Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 тысяч рублёў на мэмарыяльную дошку да 100-годзьдзя БНР сабралі за тры гадзіны

абноўлена

Памятны знак для будынка, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР, аўтарства Алеся Шатэрніка
Памятны знак для будынка, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР, аўтарства Алеся Шатэрніка

1 сакавіка менскія ўлады далі дазвол усталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. 2 сакавіка на краўдфандынг-пляцоўцы «Талака» неабходныя для вырабу новай дошкі 6000 рублёў сабралі трохі больш як за 3 гадзіны.

Калі пра дазвол стала вядома, выявіліся дзьве праблемы.

Па-першае, прататып дошкі аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка выраблены 25 гадоў таму з сылюміну — сплаву алюмінію і крэмнію — і цяпер ня ў самым лепшым стане. Літары маюць розны памер, вершнік складаецца з трох частак і літаральна развальваецца.

Па-другое, улады не хацелі ўзгадняць надпіс на дошцы тарашкевіцай, тэкст мусіў адпавядаць афіцыйнаму правапісу.

Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР прыняў рашэньне тэрмінова вырабіць бронзавую дошку. Адказным за збор сродкаў на краўдфандынгавай онлайн-пляцоўцы «Талака» стаў грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка, які мае вялікі досьвед такой дзейнасьці.

Патрэбную суму — 6000 рублёў — удалося сабраць трохі больш як за 3 гадзіны.

Глеб Лабадзенка патлумачыў у Фэйсбуку асаблівасьці гэтай кампаніі:

1. Ці можна перарабіць цяперашнюю дошку?

Можна. Але ці ня будзе сорамна за яе перад нашчадкамі? Дошка знаходзіцца ў аварыйным стане і пры дэталёвым аглядзе выглядае непрывабна.

2. Чаму не адліць зноўку з сылюміну, каб ашчадзіць грошы?

Эканомія на матэрыяле складзе толькі каля 40%, а глядзецца яна будзе ў разы горш. Бронза — высакародны матэрыял. 100-годзьдзе БНР — дата, да якой трэба павесіць годную дошку.​

3. Чаму павінны слухацца ўладу і выпраўляць тарашкевіцу на наркамаўку?

Не павінны, можам пачаць дыскутаваць і адкласьці справу яшчэ на 25 гадоў. Лепш, каб дошка была зь некалькімі выпраўленымі літарамі ці не зьявілася зусім?

4. Ці згодны Алесь Шатэрнік з праўкамі на дошцы і адліўкай яе з бронзы?

Так, гэта робіцца зь ягонай згоды. У 1993 годзе дошку адфармавалі і адлілі ня вельмі якасна, цяпер можна перарабіць яе больш годна. Паколькі спадар Алесь цяпер за мяжой, зрабіць копію дошкі ён упаўнаважыў скульптара Ігара Засімовіча.

5. Ці ня зьнікне з дошкі «Пагоня»?

Ня зьнікне. Гэтае пытаньне ўздымалася, і гаворка аб тым, каб прыбраць «Пагоню», нават не вядзецца.

6. Дзе будзе зьмешчаная гэтая дошка?

На будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9 — менавіта там 25 сакавіка 1918 году была абвешчана БНР.

7. Чаму зьбіраецца менавіта такая сума?

Кіляграм бронзы з адліўкай каштуе ў сярэднім 25 даляраў. Так, дошка Рыгору Барадуліну, супастаўная памерам, важыла 114 кіляграмаў. Калі б мелі больш часу, адлілі б ва Ўкраіне, як помнік Касьцюшку. Але зрабіць гэта за тры тыдні немагчыма.

8. Калі зьявіцца дошка?

Цяпер стаіць мэта вырабіць і перадаць яе на мантаж да 20 сакавіка з умовай, што да 25-га яна будзе вісець на доме. Калі хочам, каб так і было, адзіны спосаб — сабраць сродкі і адліць годную бронзавую дошку!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG