Некалькі тыдняў таму журналіст СБ «Беларусь сегодня» Дзьмітры Крат назваў журналістак і рэдактарак, што трапілі за краты па «справе БелТА», зручнымі ў побыце дамамі. Цяпер пад хэштэгам #дамаудобнаявбыту жанчыны расказваюць пра свой досьвед, як яны ў розных сытуацыях адчувалі несправядлівае стаўленьне да сябе менавіта праз тое, што яны жанчыны.
Жанчыны больш не шукаюць спачуваньня і разуменьня, як гэта было раней
Фармальна гэты флэшмоб вельмі нагадвае мінулыя акцыі #metoo і #янебоюсьсказать: зноўку і зноўку становяцца публічнымі непрыемныя гісторыі, якія зьдзіўляюць і абураюць мужчын і выклікаюць сумную ўсьмешку паразуменьня ў жанчын. Але цяперашні флэшмоб усё ж моцна адрозьніваецца ад папярэдніх: жанчыны больш не шукаюць спачуваньня і разуменьня, як гэта было раней.
Тыя тэксты, якія можна пачытаць пад хэштэгам #дамаудобнаявбыту, — гэта поўныя сарказму і іроніі гісторыі, галоўныя гераіні якіх не просяць падтрымкі і ўвогуле нічога не просяць. Яны проста расказваюць пра сябе, раскрываючы гэтую непрыемную праўду: няважна, які ў цябе характар і лад жыцьця — навакольныя так ці інакш будуць спрабаваць параўнаць цябе з «ідэальнай жанчынай», і ты ніколі не здолееш выйграць.
Жанчыны, якія прымаюць удзел у цяперашнім флэшмобе, відавочна не залежаць ад таго, як іх ацэньваюць незнаёмцы ў інтэрнэце, але яны і не адмаўляюць таго факту, што ім даводзілася раней ці даводзіцца дагэтуль сутыкацца з дадатковымі чаканьнямі і патрабаваньнямі проста таму, што яны жанчыны. Яны не апранаюць на сябе белае паліто і не абвінавачваюць іншых у тым, што яны «невядома дзе такіх хамаў знаходзяць» і «павінны проста зьмяніць кола зносінаў». Яны па-майстэрску паказваюць: няважна, чым ты хочаш займацца і як ты выглядаеш, — для кагосьці ты ўсё адно будзеш недастаткова сапраўднай жанчынай, але такія прэтэнзіі і закіды нічога не значаць.
Жанчыны абіраюць іншы шлях: яны сьмяюцца
Няма нічога кепскага ці сорамнага ў тым, каб скардзіцца на несправядлівасьць, але гэтыя жанчыны абіраюць іншы шлях: яны сьмяюцца. Сьмяюцца з журналіста, які ў 2018 годзе цалкам сур’ёзна называе каляжанак «зручнымі ў побыце жанчынамі», сьмяюцца з былых настаўніц, настаўнікаў, бацькоў, кіруючых асобаў, незнаёмцаў у грамадзкім транспарце. Яны сьмяюцца з усіх тых, хто так ці інакш спрабаваў навешаць на іх цэтлікі ці абмежаваць іх у мінулым. Зрэшты, па-добраму яны сьмяюцца і з саміх сябе, іранічна апісваючы ўласныя спробы адпавядаць чужым чаканьням і здольнасьці так ці інакш весьці побыт.
Ну немагчыма казаць пра адукаваных і моцных жанчын, што яны «зручныя ў побыце дамы» і разьлічваць, што яны сур’ёзна пакрыўдзяцца ці стануць апраўдвацца. Гэта ж заява з той жа сэрыі, што і сьцьвярджэньне, нібыта ВІЧ — гэта фікцыя, прыдуманая для таго, каб пад выглядам тэрапіі мэдыкі маглі атручваць насельніцтва і зьнішчаць людзей. У адказ на такое не крыўдзяцца, а міжволі згадваюць стары добры выраз «і цябе вылекуюць».
І не кажыце потым, што вас не папярэджвалі.
Але што самае цікавае — жанчыны наўпрост адабралі ў Крата зброю і выкарысталі яе супраць яго самога і ягоных прыхільнікаў. Падыход «возьмем слова, якое выкарыстоўваюць супраць нас, і надамо яму новы сэнс» зусім ня новы і працуе вельмі добра. Мы зручныя ў побыце дамы? Добра, толькі мы вам зараз патлумачым, што на самой справе гэта значыць. І не кажыце потым, што вас не папярэджвалі.
Мы ўсе маем розныя характары і розны жыцьцёвы досьвед, але большасьць з нас сутыкалася і працягвае сутыкацца з аднымі і тымі ж стэрэатыпамі. Толькі вось рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, мы больш не будзем. Бо мы вельмі нязручныя, і вам давядзецца з гэтым жыць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.