Аднак афіцыйнай рэакцыі кіраўніцтва беларускага Касьцёлу і Ватыкану няма. Сваімі думкамі аб гэтым са Свабодай падзяліліся беларускія сьвятары і вернікі.
30 сьнежня 2024 году 64-гадовага ксяндза Генрыка Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў калёніі нібыта за «здраду дзяржаве». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме ў Менску. Дэталі справы невядомыя. 27 сьнежня пачалі судзіць яшчэ аднаго ксяндза, Анджэя Юхневіча. Яго абвінавачваюць у пэдафіліі. Сутнасьць выстаўленых Юхневічу абвінавачаньняў стала вядомая толькі праз 7 месяцаў зьняволеньня.
Ярархі Каталіцкай царквы ў Беларусі ня выступілі публічна ў абарону сваіх сьвятароў. Яны выпусьцілі толькі кароткія паведамленьні аб тым , што сьвятары сапраўды затрыманыя.
- Ксёндз Генрык Акалатовіч — пробашч рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Юзафа ў Валожыне. Мае цяжкія хваробы, перанёс апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалёгіяй. Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году. За кратамі ён правёў ужо больш за год. Спачатку сядзеў у СІЗА КДБ.
- Ксёндз Анджэй Юхневіч — пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне Віцебскай вобласьці. 3 студзеня яму спаўняецца 43 гады. Першапачаткова Юхневіча затрымалі паводле «палітычных» адміністрацыйных артыкулаў 8 траўня 2024 году і трымалі больш за 55 дзён у ізалятары. Судзілі некалькі разоў запар і падаўжалі арышт. Абвінавачаньні ў пэдафіліі сталі публічна вядомыя толькі перад судом.
Гісторыі Акалатовіча і Юхневіча ня першыя прыклады перасьледу каталікоў у Беларусі.
Забарона на вяртаньне арцыбіскупа Кандрусевіча
31 жніўня 2020 года тагачаснага мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы з службовай выправы. Спачатку памежнікі наагул не давалі інфармацыі, чаму сьвятара, які зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, не пускаюць у сваю краіну, потым анулявалі пашпарт. Нібыта правяралі, ці ёсьць у яго іншае грамадзянства. 2 лістапада 2020 года падчас сустрэчы зь мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Веньямінам Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт сытуацыі з Кандрусевічам.
«Я як кіраўнік дзяржавы паводле Канстытуцыі абавязаны абараняць гэтую дзяржаву, гэта найпершы мой абавязак. Я буду вымушаны рэагаваць. Прыкладам таму зьяўляецца настаяцель Каталіцкай царквы. Езьдзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашу краіну, нікому ня будзе дазволена», — сказаў тады Лукашэнка.
І толькі напярэдадні Раства, 24 сьнежня 2020 году, мітрапаліту Менска-Магілёўскаму, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве Кандрусевіч пакінуў пасаду кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі.
Забарона гімна «Магутны Божа» і фэстывалю духоўнай музыкі
2 ліпеня 2021 году падчас выступу на сходзе ў гонар Дня Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка перасьцярог ад выкананьня рэлігійнага гімну «Магутны Божа» (музыку на верш Натальлі Арсеньевай напісаў кампазытар Мікола Равенскі).
«Гэта немаведама што: да сакральных месцаў нашай дзяржаўнасьці яны рушылі пад сьцягамі фашысцкіх наймітаў-паліцаяў. І апошнім часам нашыя сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты пра тое, што ў касьцёлах хочуць памаліцца (заўтра ці то сёньня) пад „Магутны Божа“. Глядзіце, нарвяцеся», — заявіў тады Лукашэнка.
У траўні 2021 году адмянілі традыцыйны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які праводзіўся ў Магілёве з 1990-х гадоў.
Дзесяць арыштаў за 2023 год
Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу вымушаны былі выехаць каля дзясятка каталіцкіх сьвятароў, сярод якіх ксёндз і блогер Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў (які «пракаціў» амапаўца на капоце машыны падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 году). Крыху пазьней выехаў зь Беларусі ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе. На гэтых сьвятароў былі заведзеныя крымінальныя справы.
Ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які служыў у Паставах, вымушаны быў выехаць на радзіму пасьля допыту ў міліцыі пра ролік у падтрымку Ўкраіны ў 2022 годзе. Ён пражыў у Беларусі 14 гадоў і пабудаваў два касьцёлы. Пасьля ягонага ад’езду рэжым датэрмінова скасаваў Бульчаку дазвол на служэньне ў Беларусі.
Згодна са справаздачай таварыства «Дапамога Касьцёлу ў патрэбе» апублікаванай у студзені 2024 году, толькі ў 2023 годзе ў Беларусі арыштавалі 10 ксяндзоў
З дакумэнту вынікае, што ва ўзроўні рэпрэсій супраць Каталіцкай царквы Беларусь займае 2-е месца ў сьвеце. Горшая сытуацыя толькі ў Нікарагуа, дзе пад вартай на той момант знаходзіліся 46 каталіцкіх сьвятароў, а біскуп Ралянда Альварэс быў асуджаны на 26 гадоў турмы.
Закрыцьцё Чырвонага касьцёла
Увосень 2022 году ўлады закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску. Прычынай назвалі пажар у будынку, які нібыта здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
У канцы сьнежня 2024 году менскія ўлады запатрабавалі ад парафіі закрытага ўжо больш за два гады касьцёла ў гонар сьвятых Сымона і Алены пагасіць запазычанасьць у памеры 148 тысяч рублёў.
Нягледзячы на маштабныя рэпрэсіі супраць каталікоў і каталіцкіх сьвятароў, афіцыйна Касьцёл у Беларусі іх не камэнтуе. Таксама няма афіцыйных выказваньняў аб сытуацыі ў краіне.
«Ціхае дамаўленьне з уладамі»
Каталіцкі вернік Павал* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхняй бясьпекі. — РС) мяркуе, што беларускія біскупы не выказваюцца пра палітычныя справы над сьвятарамі і рэпрэсіі ў дачыненьні да касьцёла, бо апублічваньне звычайна не дапамагае.
«Яны маюць досьвед апублічваньня, як усё выйшла з Чырвоным касьцёлам, праблемнымі справамі, зьвязанымі зь іншымі касьцёламі, вяртаньнем будынкаў у Бабруйску, Магілёве, калі біскупы выказваліся наконт новай рэдакцыі закону аб рэлігіях. Ці штосьці гэта дало? Нічога», — камэнтуе суразмоўца.
Павал думае, што вострыя справы, як у выпадку ксяндза Акалатовіча, вырашаюцца ў кулюарах.
«Гэта ня новае. Існавалі адносіны паміж Касьцёлам і ўладамі да 2020 году. Яны маюць досьвед, што ціхае закуліснае дамаўленьне з уладамі, пошук кампрамісаў працуе, і ўлады гэтага хочуць. Мы можам прыгадаць справу ксяндза Ўладзіслава Лазара. Касьцёл не выказваўся, не пратэставаў, Лазара ўрэшце выпусьцілі, ён працуе да сёньня», — зазначае Павал.
Суразмоўца адзначае, што грамадзкасьць ня ведае дэталяў, чаму адных сьвятароў арыштоўвалі ў адміністрацыйных справах, а іншых штрафавалі, чаму камусьці зь іх дазволілі выехаць за мяжу, а потым на некаторых завялі крымінальныя справы.
«Маглі не дазваляць. Мы ня ведаем, ці гэта была закулісная дамоўленасьць, ці не. Мы ня ведаем, я ўпэўнены, пра дзясяткі іншых выпадкаў, якіх ніколі не пабачыла грамадзкасьць», — разважае вернік.
Чарговая прычына маўчаць, на ягоную думку — гэта «магутны ціск».
«Думаю, біскупы адчуваюць, што цяпер трэба вытрываць ва ўмовах сыстэмы. Яны спрабуюць знайсьці ўмовы, у якіх можна далей функцыянаваць. Іх выклікаюць на прафіляктычныя гутаркі, праслухоўваюць іхныя размовы. Усялякія сыгналы біскупам пасылаюць. Дастаткова адкрыць канал „Жоўтыя зьлівы“ і паглядзець стыль, у якім сілавікі намякаюць на інфармацыю, якую маюць пра сьвятароў. Гэтым яны шантажуюць», — кажа Павал.
Ён мяркуе, што празь ціск ярархі Касьцёла вымушаныя шукаць кампрамісаў і не заўсёды выказвацца, калі ад іх чакае грамадзтва.
«Касьцёл ідзе на супрацоўніцтва»
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, ксёндз Ян, мяркуе, што Касьцёл маўчыць, бо запалоханы.
«[Сілавыя органы] маюць на некаторых святароў кампрамат. Усе ўсё ведаюць, але садзяць ня тых, на каго кампрамат маюць, а тых, на каго ня маюць. Таму і маўчаць, што тыя кіраўнікі Касьцёлу, якія сёньня ёсьць у Беларусі, на жаль, думаюць не пра дабро Касьцёлу, а пра сваё ўласнае дабро», — кажа сьвятар.
Адначасна ён мяркуе, што каталіцкія ярархі не маўчаць. Аднак яны выказваюцца толькі непублічна.
«Касьцёл выказваецца. Касьцёл ідзе на супрацоўніцтва. Касьцёл апраўдвае зло, называючы несправялівую сытуацыю свабодай веравызнаньня», — кажа ён пра біскупаў, якія цытуюць Лукашэнку або робяць выгляд, што ў Беларусі няма палітычных рэпрэсій.
Сьвятар перакананы, што справы ксяндзоў Генрыка Акалатовіча і Анджэя Юхневіча палітычныя. Прыкметы гэтага, паводле яго, — мала інфармацыі аб справах, закрытыя суды, першапачатковае затрыманьне паводле палітычных артыкулаў.
«Каб гэтыя працэсы не былі палітычныя і справакаваныя толькі з мэтай запалохаць духавенства і грамадзтва, то яны мелі б у сабе склад злачынства, выглядалі б зусім інакш. Было б дакладна вядома, за што судзяць ксяндза Генрыха Акалатовіча. З аднаго боку, вядома, што ён нібыта прынёс Беларусі „матэрыяльнай шкоды“ на мільён даляраў. Усё падлічылі, але не агучылі, што ў Беларусі каштуе мільён», — разважае ён.
Справу сьвятара Юхневіча ксёндз Ян лічыць «сьмешнай».
«Яго паўгода трымаюць за кратамі, і пасьля мы даведваемся, што судзіць яго будуць за пэдафілію. Паўстае пытаньне: у які момант улады даведаліся, што было гэтае злачынства? На якой падставе, калі ёсьць пэдафіл, органы дазваляюць сабе затрымаць чалавека не паводле складу злачынства пэдафіліі, а ў адміністрацыйным працэсе? Гэта значыць, што рэжым пакрывае пэдафілаў. Рэжым — саўдзельнік», — кажа суразмоўца.
Ксёндз Ян разважае, што калі б ксёндз Юхневіч зьдзейсьніў злачынства, зьвязанае з пэдафіліяй, то ў такім выпадку пра гэта ўжо раней ведалі б сілавыя структуры.
«У Беларусі доўгі час кожны сьвятар знаходзіўся пад каўпаком. На кожнага зьбіралі кампрамат. Гэта занадта прывабная рэч для злачыннага рэжыму — пэдафілія — каб апублікаваць гэта, калі сьвятар маральны, прапаведуе слова Божае і выступае супраць гвалту, супраць беззаконьня, супраць вайны. Калі не было гэта апублічана раней, то значыць, на маю думку, няма ніякай справы», — перакананы суразмоўца.
Ксёндз Анджэй — манах-аблат. Ягонае манаскае кіраўніцтва знаходзіцца ў Польшчы. Але і польская манаская супольнасьць не выказвалася наконт гэтых абвінавачаньняў.
Прыкметай палітычнага перасьледу ксёндз Ян лічыць і тое, што пра справу ксяндза Юхневіча не выказваюцца ні беларускія біскупы, ні Ватыкан, хаця яны мусілі б адрэагаваць на закіды ў пэдафіліі духоўнай асобы. Ён дадае, што не вядома, каб Ватыкан заступіўся за гэтых беларускіх сьвятароў.
«Ватыкан займаецца палітычнай дзейнасьцю ў інтарэсах Ватыкану. Інтарэсы беларускія не прадугледжваюцца. Ватыкан гаворыць з тымі, хто мае сілу. Крэмль мае сілу. Яны будуць гаварыць з Крамлём пра нейкі дыялёг. Пра Беларусь ня будуць гаварыць, бо Беларусі няма для іх», — мяркуе сьвятар.
Суразмоўца дапускае, што ксяндза Юхневіча ня выпусьцілі, бо яго ня здолелі зламаць.
«А цяпер ты паспрабуй адмыцца, будучы за кратамі, калі цябе катавалі. Цяпер паспрабуй апраўдацца. Ніхто табе слова ня скажа добрага. Як убачылі, што няма за што прычапіцца, — пэдафіл, вось і ўсё», — разважае сьвятар пра наступствы такога абвінавачаньня, нават калі яно беспадстаўнае.
Маўчаньне пра палітыку
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, ксёндз Андрэй, мае іншую думку. Паводле яго, біскупы не бароняць сваіх сьвятароў, бо гэта, магчыма, і не палітычныя справы. Ксёндз Андрэй успомніў пра выпадак, калі Касьцёл заступіўся за беларускага сьвятара. Гэта быў ксёндз Уладзіслаў Лазар, які тады кіраваў парафіяй у Барысаве. Яго затрымалі ў 2013 годзе і абвінавацілі ў шпіянажы. Пасьля паўгода ўтрыманьня ў СІЗА КДБ сьвятара выпусьцілі, ягонай віны не даказалі.
«Тады Касьцёл у асобе нунцыя Гуджэроцьці (прадстаўнік папы Рымскага ў Беларусі ў той час. — РС) заступіўся. Дзякуючы яму ксяндза Ўладзіслава Лазара вызвалілі. Думаю, у асобе Антэ Ёзіча (прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі з траўня 2020-га да чэрвеня 2024 году. — РС) ёсць нейкая абарона, заступніцтва за беларускіх святароў. Магчыма, Ватыкан нешта кажа, каб не было вельмі ўжо жорстка, праз Антэ Ёзіча», — думае сьвятар.
Ён успомніў, што цяперашні кіраўнік Касьцёлу ў Беларусі мітрапаліт Юзаф Станеўскі пасьля пратэстаў 2020 году папярэдзіў ксяндзоў на агульнай сустрэчы, каб яны не выказваліся на палітычныя тэмы, бо ён ня будзе іх бараніць.
Ніякіх абурэньняў
Яшчэ адзін каталіцкі сьвятар, які сам быў вымушаны выехаць зь Беларусі пасьля 2020 году, у размове са Свабодай не зьдзіўляецца, чаму прадстаўнікі Касьцёлу ніяк афіцыйна не рэагуюць на рэпрэсіі і не бароняць сваіх публічна.
«Мы бачым біскупаў каталіцкіх, якія ўжо спрабуюць публічна хваліць злачынную ўладу. Не адзін раз мітрапаліт Менскі цытаваў словы кіраўніка краіны, які незаконна трымае ўладу ў сваіх руках. Так што ня будзе ніякіх абурэньняў і зваротаў з боку Каталіцкай царквы. Таму што Ватыкан мае сваё бачаньне, ён увогуле пра Беларусь ня думае. Ён думае пра нейкі ілюзорны глябальны сьвет, і ў гэтай канфігурацыі сьвету для Беларусі проста няма месца», — кажа сьвятар.
Паводле ягоных слоў, Ватыкан у сваёй усходняй палітыцы, якую прасоўвае, пачынаючы ад Карыбскага крызісу, прагматычна падыходзіць да праблемных сытуацый і размаўляе толькі з тымі, хто мае сілу.
«Вось сёньня беларускі рэжым мае сілу — яны з гэтым рэжымам гавораць. А калі заўтра адбудзецца нейкая раптоўная перастаноўка, хтосьці іншы возьме ўладу, яны адразу пачнуць гаварыць з новай уладай. Але ў такой цяперашняй канфігурацыі Беларусь для Ватыкана ня мае ніякага інтарэсу. Для Ватыкану вельмі важна, каб усё было ціха і спакойна. Яны разумеюць, што сёньня Беларусь акупаваная, і мы ж бачылі, як на аўдыенцыях з Лукашэнкам нунцыі ўсьміхаліся. Яны ўсе разумеюць, што гэта несур’ёзна, а сур’ёзны суразмоўца знаходзіцца ў Маскве і мае сілу ў сваіх руках. У такой сытуацыі не прадугледжана рэакцыя Ватыкану ў абароне мясцовага Касьцёлу», — разважае суразмоўца.
Сьвятар лічыць, што абавязавак мясцовых біскупаў — бараніць правы Касьцёлу. Але Ватыкан зараз прызначае ў Беларусь такіх біскупаў, якія праводзяць зручную для ўсіх палітыку.
«Галоўнае для Ватыкану — каб біскупы былі паслухмянымі і праводзілі агульнапрынятую лінію. Таму спадзявацца, што або Ватыкан штосьці скажа, або Касьцёл у Беларусі абароніць кагосьці са сьвятароў, не выпадае. Гэта немагчыма. Хтосьці выступіць у іх абарону: маўляў, біскупы ня могуць запярэчыць, бо ўсе ведаюць, які рэжым пануе ў Беларусі. Так, біскупы не маглі пайсьці на прысуд Акалатовіча, бо ў іх быў страх за сваю шкуру, за сваё крэсла. Магчыма. Але які страх можа быць у сакратара папскай нунцыятуры, які афіцыйна працуе ў Беларусі?» — задае рытарычнае пытаньне сьвятар.
Суразмоўца мяркуе, што такі сымбалічны жэст з боку Ватыкану быў цалкам магчымы. Але яго не адбылося.
«І тут мы бачым прагматычны падыход Ватыкану. Гэта сьвядомы выбар — ня ўдзельнічаць у гэтых працэсах і дазваляць рэжыму зачышчаць Касьцёл ад тых элемэнтаў, так бы мовіць, якія рэжыму не падабаюцца», — перакананы сьвятар.
Форум