» як сьлед, праявіў слабасьць.

Урокі Нікалае Чаўшэску

У рэальнасьці ў тагачаснай Эўропе, відаць, не было іншага дыктатара, які настолькі ж дбаў пра ўласную бясьпеку і быў настолькі жорсткім да хоць якіх праяваў неляяльнасьці. Ствараючы карную сыстэму, Чаўшэску пасьлядоўна арыентаваўся на сталінскія ўзоры. Палітычная паліцыя — "Сэкурытатэ«— мела неабмежаваную ўладу. Тысячы палітычных вязьняў, катаваньні ў турмах, сьмяротныя прысуды ворагам рэжыму — усё гэты было звыклымі атрыбутамі рэжыму Чаўшэску. Да сярэдзіны 80-х у ліку інфарматараў «Сэкурытаця» значылася каля траціны дарослага насельніцтва ў краіне. Для аховы самога Чаўшэску, паводле некаторых зьвестак, было задзейнічана каля 40 тысяч супрацоўнікаў «Сэкурытатэ».

Калі ў сьнежні 1989-га на захадзе краіны, у Тымішаары пачаліся грамадзкія хваляваньні, Чаўшэску зусім не вагаўся: спэцслужбам і арміі тут жа быў аддадзены загад «па мяцежніках страляць без папярэджаньня». У выніку загінулі сотні ўдзельнікаў пратэстаў — мужчын, жанчын, дзяцей. Ад партыйных функцыянэраў Чаўшэску ў тыя дні патрабаваў ствараць адмысловыя атрады самаабароны са сваіх цьвёрдых прыхільнікаў колькасьцю ня менш за 50 тысяч «правераных пралетарыяў». Інакш кажучы, ніякай нерашучасьці і мяккацеласьці ў ягоных дзеяньнях не было відаць. І тым ня менш фінал 71-гадовага дыктатара быў трагічны. Раптам выявілася, што абараняць яго няма каму: некуды раптоўна зьніклі, нібы растварыліся, шматлікія спэцслужбы, ахова, армія. А ў выніку — вымушаныя імклівыя ўцёкі, арышт, праведзены ягонымі ж уласнымі вайскоўцамі, пасьпешлівы трыбунал і такі ж пасьпешлівы расстрэл, які арганізаваў і якім кіраваў адзін з колішніх ягоных найбольш набліжаных сілавікоў, генэрал Віктар Стэнкулеску.

Апошні выступ Нікалае Чаўшэску. 22 сьнежня 1989
Апошні выступ Нікалае Чаўшэску. 22 сьнежня 1989

Мне даводзілася бываць у Румыніі за паўтара года да краху Чаўшэску. На тле перабудовачнага СССР гэта быў «сацыялізм зь нечалавечым тварам». І справа была ня толькі ў галечы, выкліканай няспыннымі эканамічнымі авантурамі дыктатара (тагачасны Савецкі Саюз таксама ня жыў у дастатку). Уражваў страх, які панаваў на вуліцах Бухарэста. Людзі ўвогуле баяліся сказаць хоць слова на тэму палітыкі. І адначасова выразна адчувалася, наколькі такі стан рэчаў надакучыў усім. Ня толькі тайным апанэнтам рэжыму, а і тым, хто нібыта павінен быў служыць яму — журналістам, дробным чыноўнікам, настаўнікам, навукоўцам. Запалоханае грамадзтва нагадвала сьціснутую спружыну. Гэта ўражвала: эўрапейскі мэнталітэт народу — і адначасова нейкі азіяцкі дэспатызм дзяржаўнага ладу, кепска прыхаваная нянавісьць да апарату прыгнёту і вонкавая вымушаная пакора перад сілай. Усё тое, што характэрна і для сёньняшняй Беларусі.

Куды падзеліся армія і спэцслужбы

І ў гэтым, відавочна, адказ на пытаньне, чаму на абарону дыктатараў у крытычнай сытуацыі не выходзяць нават тыя, хто яшчэ ўчора кляліся яму ў адданасьці, сьпявалі асану, дружна падымалі рукі на сходах, запісваліся ў праўладную партыю, аднагалосна падтрымлівалі на фальшывых выбарах... Дыягназ: рэжым надакучыў, расчараваў усіх, нават тых, хто паводле абавязкаў павінен яму служыць.

Істотным фактарам тут, пэўна, магло б быць асабліва шчодрае забесьпячэньне «сваіх» — сілавікоў, чыноўнікаў, прапагандыстаў. Але ва ўмовах жабрацкай краіны і беднай казны нават гэтая адносная шчодрасьць выглядае досыць убога. Усе бачаць, што ў суседніх краінах, дзе няма дыктатуры, жыцьцёвы ўзровень непараўнальна вышэйшы. А паколькі сілавы і чыноўніцкі апарат непрапарцыйна разьдзьмуты, «кармавой базы» на ўсіх не хапае. У выніку гэтыя нібыта прыкормленыя «сілавікі» насамрэч не такія ўжо сытыя ды задаволеныя. І ў крытычны момант могуць павесьці сябе самым нечаканым чынам.

Сірыйцы на маршы ў гонар гадавіны заснаванmня партыі Баас і ў падтрымку прэзsдэнта Башара Асада ў Дамаску, 7 красавіка 2012
Сірыйцы на маршы ў гонар гадавіны заснаванmня партыі Баас і ў падтрымку прэзsдэнта Башара Асада ў Дамаску, 7 красавіка 2012

Адметны прыклад — нядаўнія падзеі ў Сырыі, калі на працягу некалькіх дзён абрынулася дынастычная дыктатура Асадаў, якая кіравала краінай больш як паўстагодзьдзя. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах 2021 году за Башара Асада, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 95,1% сырыйцаў. Сілавы апарат Асада-малодшага налічваў некалькі соцень тысяч чалавек — армія, служба бясьпекі, асабістая ахова. Усю рэпрэсіўную машыну дапамагалі ствараць, навучаць і падтрымліваць расейцы — паводле ўласных стандартаў і на ўласным прыкладзе. Ні мяккім, ні рахманым палітычны рэжым Асада ня быў: турмы былі перапоўненыя палітзьняволенымі, людзей каралі за любую праяву неляяльнасьці.

Людзі топчуць партрэт Башара Асада. Дамаск, 8 сьнежня 2024
Людзі топчуць партрэт Башара Асада. Дамаск, 8 сьнежня 2024

Для Масквы (як, зрэшты, і для Менску) стала поўнай нечаканасьцю тое, што ў крытычны момант абараняць дыктатуру не было каму: Асад вымушаны быў ратавацца ўцёкамі. Уся вялізная армія і асабістая ахова проста разышліся, паўцякалі, нават не зрабіўшы ніякай спробы супраціўляцца паўстанцам. Што ўжо казаць пра тых 95% сырыйцаў, якія нібыта галасавалі за Асада на апошніх выбарах. Яны сьвяткавалі канец рэжыму на вуліцах і плошчах сырыйскіх гарадоў, зрынаючы статуі дыктатара і палячы ягоныя партрэты.

«Калі нехта думае, што я ўчапіўся за крэсла...»

Лукашэнка — з таго пакаленьня, якое добра памятае, як распадаўся СССР. І, відавочна, ведае адказ на пытаньне, чаму ў 1991-м, калі КПСС страчвала сваё панаваньне, на яе абарону і на выратаваньне СССР на вуліцу ня выйшаў фактычна ніхто, хоць фармальна партыя налічвала больш як 20 мільёнаў сяброў. Проста незьмяняльны камуністычны рэжым надакучыў на той час ужо ўсім, нават самім шараговым камуністам. Адчуваньне тупіковасьці, беспэрспэктыўнасьці было ўсеагульным: грамадзтва прагнула пераменаў і не чакала больш нічога добрага ад старога спарахнелага рэжыму.

Аляксандр Лукашэнка на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Берасьцкай вобласьці. 22 кастрычніка 2022
Аляксандр Лукашэнка на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Берасьцкай вобласьці. 22 кастрычніка 2022

У Лукашэнкі адзін час было яўнае жаданьне пазьбегнуць такой стадыі сваёй дыктатуры. А гэта стадыя набліжалася, ён гэта прадчуваў. Пачынаючы з 2014 году, Лукашэнка публічна дзевяць разоў у розных варыяцыях паўтараў фразу пра тое, што ня будзе «трымацца за ўладу пасінелымі пальцамі». Апошні раз такое абяцаньне прагучала ўвосень 2021-га, падчас падрыхтоўкі канстытуцыйнага рэфэрэндуму, пасьля якога, як меркавалася, пачнецца транзыт улады:

«Калі нехта думае, што я ўчапіўся за крэсла (і ўжо рукі пасінелі), каб мяне тут не адарвалі ад яго, вы проста памыляецеся. Я рэальна ацэньваю сытуацыю, свае магчымасьці».

На працягу апошніх трох гадоў згадкі пра «сінія пальцы» спакваля сьціхлі: абяцаны «транзыт» адменены, а ідэя з УНС засунутая ў дальнюю шуфляду. Прага асабістай улады аказалася мацнейшай за рацыянальныя развагі і намеры (зрэшты, як і амаль ва ўсіх іншых дыктатараў). Праўда, у апошнім навагоднім звароце Лукашэнка цьмяна намякнуў на тое, што «зьмена пакаленьняў завершыцца ў наступныя гады». Але пра тое, каго будзе датычыць гэтая зьмена, згадана не было. Абяцаньні «не трымацца сінімі пальцамі» больш не гучаць.

Каму гэта «надо»

Папраўдзе, на пачатку свайго існаваньня маладыя дыктатарскія рэжымы бываюць прыцягальнымі для грамадзтва. Рашучыя, дзёрзкія, жвавыя, рухавыя, па-свойму прывабныя ў адчайным самаахвярным выкліку, якія яны кідаюць старому ўладкаваньню сьвету... Такімі былі бальшавікі на пачатку сваёй рэвалюцыі, якая перакуліла прагнілае расейскае самадзяржаўе ў 1917-м. Такім быў і малады Лукашэнка, які ў 1994-м кінуў выклік посткамуністычнай кебічаўскай намэнклятуры, ад якой грамадзтва ўжо не чакала нічога добрага і таму паверыла папулісцкім лёзунгам маладога дырэктара шклоўскага саўгаса і прагаласавала за перамены.

Аляксандар Лукашэнка сядзіць на табурэце на вайсковым палігоне, 2022
Аляксандар Лукашэнка сядзіць на табурэце на вайсковым палігоне, 2022

Сёньня ён сам апынуўся ў той жа ролі пажылога дыктатара, які любым спосабам намагаецца ўтрымаць у руках асабістую ўладу, зь якой зросься за 31 год і безь якой, выглядае, не ўяўляе сабе далейшага існаваньня. Галоўная для яго праблема ў тым, што гэты рэжым — архаічны, састарэлы, спарахнелы, безнадзейны — надакучыў усім, нават тым, хто яму нібыта павінен служыць.

Таленавіты савецкі паэт і бард, знаўца айчыннай гісторыі Булат Акуджава яшчэ ў канцы 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў паэтычнай форме выказаў гэту галоўную ўмову краху любога «царства»:

Вселенский опыт говорит,

что погибают царства

не оттого, что тяжек быт

или страшны мытарства.

А погибают оттого

(и тем больней, чем дольше),

что люди царства своего

не уважают больше.

Адметна, што падчас гэтай, каторай ужо па ліку кампаніі перавыбраньня Лукашэнкі на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін, у якасьці галоўнага прапагандысцкага лёзунгу замест якога-небудзь прывабнага абяцаньня ўлада чамусьці выбрала казармэнна-міліцэйскае слоўца-загад: «Надо!». Але паспрабуйце знайсьці тых, каму гэта сапраўды «надо» (апроч адной усім вядомай асобы).

Для ўсіх відавочна, што гэты рэжым не прапануе ніякай уцямнай прывабнай будучыні; што ўсё, на што ён быў здольны, ужо ў мінулым і ніякіх новых ідэй і зьдзяйсьненьняў ад яго не выпадае чакаць. Ва ўзросьце за 70 людзі рэдка мяняюцца.

Нейкі час ён яшчэ будзе трымацца на страху і рэпрэсіях, але абрынецца ў адзін момант — як Чаўшэску ў Румыніі ці Асад у Сырыі. І абараняць яго ня выйдзе на вуліцу ніхто з тых 90 працэнтаў (ці каля таго), якія нібыта прагаласуюць за яго праз тры тыдні, на выбарах 26 студзеня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG