Чым быў адметны 2018-ты год ў Беларусі і сьвеце? Якія найбольш вострыя гендэрныя пытаньні і праблемы найбольш дыскутаваліся? Ці можна лічыць паразай адмову ад распрацоўкі канцэпцыі аб папярэджаньні хатняга гвалту? Якія жанчыны найбольш паўплывалі на Беларусь і сьвет?
Падсумоўваюць кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут» Ірына Саламаціна, блогерка Наста Захарэвіч і журналістка Віялета Саўчыц.
«На сур’ёзныя мерапрыемствы запрашаюць сьпікерамі фэміністак, і ня ў нейкай эўрапейскай краіне, а ў Беларусі»
Ганна Соўсь: Давайце спачатку пра сьвет. Якія краіны, рэгіёны, карпарацыі найбольш наблізіліся ў 2018-м да дасягненьня гендэрнай роўнасьці? Ці паболела ў сьвеце прэзыдэнтак, дэпутатак, бізнэс-вумэн, уплывовых жанчын? І як на гэтым тле выглядае Беларусь?
Ірына Саламаціна: Калі глябальна, то нельга сказаць, каб дзесьці ў нейкай краіне быў прарыў. Але пэўныя рэчы значна ўплываюць на сытуацыю. З апошняга гэта тое, што ў Грузіі прэзыдэнт — жанчына. Гэта, канешне, ня можа ня радаваць, але якраз гэта было зьвязана з тым, што там крыху зьмяніліся самі прэзыдэнцкія функцыі.
Тым ня менш тое, што жанчына ачоліла такую дастаткова кансэрватыўную краіну, дзе моцныя ў тым ліку і «традыцыйныя каштоўнасьці», гэта пэўны паказчык.
Ці тое, што ўсяго тры жанчыны атрымлівалі Нобэлеўскую прэмію па фізыцы, і вось сёлета якраз жанчына атрымала прэмію па фізыцы. Трэба адзначыць таксама, што Рада Эўропы прыняла стратэгію па гендэрнай роўнасьці на 2018-2023 гады. Гэта праграмны дакумэнт, зь якім мы далей будзем жыць. Зь вельмі значных захадаў — прэзыдэнт Украіны падпісаў закон аб стварэньні роўных умоваў і магчымасьцяў для службы мужчын і жанчын ва ўзброеных сілах Украіны.
Калі паглядзець, як гэта ўплывае на сытуацыю ў Беларусі, то ўпершыню за ўсё сваё прэзыдэнцтва Аляксандар Рыгоравіч на сустрэчы з актывістамі БРСМ сказаў пра тое, што калі раптам што, то ня толькі мужчынам трэба будзе даць зброю ў рукі, але і дзяўчатам, і хай яны не радзіму абараняюць, але сябе, сваю сям’ю і сваіх дзяцей. То бок упершыню з вуснаў прэзыдэнта прагучала, што ня толькі мужчына можа быць абаронцам, але і жанчына.
Таксама я магу вылучыць 2-і Міжнародны форум жанчын-лідараў, але ня сам па сабе форум, таму што гэта было дастаткова закрытае мерапрыемства, куды не трапляюць прадстаўнікі грамадзянскага сэктару. Тым ня менш, у мяне было вельмі дзіўнае адчуваньне, калі вы сядзіце ў цэнтры Менску ў памяшканьні рэктарату і на пленарнай дыскусіі сядзіць Хэйдзі Фрай, сябра парлямэнту Канады, экспэртка па гендэрных пытаньнях пры Асамблеі АБСЭ, і яна ў адкрытую гаворыць, што яна фэміністка, а побач зь ёй сядзіць наша міністарка працы і сацыяльнай абароны, і яна вымушаная гэтую пазыцыю прымаць. Для мяне гэта грандыёзны паказчык, што на такія сур’ёзныя мерапрыемствы запрашаюць у якасьці сьпікераў фэміністак, і гэта не ў нейкай эўрапейскай краіне, а ў Беларусі.
Для мяне гэта выклікі часу, якія ў Беларусі мы таксама можам пабачыць. Беларусь захоўвае свае лідэрскія пазыцыі ў якасьці краіны, якая прасоўвае мэты ўстойлівага разьвіцьця. І калі я згадала міністарку працы і сацыяльнай абароны Ірыну Касьцевіч, то яна якраз у якасьці асноўнага сьпікера выступала ў Жэнэве ў кастрычніку, дзе і прадстаўляла дасягненьні Беларусі, што гэта краіна — піянэр у мэтах і стратэгіі ўстойлівага разьвіцьця.
«Найбольш гучнай стала заява Корбут пра тое, што яе гвалціў трэнэр Кныш»
Ганна Соўсь: Я б да гэтага сьпісу дадала яшчэ вынікі прамежкавых выбараў у Кангрэс у ЗША, у які была абраная рэкордная колькасьць жанчын.
2017 год у сьвеце прайшоў, можна сказаць, пад знакам руху #metoo. Як зьмянілася сытуацыя ў 2018 годзе? Ці дайшоў гэты рух на нашага рэгіёну і якія найбольш гучныя справы вы маглі б згадаць?
Наста Захарэвіч: Рух да нас безумоўна дайшоў, і найбольш гучнай тут стала заява Вольгі Корбут пра тое, што яе гвалціў былы трэнэр Рэнальд Кныш.
Але ў Беларусі ёсьць асаблівасьці ўспрыманьня гэтага руху. Магчыма, гэта ўласьціва ня толькі нам. Канкрэтна ў нашым рэгіёне я бачу, што значна гучней і актыўней рэагуюць (па-за межамі фэмінісцкай супольнасьці) не на самі гісторыі ў межах руху #metoo, а на любыя, умоўна кажучы, кампраматы, якія знаходзяцца пра тых жанчын, якія раней заяўлялі, што пацярпелі ад дамаганьняў з боку сваіх калегаў і кіраўнікоў...
Я шмат разоў бачыла, як мужчыны, якія лічаць сябе вельмі прагрэсіўнымі ў гендэрнай праблематыцы, выказваюцца ў стылі «вось усплыла непрыемная праўда пра адну з удзельніц руху #metoo. Яна дыскрэдытуе ўвесь рух». Я ня ведаю, наколькі такая асаблівасьць актуальная для іншых рэгіёнаў, але ў нас яна праўда вельмі заўважная. Аднак з часам нас чакаюць яшчэ шмат якія адкрыцьці, так бы мовіць. У мужчынаў зьявілася магчымасьць убачыць маленечкую частку таго, з чым жанчынам даводзіцца сутыкацца на той жа працы, і шмат у якіх мужчын ужо ступар, шок, яны рэагуюць вельмі эмацыйна і кажуць, што мы ўсё прыдумваем. Але з часам будзе ўскрывацца ўсё больш гісторый, і, я думаю, грамадзкая рэакцыя з часам усё ж будзе зьмяняцца. Праўда, я не ўпэўненая, як менавіта яна будзе зьмяняцца. Я не вельмі аптымістычна гляджу на такія рэчы.
«#metoo толькі расхістаў патрыярхальны човен, і гэта ўжо не спыніць»
Ганна Соўсь: Віялета, якія падзеі ў сьвеце і ў Беларусі гэтага году будуць вызначаць, так бы мовіць, гендэрную павестку для на бліжэйшыя гады? Якія падзеі гучныя справы паступова мяняюць уяўленьні людзей пра гендэрныя ролі?
Віялета Саўчыц: На маю думку, 2017-ы год сапраўды прайшоў пад знакам руху #metoo, і я думаю, што гэты рух толькі расхістаў патрыярхальны човен, і гэта ўжо не спыніць. Сёлета таксама было заўважана шмат розных спраў, аднак ніхто з публічных асобаў у Беларусі так і ня выказаўся, не прызнаўся ў дамаганьнях. Аднак, я думаю, што бліжэйшыя гады гэта будзе разьвівацца.
Паказальная справа Брэда Кавана, якога ў ЗША прапанавалі на пасаду Вярхоўнага судзьдзі, і якому выставілі крымінальнае абвінавачваньне ў спробе згвалтаваньня, аднак нягледзячы ні на што яго кандыдатуру зацьвердзілі, хоць гэта і выклікала масу пратэстаў у ЗША. Заўважна, што калі гэта публічная асоба, вінаватая ў згвалтаваньні, то гэта выклікае рэзананс у грамадзтве.
Слова 2018 году — «таксычны», і сярод значэньняў, «таксычная маскуліннасьць» і «таксычныя адносіны». У Беларусі самая заўважная падзея і самая адмоўная — гэта правал прыняцьця закону супраць хатняга гвалту. Я думаю, гэта і будзе вызначаць бліжэйшыя гады павестку дня і вызначаць уяўленьні людзей.
«Канцэпцыя закону аб хатнім гвалце была дастаткова прагрэсіўнай. Было зразумела, што ў такім выглядзе ён ня можа быць»
Ганна Соўсь: Я праводзіла апытаньне пра вынікі году ў фэйсбук-суполцы «Толькі жанчыны», і ў катэгорыі «Параза году» зь вялікай перавагай лідзіруе адмова ад распрацоўкі закону аб папярэджаньні хатняга гвалту. І канцэпцыя законапраекту, і адмова ад яе выклікалі бурныя дыскусіі ў беларускім грамадзтве. Як вы глядзіце на пэрспэктывы гэтага закону ў Беларусі? Ці гэта сапраўды параза?
Ірына Саламаціна: З аднаго боку, у мяне не было ніякіх ілюзій, што ў такім выглядзе, у якім законапраект падаваўся, ён наогул можа быць прыняты. Як экспэртка я сачу за выказваньнямі прадстаўнікоў розных ведамстваў і бачу, што кансалідаванай пазыцыі не было. У тым выглядзе, у якім гэты закон прасоўваўся, ён быў дастаткова прагрэсіўны. І гэта было зразумела, што ў розных ведамстваў няма ніякага агульнага бачаньня, напрыклад, што такое эканамічны гвалт і г. д. Ці як разумець гвалт над дзецьмі? Было зразумела, што ў такім выглядзе закон ня можа быць. Для мяне гэта ня дзіўна.
Іншае пытаньне, што калі прэзыдэнт краіны дазваляе сабе такія фразы «дур з Захаду» і «гэта наша традыцыя». Ці напрыклад, прэзыдэнт вельмі рэзка выказаўся пра саму фармулёўку «процідзеяньне хатняму гвалту». Такое ўражаньне, што гэты закон раз на чатыры гады дэпутаты пераглядаюць, і забываць кіраўніку краіны сказаць, як гучыць фармулёўка. То бок аказалася наогул нейкая дзіўная сытуацыя, што кіраўнік краіны ня ведае, што робяць некалькі ведамстваў, пры чым робяць па вялікай праграме яшчэ і ў партнэрстве з UNFPA. Тут узьнікае многа пытаньняў.
Я б не гаварыла, што гэта ўжо такі правал. Выказваньне прэзыдэнта краіны зрабіла гэта бачным вялікай колькасьці людзей, якая можа быць ня вельмі разумела глыбіню праблемы. Тым ня менш такое выказваньне выклікала незадавальненьне, і, напрыклад, у Менску, было некалькі мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел больш за 150 чалавек, у Фэйсбуку сабралася група «Маршыруй, дзетка», узьнікла пэтыцыя ў падтрымку закону, якая сёньня імкнецца сабраць 10 тысяч.
Усё гэта кажа пра тое, што закон патрэбны, што людзі вельмі моцна азадачаныя і гатовыя рабіць нешта далей. Гэта той пазытыў, які мы маем. Гэтая сытуацыя выявіла, што ёсьць больш за 20 арганізацый, якія працуюць з прафіляктыкай хатняга гвалту па ўсёй Беларусі, але пры гэтым вельмі мала людзей ведаюць, што такія службы ёсьць. Напрыклад, ёсьць Нацыянальная лінія, куды можна званіць, і пра яе таксама амаль ніхто не ведае. Ёсьць інфармацыйная праблема, людзі кепска ведаюць. На фоне гэтага выказваньня прэзыдэнта UNFPA нават думаў не публікаваць дадзеныя свайго новага дасьледаваньня, бо паказваюць вялікі працэнт жанчын, пацярпелых ад розных відаў гвалту.
Тым ня менш, у рамках праграмы «16 дзён супраціву хатняму гвалту» яны ўсё-такі іх апублікавалі, праўда, у больш сьціслым выглядзе, але яны хаця б гэта ўсё зрабілі публічным.
Ганна Соўсь: Віялета, апошнія колькі месяцаў публікацый у СМІ, прысьвечаных праблеме хатняга гвалту, у разы больш, чым раней...
Віялета Саўчыц: Я таксама згодная, што гэта не параза. Для сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы гэта хутчэй адкат назад. А тыя рэакцыі і колькасьць публікацый у СМІ таксама сьведчыць, што ў грамадзтве ёсьць запыт на вырашэньне гэтай праблемы. І вось тая суполка «Маршыруй, дзетка», і зьяўленьне пэтыцыі, і пляны на больш актыўныя дзеяньні кажуць пра тое, што можа быць аптымістычны прагноз на прыняцьце гэтага закону.
«Гэта найбольшая параза ня толькі году, а, бадай, і дзесяцігодзьдзя»
Наста Захарэвіч: Я лічу, што гэта найбольшая параза ня толькі году, а, бадай, і дзесяцігодзьдзя. Тое, што закон сальюць, было зразумела яшчэ да заявы Лукашэнкі, і пра гэта казалі і я, і Ірына Саламаціна. Цяпер мы аказаліся ў вельмі цікавай сытуацыі: бачна, што пракуроры ў некаторых выпадках па сваёй ініцыятыве заводзяць справы, нягледзячы на адсутнасьць заявы пацярпелай, напрыклад. Адбываецца тое, пра што казаў Лукашэнка: яны нібыта задзейнічаюць існыя заканадаўчыя нормы. Але я і тут настроена вельмі пэсымістычна і ўпэўнена, што гэта вельмі паказушныя дзеяньні, яны ня маюць сыстэмнага характару. І хай для асобна ўзятай пацярпелай рашэньне пракурора ўсё ж распачаць справу — гэта вельмі добра, калі глядзець на праблему сыстэмна, дык гэта проста катастрофа.
І ня ведаю, што павінна адбыцца, каб улады зразумелі неабходнасьць гэтага закону, і, баюся, яшчэ доўга ніякіх зьменаў да лепшага ў гэтай сфэры ня будзе. Плюс ёсьць такі нюанс: нашае заканадаўства шмат у чым вельмі блізкае з расейскім, і розныя тэндэнцыі мы адтуль пераймаем. Пакуль у Расеі хатні гвалт будзе дэкрыміналізаваны, нам таксама ня варта чакаць чагосьці лепшага. Пры гэтым я, безумоўна, зь вялікай павагай стаўлюся да розных ініцыятыў, якія зараз працуюць у гэтай тэме, і лічу, што нават пры вельмі цьвярозай ацэнцы сытуацыі варта працягваць рабіць сваю справу і змагацца.
«Ва Ўкраіне ёсьць настольныя даведнікі для прэсы, як пісаць прэс-рэлізы пра жанчын у арміі»
Ганна Соўсь: Ірына, вы казалі пра тое, што прэзыдэнткай Грузіі стала жанчына, нягледзячы на тое, што гэта дастаткова патрыярхальная краіна. Як бы вы ацанілі ступень патрыярхальнасьці беларускага грамадзтва? Улада не мяняецца ў Беларусі ўжо хутка як чвэрць стагодзьдзя, але тым ня менш зьмена пакаленьняў ідзе.
Ірына Саламаціна: На жаль, не. Гэта трэба канстатаваць. Мы толькі зараз скончылі мэдыяманіторынг, пры чым як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ. На жаль, нават жанчыны-трактарысткі, жанчыны ў ІТ ці жанчыны рабочых прафэсій, ці маратоны да 8-га красавіка — усе яны ідуць з прыпіскай, зьвязанай з прыгажосьцю. Напрыклад, «кожная мама — прынцэса». Калі і мэдыя, і дзяржава ўвесь час імкнуцца загнаць жанчын у гэты загончык слабога полу...
У нас на Дзень Незалежнасьці ішло 50 жанчын-ваеннаслужачых. Ува ўсіх іх былі званьні, і пры тым усе СМІ, дзяржаўныя і недзяржаўныя, пішуць пра гэтых жанчын, якія ўжо ў прафэсіі, якія ўжо маюць прысвоеныя званьні, як пра слабы пол. Гэты ўзровень патрыярхальнасьці мяне настолькі зьдзіўляе... Такая неадчувальнасьць... Вось суседняя Украіна, там зараз ёсьць настольныя даведнікі для прэсы, як пісаць прэс-рэлізы пра жанчын у арміі. У нас нічога такога няма.
У нас жанчын-ваеннаслужачых, трактарыстак, жанчын на ўзроўні прыняцьця рашэньняў усё роўна апісваюць выключна праз катэгорыю прыгажосьці, слабога полу, статуса мацярынства. Да іх ня ставяцца як да паўнавартасных суб’ектаў прафэсійнага і грамадзкага жыцьця. І гэта вельмі сумна.
«Маці-328» і #гэтанепадставазабіць
Ганна Соўсь: Гэта зьвязана ў пэўнай ступені і з заканадаўствам, бо Украіна перад тым, як падпісала асацыяцыю з Эўразьвязам, каля 400 законаў зьмяніла і прыняла ў адпаведнасьці са стандартамі Эўразьвязу. Напэўна, гэта паўплывала і на мэнтальнасьць людзей, бо на заканадаўчым узроўні ўжо некалькі гадоў існуе. А якія ініцыятывы ў Беларусі запомніліся, вылучыліся ў 2018-м? Які яны могуць мець працяг?
Віялета Саўчыц: Я б згадала студзеньскі флэш-моб у сацсетках #гэтанепадставазабіць. Маскоўскі студэнт забіў сваю суседку па кватэры і некалькі разоў згвалціў яе цела. Беларуская блогерка Анастасія распачала гэты флэш-моб, у рамках якога жанчыны і мужчыны выкладалі свае напаўаголеныя фатаздымкі як напамін, што нейкія здымкі ці ўчынкі ня могуць быць падставай і апраўданьнем для гвалту.
Я б згадала і галадоўку «Маці-328», якія змагаліся за сваіх дзяцей, і вельмі заўважную ініцыятыву #дамаудобнаявбыту пасьля выказваньня Дзьмітрыя Крата па справе БелТА. Дарэчы, я б сказала, што мастацтва рэагуе вельмі хутка. І, канешне, суполка, якая самаарганізавалася, «Маршируй, детка» і стварэньне гэтай пэтыцыі.
«"Маршыруй, дзетка" — супольнасьць, якая стала яскравай рэакцыяй на выказваньне Лукашэнкі»
Наста Захарэвіч: Мне найбольш запомніліся дзьве ініцыятывы. #дамаудобнаявбыту — гэта вельмі крутая каманда, якая робіць цікавыя рэчы і паказвае людзям самую розную статыстыку, якая адлюстроўвае, наколькі жанчыны прыгнятаюцца і дыскрымінуюцца ў Беларусі на розных узроўнях.
І «Маршыруй, дзетка» — супольнасьць, якая стварылася вельмі імпульсыўна і стала, безумоўна, яскравай рэакцыяй на выказваньне Лукашэнкі супраць закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Мне цікава назіраць, што з гэтай ініцыятывы атрымаецца. Зараз накал жарсьцяў ужо крыху спаў, усенародна ствараць новую канцэпцыю ўжо ніхто не прапаноўвае, здаецца. Магчыма, з той хаатычнай масы людзей, якая спачатку была проста разьюшана, ня ведала, што рабіць, але хацела рабіць хоць нешта, атрымаюцца ў выніку нейкія ініцыятыўныя суполкі, якія будуць рабіць крутыя штукі.
У новым годзе павінны запусьціцца новыя праекты, накіраваныя ў тым ліку на тое, каб нарэшце адмянілі ганебны сьпіс забароненых для жанчын прафэсій. Ну, і з пралайферскай прапагандай, безумоўна, трэба змагацца, даючы жанчынам адэкватныя навуковыя дадзеныя і не дазваляючы рэлігійным актывісткам іх прыніжаць і запужваць.
Ганна Соўсь: Я бы дадала згаданыя раней «16 дзён супрацьдзеяньня хатняму гвалту», якія ў Менску прайшлі з вялікай колькасьцю імпрэзаў, выставаў, выступаў. Сусьветны дзень супрацьдзеяньня гвалту супраць жанчын кожны год нейкім чынам адзначаецца, але, падаецца мне, упершыню так маштабна ў Беларусі гэта праходзіць.
Віялета Саўчыц: І маніторынг гэндарнай роўнасьці ў СМІ я б таксама дадала, які Ірына Саламаціна падрыхтавала.
«Ня ведаю ніводнага мэдыйнага праекту, які так доўга і так якасна трымае тэму жаночай павесткі, як "Толькі жанчыны"»
Ганна Соўсь: У суполцы «Толькі жанчыны» у фэйсбуку працягваецца галасаваньне, каго можна назваць жанчынай (жанчынамі) і мужчынам (мужчынамі) гэтага году. Перамагла Сьвятлана Коржыч, сярод намінантак — Ганна Севярынец, Марына Золатава, Вольга Гарбунова, Ганна Красуліна, Ірына Леўшына, Тацяна Матафонава, Ганна Шапуцька, Брыжыт Бардо. Назавіце вашых прэтэндэнтак.
Ірына Саламаціна: Ганна, я б вас назвала, бо я ня ведаю ніводнага мэдыйнага праекту, які так доўга і так якасна трымае тэму жаночай павесткі. Паверце мне, пасьля праведзенага маніторынгу і аналізу 340 навінаў, зь якіх усяго 7 было прысьвечана жанчынам. Уяўляеце, 340 і 7! Пры гэтым 54% жанчын жыве ў Беларусі. Гэта проста нейкай катастрофа. На мой погляд, ваш праект і вы самі — гэта зьява для сучаснай Беларусі.
Ганна Соўсь: Дзякуй вялікі.
Віялета Саўчыц: За Сьвятлану Коржыч ужо шмат людзей прагаласавала, таму я б назвала жанчынай году Вольгу Гарбунову, стваральніцу і кіраўніцу прытулку для ахвяраў гвалту «Радзіслава». Яна, сапраўды, робіць неверагодную працу, улічваючы апошнія падзеі. Гэта вельмі моцная жанчына.
Наста Захарэвіч: Я хацела б адзначыць дзьвюх жанчын. Першая — Вераніка Заўялава, якая прывезла сусьветна вядомага доктара Мішэля Адэна ў Менск і ўвогуле займаецца праблематыкай рэпрадуктыўных правоў жанчын і праблемай акушэрскага гвалту.
Другая — гэта Вікторыя Онахава-Жураўлёва. Цудоўная жанчына, якая стала найбольш вядомай дзякуючы таму, што разам з мужам расьціць трынаццаць дзяцей і пры гэтым займаецца гарадзкім актывізмам, мае вельмі цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю і не дае пружанскім уладам «спакойна жыць». Я думаю, аднойчы Вікторыя можа стаць першай прэзыдэнткай Беларусі.
«Мужчына году — айцішнік, які хоча ў дэкрэты адпачынак»
Ганна Соўсь: Сярод намінантаў на Мужчыну году-2108 у суполцы «Толькі жанчыны» былі Алесь Ліпай, Павал Севярынец, Глеб Лабадзенка, Павал Каралёў, Аляксей Крукоўскі. Каго б вы вылучылі?
Ірына Саламаціна: З мужчынамі, канешне, вельмі ўсё складана, але мне спадабалася на citydog.by вельмі добры матэрыял аб айцішніку, які мае сваю кампанію. Ён тлумачыў, што ён, як малады бацька, адчувае вялізны дыскамфорт і з задавальненьнем пайшоў бы ў дэкрэтны адпачынак. Мне вельмі спадабалася, як ён пра гэта гаварыў, улічваючы і тое, што ў нас маладых пасьпяховых татаў вельмі мала. У нас летам разглядаўся законапраект аб тым, што працадаўцы абавязаны прадставіць мужчынам 14 дзён дэкрэтнага, проста абавязкова. Мне здаецца, што было б здорава, каб такіх герояў было паболей.
Віялета Саўчыц: З тых кандыдатаў, якіх прапанавалі ў суполцы «Толькі жанчыны», я абіраю Глеба Лабадзенку, грамадзкага актывіста, які насамрэч за гэты год шмат чаго навараціў, ад збору грошай на дошку БНР і дошку Рыгору Барадуліну да іншых ініцыятыў для падтрыманьня культурнай спадчыны і гістарычнай памяці.
Наста Захарэвіч: Што тычыцца мужчын, я б вылучыла Сяргея Пятрухін, берасьцейскага так званага народнага рэпарцёра, які нягледзячы на моцны прэсінг з боку ўладаў працягвае змагацца супраць акумулятарнага завода ў Берасьці.
Ганна Соўсь: А паводле вынікаў галасаваньня, мужчынам 2018 году пасьмяротна стаў Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, які ў цяжкі пэрыяд жыцьця аказаўся пад прэсінгам справы БелТА — удзельнікі суполкі «Толькі жанчыны» выбралі яго.