Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У шкарпэтках на лавачцы — добра, але час зламаць лаўку і даць адпор», — Сяржук Кедышка з «Паспалітага рушэньня»


Сяржук Кедышка
Сяржук Кедышка

У Польшчы і Літве фармуюцца харугвы «Паспалітага рушэньня». Гэта вайскова-патрыятычнае аб’яднаньне беларусаў, назва якога сягае часоў Вялікага Княства Літоўскага. Разам зь іншымі беларускімі вайсковымі адзінкамі «Паспалітае рушэньне» мае намер вызваляць Беларусь ад дыктатуры.

Пра дзейнасьць гэтай арганізацыі расказвае яе прадстаўнік Сяржук Кедышка.

Дзейнасьць «Паспалітага рушэньня» адбываецца па прынцыпе клюбаў вайскова-фізычнай падрыхтоўкі. Такія клюбы цалкам легальныя ў тых краінах, дзе дзейнічае «ПР». Зрэшты, легальныя яны ў Беларусі, напрыклад, страйкбольныя клюбы. Ва ўдзельнікаў трэнінгаў «Паспалітага рушэньня» няма баявой зброі.

Пакуль заняткі адбываюцца ў выходныя дні. Групы выяжджаюць за горад, дзе ёсьць неабходныя для трэніровак будынкі ці мясцовасьць. Там харугва разьбіваецца на падразьдзелы, і кожны выконвае свае задачы. Нехта адпрацоўвае заданьні са зброяй, а нехта проста рые акопы. У «Паспалітага рушэньня», як расказвае Кедышка, ёсьць дасьведчаныя камандзіры, якія бралі ўдзел у вайне ва Ўкраіне. Ёсьць і кадравыя афіцэры беларускай арміі.

«Практыка вайскова-патрыятычнага выхаваньня — гэта нармальная практыка ў любой краіне. Гэта звычайныя заняткі, як і ў спартовай сэкцыі, але трошкі іншы антураж. Гэта нармальна, што мужчыны, якія адслужылі ў войску і маюць досьвед, трымаюць сябе ў форме на выпадак надзвычайных сытуацый. А тое, што рэжым малюе нас нейкімі баевікамі, то гэта, напэўна, ад страху», — кажа Сяржук Кедышка.


Паводле Кедышкі, ніякіх грантаў арганізацыя не атрымлівае. Базу, дзе адбываюцца трэніроўкі, паводле Кедышкі, фінансуе Валер Сахашчык. Сваю базу прапанаваў ужо і полк Каліноўскага. Кедышка дапускае, што нехта з тых, хто туды паедзе, застануцца ў палку Каліноўскага.

Спартыўная арганізацыя беларусаў "Паспалітае рушэньне"
Спартыўная арганізацыя беларусаў "Паспалітае рушэньне"

«Мы не хаваем, што нашыя людзі — гэта рэзэрвы для палку Каліноўскага і беларускага войска, якое будзе вызваляць Беларусь», — дадае прадстаўнік «Паспалітага рушэньня».

Фінансуецца арганізацыя з уласных сродкаў, сабраных чальцамі або партнэрамі. Сярод такіх, напрыклад, рух «Вольная Беларусь», які ўзначальвае Зянон Пазьняк.

«Калі б нас фінансавалі замежныя спэцслужбы, то мы б не абвяшчалі сябе незалежнай арганізацыяй і не прасілі б беларусаў фінансава нас падтрымаць. Калі б мы мелі падтрымку спэцслужбаў, то ціхенька б рыхтаваліся і пісалі справаздачы. Збольшага ўсе людзі робяць гэта за свае грошы, напрыклад, паліва. Мы зьбіраемся рэгістраваць фундацыю, каб атрымліваць данаты наўпрост. Пакуль гэта адбываецца праз рух «Вольная Беларусь», — тлумачыць Сяржук Кедышка.

Ён папярэджвае, што дзеля трэнінгаў трэба ахвяраваць выходнымі або прыватнымі інтарэсамі. Пасьля таго як у арганізацыі атрымліваюць заяўку ад патэнцыйнага курсанта, адбываецца яго вэрыфікацыя. Чалавек адказвае на пытаньні, запаўняе анкету, уваходзіць у камунікацыю з куратарам. Па выніках гэтага робіцца выснова, ці далучаць яго да харугвы, ці не. Пасьля гэтага адбываецца яшчэ некалькі ступеняў уласнай камунікацыі. І прымаецца канчатковае рашэньне, — кажа Кедышка. У пэрспэктыве плянуецца тэставаць кандыдатаў у «Паспалітае рушэньне» на паліграфе.

Днямі «Паспалітае рушэньне» абвясьціла пра пераўтварэньне ў незалежную арганізацыю. Да гэтага яно функцыянавала як дадатак да Аб’яднанага пераходнага кабінэту і ByPol. Абвяшчэньне пра самастойнасьць, як кажа Сяржук Кедышка, сьведчыць пра тое, што арганізацыя сама будзе прымаць рашэньні наконт далейшага жыцьця, трэніровак і іншых пытаньняў.

Трэніроўка пад Варшавай
Трэніроўка пад Варшавай

«Гэта было абвешчана ня ў піку нашым папярэднім куратарам, ня дзеля расколу. Мы за супрацу, але празь некаторы час пасьля аб’явы, якую рабілі Валер Сахашчык і ByPol, мы заўважылі, што разьвіцьцю руху аддаецца недастаткова ўвагі. Гэта выражаецца найперш у недастатковым забесьпячэньні: выдатках на форму, трэнінгі, аплату стрэльбішчаў. Мы вырашылі, што самастойны рух нам паспрыяе, каб мы займаліся гэтым больш эфэктыўна», — кажа Кедышка.

Падрыхтаваныя «Паспалітым рушэньнем» людзі спатрэбяцца ў крытычны момант, кажа прадстаўнік арганізацыі. Што гэта будзе, ён пакуль не тлумачыць, але падкрэсьлівае, што пратэставыя настроі ў беларускім грамадзтве накопліваюцца.

«Нашых людзей катуюць па вязьніцах. Абавязкова будзе нейкі выбух, і ў той момант усе нашыя падразьдзяленьні прыйдуць на дапамогу. Ня будзе так, як было ў 2020 годзе, калі людзі выходзілі і трэба было кіраўніцтва пратэстам, а яго не было. Лукашэнка пасадзіў гэтых людзей, ён зьнішчаў гадамі ўсе гэтыя структуры. Цяпер такое кіраўніцтва будзе. Нашыя суседзі, літоўцы, украінцы, карыстаюцца зручным момантам, захопліваюць будынкі, а мы ўсё чакаем. Стаяць у шкарпэтках на лавачцы — гэта добра, гэта эўрапейскае выхаваньне, але ёсьць моманты, калі трэба праявіць рашучасьць, тады трэба зламаць лаўку і даць адпор. І дзеля гэтага мы арганізаваліся», — кажа Сяржук Кедышка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG