Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Запароскай АЭС чулі выбухі. У Расеі заявілі, што зьбілі ўкраінскі дрон над станцыяй


Генэральны дырэктар IAEA Рафаэль Гросі. Архіўнае фота
Генэральны дырэктар IAEA Рафаэль Гросі. Архіўнае фота

Паводле прадстаўнікоў місіі МАГАТЭ, «інтэнсіўнасьць ваенных дзеяньняў у раёне найбуйнейшай у Эўропе АЭС вырасла».

Прадстаўнікі місіі Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) паведамілі, што 5 студзеня чулі гучныя выбухі каля Запароскай АЭС.

«МАГАТЭ мае паведамленьні аб меркаванай атацы бесьпілётніка на навучальны цэнтар Запароскай АЭС (ЗАЭС). Паведамляецца, што ахвяр і пашкоджаньняў на абсталяваньні АЭС няма», — адзначаецца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце МАГАТЭ.

Паводле прадстаўнікоў місіі МАГАТЭ «інтэнсіўнасьць ваенных дзеяньняў у раёне найбуйнейшай у Эўропе АЭС, у тым ліку, шматлікія выбухі на розных адлегласьцях ад пляцоўкі, вырасла за апошнія 24 гадзіны».

«Напад на любую атамную электрастанцыю абсалютна непрымальны. На тле ўзмацненьня ваеннай актыўнасьці каля ЗАЭС я зноў заклікаю да максымальнай стрыманасьці, каб перадухіліць відавочную небясьпеку для яе бясьпекі, і да строгага захаваньня пяці канкрэтных прынцыпаў, вызначаных МАГАТЭ ў Радзе Бясьпекі ААН для абароны аб’екта, і сем незаменных слупоў ядзернай бясьпекі ў часе ўзброенага канфлікту, таксама вызначаныя МАГАТЭ», — заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

Раніцай 6 студзеня ў Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што 5 студзеня Ўзброеныя сілы Ўкраіны нібыта спрабавалі атакаваць АЭС і горад Энэргадар 8 бесьпілётнікамі. Пры гэтым у ведамстве адзначылі, што ўсе дроны «зьнішчылі сродкамі суспрацьпаветранай абароны».

«Пры падзеньні аднаго са зьбітых дронаў адбыўся яго выбух і пачаўся пажар на даху навучальна-трэнавальнага цэнтру Запароскай АЭС», — адзначаецца ў паведамленьні.

Расейскі бок пераконвае, што ахвяр і разбурэньняў на станцыі няма, а пэрсанал АЭС працягвае працаваць у штатным рэжыме.

Ва Ўкраіне гэтай сытуацыі пакуль не камэнтуюць.


Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.

Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.

У ліепні 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.

Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG