Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці-328» зьвярнуліся ў Палату прадстаўнікоў, просяць лібэралізаваць антынаркатычнае заканадаўства

абноўлена

Група актывістак руху «Маці-328» ідзе ў Палату прадстаўнікоў. Менск, 2 кастрычніка 2018 году
Група актывістак руху «Маці-328» ідзе ў Палату прадстаўнікоў. Менск, 2 кастрычніка 2018 году

Група актывістак руху «Маці-328» аднесла ў Палату прадстаўнікоў, дзе сёньня пачалася сэсія, зварот і пытаньні да дэпутатаў.

Зварот за некалькі дзён да адкрыцьця сэсіі ў інтэрнэце падпісалі больш за 500 чалавек. У ім два пытаньні.

Першае — ці будуць зьмены, якія плянуецца ўнесьці ў артыкул 328 КК, распаўсюджвацца на тых вязьняў, якія ўжо асуджаныя паводле гэтага артыкулу. Актывісты руху «Маці-328» дамагаюцца, каб зьмены распаўсюджваліся на іх, і просяць дэпутатаў гэта ўлічыць.

Прадстаўніц «Маці 328» спыніла ахова, былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі. Пасьля тлумачэньня сваіх дзеяньняў ахова прапусьціла чатырох прадстаўніц руху з сабранымі подпісамі ўнутр для падачы звароту
Прадстаўніц «Маці 328» спыніла ахова, былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі. Пасьля тлумачэньня сваіх дзеяньняў ахова прапусьціла чатырох прадстаўніц руху з сабранымі подпісамі ўнутр для падачы звароту

Другое — просьба выключыць з артыкулу паняцьце «асабліва небясьпечны» ў дачыненьні тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, бо, як лічаць актывісты, гэта цягне за сабой больш жорсткія пакараньні для гэтых асуджаных і спараджае шэраг праблемаў для іх знаходжаньні ў калёніі.

Тацяна Канеўская, былая галадоўніца ў Калінкавічах, сказала Свабодзе, што дагэтуль дэпутаты ім не адказваюць і не тлумачаць, якія зьмены будуць унесеныя ў артыкул 328.

Тацяна Канеўская (у цэнтры)
Тацяна Канеўская (у цэнтры)

Зварот актывістак у Палаце прадстаўнікоў прынялі.

Усяго да будынка парлямэнту прыйшлі 11 актывістак руху «Маці-328», гэта ўдзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах (6 чалавек з 7), таксама актывісткі з Магілёва і Менску.

Жанчыны праводзілі галадоўку з канца красавіка па сярэдзіну траўня (агулам больш за 2 тыдні), усяго ў ёй удзельнічалі больш за 15 чалавек, вынікам гэтай галадоўкі стала заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нязначна, але будзе лібэралізаваны «наркатычны» артыкул № 328 Крымінальнага кодэксу.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Таксама ў дзень пачатку восеньскай сэсіі парлямэнту актывісты Legalize Belarus даслалі ў Палату прадстаўнікоў, Адміністрацыю прэзыдэнта і Міністэрства ўнутраных спраў пэтыцыю, пад якой за 7 месяцаў падпісаліся 2969 чалавек.

У пэтыцыі прапануецца ўвесьці панятак «малой колькасьці» для кантраляваных рэчываў і адмяніць крымінальную адказнасьць за зварот «малой колькасьці» кантраляваных рэчываў.

Разам з пэтыцыяй актывісты даслалі праект закону пра асаблівы статус канабісу, а таксама заўвагі і прапановы што да антынаркатычнага заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG