Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Пятрухіна выпусьцілі з ізалятару зь дзьвюма позвамі — у суд і міліцыю


Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін
Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін

Пасьля чарговага затрыманьня 13 лістапада берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін правёў ноч у ізалятары Ленінскага РАУС.

Сёньня ягоныя паплечнікі чакалі, што Пятрухіна прывязуць у суд, аднак яму ўручылі дзьве позвы — у суд і міліцыю — і адпусьцілі.

«Калі затрымалі, мяне абвінавацілі ў тым, што я не зьявіўся па позьве ў міліцыю ў нядзелю 4 лістапада. Але я дамовіўся з участковым, які мяне выклікаў, што ў выпадку, калі не прыйду, то паведамлю ў пастарунак. Я так і зрабіў: выклаў паважлівую прычыну, чаму не магу прыйсьці. Сказаў, што гатовы ў любы іншы дзень, але не ў выходныя. Наогул лічу, што гэта зьдзек — выклікаць чалавека ў выходны дзень», — кажа Сяргей Пятрухін.

На блогера склалі пратакол, што ён не зьявіўся ў міліцыю, і сёньня раніцай выдалі позву ў суд на 16 лістапада.

«Учора мяне пасадзілі ў ізалятар — маўляў, каб я не схаваўся да суду. Сёньня павінны былі судзіць. Аднак далі позву на пятніцу і адпусьцілі», — зьдзіўлены такім паваротам Пятрухін.

Апроч таго, актывісту выдалі яшчэ і позву зьявіцца ў міліцыю ў наступную нядзелю, 18 лістапада, якраз у час, калі звычайна на плошчы зьбіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў ад пачатку году асьвятляюць пратэсты супраць узьвядзеньня заводу ў Берасьці. Іх неаднаразова судзілі, яны адбывалі суткі і сплочвалі штрафы.

Паводле Пятрухіна, агулам яму прысуджана болей за 3500 эўра штрафаў. На выплату многіх складаюцца пратэстоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG