Вось сем парадаў аб здаровым харчаваньні, якія апублікавала журналістка The New York Times Эліс Кэлаган, якая спэцыялізуецца на здаровым ладзе жыцьця і дыеталёгіі. Высновы журналісткі грунтуюцца на навуковых публікацыях апошняга году.
1. Трымайцеся дыеты, пра якую амаль усе забыліся
Калі ў вас высокі крывяны ціск, то скарачэньне спажываньня солі — не адзіны спосаб яго зьнізіць. Клінічныя выпрабаваньні паказалі, што дыета DASH, якая аддае перавагу садавіне і гародніне, суцэльнаму збожжу, малочным прадуктам, птушцы і рыбе, а таксама бабовым, можа дзейнічаць гэтак жа добра, як і прыём лекаў для зьніжэньня артэрыяльнага ціску.
2. Нягледзячы на заявы некаторых ўплывовых дыетолягаў, алеі з насеньня не атручваюць нас павольна
Некаторыя ўплывовыя асобы ў сфэры здаровага ладу жыцьця называюць алеі з насеньня «таксычнымі». Але дасьледаваньні паказваюць, што спажываньне гэтых расьлінных алеяў, у тым ліку рапсавага, кукурузнага, сланечнікавага і алею з костак вінаграду, зьвязана са зьніжэньнем рызыкі сардэчна-судзінных хваробаў, дыябэту ІІ тыпу і раньняй сьмерці. Асабліва гэта актуальна, калі людзі выкарыстоўваюць алей для замены жывёльных тлушчаў, такіх як сьметанковае масла і сала.
3. Дадаткі магнію могуць дапамагчы пры некаторых распаўсюджаных хваробах
У нашы дні шмат хто прымае дадаткі магнію. Дыетолягі кажуць, што сапраўды большасьці людзей магнію не хапае. Але найлепшы спосаб павялічыць яго спажываньне — атрымліваць яго з такіх прадуктаў, як арэхі, насеньне, ліставая зеляніна, бабы і суцэльнае зерне. Некаторыя невялікія дасьледаваньні паказваюць, што дабаўкі магнію могуць дапамагчы пры пэўных праблемах, такіх як мігрэнь, праблемы са сном, запоры і кантроль за ўзроўнем цукру ў крыві.
4. Некаторыя віды малюскаў зьяўляюцца выдатнымі крыніцамі бялку і карысных тлушчаў
Двухстворкавыя малюскі, такія як рачныя мідыі, вустрыцы, мідыі і грабеньчыкі, багатыя ненасычанымі тлушчамі, бялком, вітамінамі і мінэраламі. Напрыклад, мідыі багатыя на амега-3 тлустыя кіслоты, вітамін B12, цынк і жалеза. Двухстворкавыя малюскі таксама пазбаўленыя экалягічнага багажу шматлікіх іншых відаў морапрадуктаў (напрыклад, крэвэтак). Але яны могуць утрымліваць бактэрыі, якія выклікаюць харчовае атручэньне, таму лепш іх купляць у надзейных крамах.
5. Спажываньне вялікай колькасьці цукру можа выклікаць ня толькі карыес і набор вагі
Цукар доўгі час быў неабходнай крыніцай энэргіі для нашага арганізму. Але цяпер, калі вытворцы прадуктаў харчаваньня дадаюць яго ў многія прадукты і напоі, нават у хлеб, мы атрымліваем цукру больш, чым можа вытрымаць і нэўтралізаваць наша цела. Наступствы для здароўя могуць выходзіць за рамкі набору вагі і карыесу, у тым ліку ўплываць на кішэчнік, мозг, печань, сэрца, суставы і шматлікія іншыя органы і часткі нашага цела.
6. Празьмернае спажываньне алькаголю шкодзіць кішэчніку
Да канца няясна, як і ці ўплывае на кішэчнік рэдкі келіх віна ці куфаль піва. Але дасьледаваньні паказваюць, што ў людзей, якія шмат п’юць, у кішэчніку назіраецца дысбалянс «добрых» і «дрэнных» бактэрый, што зьвязана з запаленьнем і хваробамі. У аматараў алькаголю можа быць больш пранікальная (або «дзіравая») сьлізістая абалонка кішэчніка, што спрыяе запаленьню і пашкоджаньню печані.
Дасьледаваньні паказваюць, што нават эпізадычнае запойнае ўжываньне алькаголю — чатыры ці болей порцый на працягу двух гадзін для жанчын або пяць ці болей порцый для мужчын — можа выклікаць запаленьне і зьмены мікрабіёму, якія самі па сабе выклікаюць падвышаную цягу да алькаголю.
7. Харчуйцеся рэгулярна
У наш час некаторыя людзі аддаюць перавагу дыеце OMAD, гэта значыць, ядуць адзін раз у дзень. Гэта экстрэмальная форма інтэрвальнага галаданьня, пад якім маецца на ўвазе прыём ежы толькі ў пэўныя прамежкі часу, напрыклад, восем гадзін паміж 10.00 і 18.00. Экстрэмальныя прыхільнікі інтэрвальнага галаданьня ядуць адзін раз у дзень. Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што інтэрвальнае галаданьне можа дапамагчы са стратай вагі, але практыкаваньне толькі аднаго прыёму ежы ў дзень, хутчэй за ўсё, пакіне вас галодным і схільным да пераяданьня.
Форум