Мальдзіс, Вярцінскі, Шушкевіч, Запруднік, Кіпель, беларусы-добраахвотнікі ва Ўкраіне. Страты 2022 году

Успамінаем людзей, якія адышлі ў 2022 годзе, пакінуўшы сьлед у лёсе Беларусі, у літаратуры, мастацтве, палітыцы, грамадзкім жыцьці, у нашай памяці.

2022 год многія называюць самым чорным у найноўшай гісторыі Беларусі. Менавіта ў гэты год, упершыню ў сваёй гісторыі, з тэрыторыі Беларусі адбылася агрэсія: Крэмль распачаў вайну супраць Украіны. Падтрымка Лукашэнкам Пуціна праходзіла на фоне ўзмацненьня рэпрэсій супраць беларусаў, практычна было завершана зьнішчэньне незалежных ад дзяржавы структураў грамадзянскай супольнасьці.

Сярод тых, хто выступіў у абарону Ўкраіны са зброяй у руках, былі і беларусы. У сьнежні стала вядома пра гібель у ліпені Алега Панамарова (пазыўны «Хмуры»), у гэтым жа месяцы полк беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага паведаміў пра гібель Аляксея Аўдзеенкі («Якуба»). Цягам году паведамлялася пра гібель Ільлі Хрэнава («Ліцьвіна»), Аляксея Скоблі («Тура»), Дзьмітрыя Апанасовіча («Тэрора»), Дзьмітрыя Рубашэўскага («Ганса») Канстанціна Дзюбайлы («Фэнікса»), Івана Марчука («Брэста»), Паўла Волата, Васіля Парфянкова («Сябро»), Вадзіма Шатрова («Папіка»), Васіля Грудовіка («Атама»), Аляксея Вашчавалава. Гэта тыя палеглыя, чые імёны былі названыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Рады БНР узнагародзіла мэдалём «Пагоні» беларусаў, якія загінулі падчас пратэстаў і ва Ўкраіне

Студзень

У ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня ва ўзросьце 27 гадоў ад траўмаў у выніку пабіцьця ў Рэчыцкім РАУС памёр Дзьмітры Ўсхопаў.

Трэцяга студзеня ва ўзросьце 89 гадоў памёр Адам Мальдзіс — гісторык беларускай літаратуры, пісьменьнік, журналіст. Адам Мальдзіс — доктар філялягічных навук, аўтар унікальных дасьледаваньняў старабеларускай літаратуры. Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ, асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1962–1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. Быў стваральнікам і дырэктарам Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны.

«Ён быў адным з апошніх сапраўдных тытанаў у айчыннай гуманітарыстыцы. Чалавек-акадэмія, чалавек-інстытут, „камень“, тытан сучаснага беларускага Адраджэньня... Стваральнік і кіраўнік Скарынаўскага цэнтру, камісіі „Вяртаньне“, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў...» — сказаў тагачасны намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Адам Мальдзіс

У вёсцы Налібакі Стаўпецкага раёну на 108-м годзе жыцьця памёр Ян Чарнец. Ён быў адным з найстарэйшых жыхароў Беларусі, 108 гадоў яму магло б споўніцца ў красавіку.

Ян Чарнец

Памёр былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які галасаваў за імпічмэнт Лукашэнкі, бізнэсовец Эдуард Вайцяховіч. У жніўні 2020 году выступіў супраць гвалту. Прыватная крама, якой ён валодаў, некаторы час страйкавала. «Калі мы павесілі плякат і пачалі забастоўку, многія прыяжджалі, ціснулі рукі, сыгналілі, казалі: хлопцы, трымайцеся. Заўсёды трэба адстойваць сваю жыцьцёвую пазыцыю. Ня толькі набіты страўнік павінен быць вырашальным фактарам», — казаў тады Эдуард Вайцяховіч.

Сына Вайцяховіча Ільлю затрымалі, калі ён вяртаўся з Латвіі на разьвітаньне з бацькам.

Памёр колішні кіраўнік кампартыі БССР (1990–1991) і першы старшыня «палаты прадстаўнікоў» Анатоль Малафееў. Яму было 88 гадоў.

Люты

У Гомлі памерла гісторык і краязнаўца Валянціна Лебедзева. Яна шмат гадоў працавала выкладчыцай на катэдры гісторыі ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны. Валянціна Лебедзева – аўтарка манаграфіі пра рэвалюцыянэрку з Гомля Палуту Бадунову, арганізатарка Міжнародных навуковых Доўнараўскіх чытаньняў у Рэчыцы, сябра рэдакцыі Беларускай гістарычнай энцыкляпэдыі. Сфэрай яе навуковых інтарэсаў была культура Беларусі, беларускі нацыянальны рух, гісторыя Гомля пачатку ХХ стагодзьдзя, жыцьцё і навуковая спадчына Мітрафана Доўнар-Запольскага.

У Ерусаліме ва ўзросьце 82 гадоў памёр Якаў Басін — лекар, гісторык, культуроляг, публіцыст і дзяяч габрэйскай грамады ў Беларусі. Ён быў сустаршынём Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў Беларусі, кіраўніком менскай грамады прагрэсіўнага юдаізму. Аўтар дасьледаваньняў гісторыі беларускага габрэйства, удзельнік шматлікіх навуковых і грамадзкіх міжнародных канфэрэнцыяў. Узначальваў беларускае прадстаўніцтва амэрыканскай грамадзкай арганізацыі «Зьвяз камітэтаў у абарону былых савецкіх габрэяў».

Выступаў з пратэстамі супраць праяваў дзяржаўнага антысэмітызму, якія з другой паловы 90-х гадоў набылі ў Рэспубліцы Беларусі рэгулярны характар. Удзельнічаў у кангрэсах АБСЭ па барацьбе з ксэнафобіяй і антысэмітызмам.

Якаў Басін

Памёр Павал Жук, у розныя гады выдавец газэт «Свабода», «Наша ніва» і «Навіны», які стварыў альтэрнатыву афіцыйнай прапагандзе. Газэту «Свабода» Жук выдаваў да лістапада 1997 году, пакуль яе не закрылі пасьля неаднаразовых папярэджаньняў за публікацыю крытычных да палітыкі Лукашэнкі артыкулаў. У студзені 1998 году газэта адрадзілася пад назвай «Навіны», выдаўцом зноў стаў Жук.

Павал Жук

Памёр пратэстанцкі пастар, былы савецкі дысыдэнт Эрнст Сабіла. Летам 1951 году яго, студэнта Менскага мэдычнага інстытуту, арыштавалі паводле артыкулу 72-Б Крымінальнага кодэксу БССР («актыўная агітацыя з ужываньнем нацыянальных і рэлігійных забабонаў»). Некалькі месяцаў правёў у «Амэрыканцы», дзе прайшоў праз катаваньні. Быў асуджаны на расстрэл, але прысуд замянілі на 25 гадоў канцлягераў. Уцёк зь лягера, каля 700 кілямэтраў прайшоў па тайзе, быў зноў арыштаваны. Зноў уцякаў, і зноў быў злоўлены. У 1956 годзе рэабілітаваны, вызвалены і празь некалькі месяцаў зноў арыштаваны і асуджаны. Канчаткова вызвалены ў 1964 годзе, адбыў 13 гадоў.

З 1988 г. ён быў пастарам беларускамоўнай Эвангельскай царквы. У 1989 г. пастар Сабіла асьвяціў першы зьезд Беларускага народнага фронту: на першым зьезьдзе БНФ зачытваў Біблію, асьвячаючы палітычнае мерапрыемства. Зь сярэдзіны 2000-х гадоў — сябра БХД. Пераклаў Новы Запавет і Псальмы на беларускую мову.

Эрнст Сабіла

Сакавік

На 92-м годзе жыцьця памёр беларускі паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі (Аляксандар Баршчэўскі). Быў загадчыкам катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Узначальваў Беларускае літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа» пры Галоўным праўленьні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы. У 1993 годзе атрымаў званьне ганаровага доктара БДУ ў Менску. Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры (у штотыднёвіку «Ніва» і «Беларускім календары»), цыклю артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклёр» (1965–88), унівэрсытэцкіх падручнікаў, шматлікіх іншых публікацый.

Алесь Барскі

11 сакавіка памёр пісьменьнік, літаратуразнаўца і эсэіст Аляксей Пяткевіч. Яму было 90 гадоў. Аляксей Пяткевіч — аўтар некалькіх дзясяткаў кніг: «Наднёманскія былі», «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Сюжэт. Кампазыцыя. Характар. Аб прозе К. Чорнага», «Гісторыя беларускай літаратуры. ХІХ – пач. ХХ стагодзьдзя», «Пісьменьнікі прынёманскага краю. Горадня. Таварыства аматараў кнігі», «Літаратурная Горадзеншчына. Мясьціны. Людзі. Кнігі».

Аляксей Пяткевіч

Ва ўзросьце 59 гадоў пайшоў з жыцьця вядомы беларускі журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч. Ён займаўся стварэньнем сэрыі кніг «Найноўшая гісторыя ў асобах», у якой зьбіраў гісторыі вядомых людзей, уключна з палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі. Як журналіст працаваў шмат гадоў, у прыватнасьці для «Свободных новостей». Быў адным з аўтараў сэрыі кніг «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», выдадзеную безь дзяржаўных сродкаў. Пісаў кнігу пра Чарнобыльскую АЭС.

Першым беларусам, які загінуў сёлета ў вайне ва Ўкраіне, стаў 27-гадовы Ільля Хрэнаў, пазыўны «Літвін», зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў». Ільлю паранілі ў баях за Бучу, зрабілі апэрацыю, але гэта не дапамагло. 4 сакавіка беларус памёр. Ён мянчук, вырас у Лошыцы ў шматдзетнай сям’і. Вучыўся ў аўтамэханічным каледжы, пасьля ўладкаваўся працаваць на МАЗ.

Ільля Літвін (Хрэнаў)

Красавік

Памёр архіяпіскап Пінскі Сьцяфан (Ігар Корзун), яму было 78 гадоў. У чэрвені 2021 году ён быў адзіным чальцом Сыноду БПЦ, які выказаўся супраць гвалтоўнага адхіленьня архіяпіскапа Арцемія (Кішчанкі) з Горадзенскай катэдры. Архіяпіскап Арцемій быў адхілены за крытыку гвалту з боку ўладаў падчас пратэстаў 2020 году.

Памёр грамадзкі актывіст, абаронца Курапатаў Віктар Кулак. Прычынай сьмерці 41-гадовага Віктара стала анкалягічная хвароба, апошнія месяцы мужчына правёў у менскім госьпісе.

21 красавіка пайшоў з жыцьця славуты беларускі паэт Анатоль Вярцінскі. Яму было 90 гадоў. Вярцінскі быў галоўным рэдактарам газэты «Літаратура і мастацтва», дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У тым ліку дзякуючы ягонай прынцыповай пазыцыі сьвет даведаўся праўду пра бальшавіцкія расстрэлы ў Курапатах пад Менскам. У 2019 годзе Анатоля Вярцінскага ўзнагародзілі мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

«У Беларусі паэт — зьява яшчэ большая, чым паэт у Расеі, — казаў Вярцінскі ў адным з апошніх інтэрвію Свабодзе. — Для аўтара згаданага табой выслоўя, Яўгенія Еўтушэнкі, не існуе праблемы мовы, праблемы гістарычнай памяці, праблемы палітычнай незалежнасьці яго краіны. А перад беларускім паэтам усе гэтыя праблемы рэальна паўстаюць. Таму ён, апрача ўсяго, павінен быць патрыётам і змагаром за Беларусь. У якой, нягледзячы на ўсе выпрабаваньні, шчасьлівая будучыня. Як пісаў я ў адным зь вершаў: „Jeszcze Polska nie zginęła, / ще не вмерла Україна, / і жыве на сьвеце белым / Беларусь, мая краіна... / Будуць воля ды Пагоня, / ды паходні палаць ясна, — / І ня згінем мы сягоньня, / ну а заўтра — жыцьмем шчасна“. І так будзе, я ў гэтым упэўнены».

Анатоль Вярцінскі

На 85-м годзе жыцьця памёр дзеяч беларускай дыяспары ў Францыі Лявон Шыманец. Ён быў сябрам Рады БНР, шмат гадоў узначальваў згуртаваньне беларусаў Францыі «Хаўрус». На сустрэчах з францускімі палітыкамі ў 1970–1980 гады нязьменна зьвяртаў іх увагу на права беларускага народу мець уласную незалежную дзяржаву. Ён з натхненьнем успрыняў абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, у 1991 годзе быў адным з заснавальнікаў таварыства «Беларусь — Францыя». У першай палове 90-х гадоў узначальваў офіс ЭЗ у Беларусі ў галіне энэргазьберажэньня.

Памёр Яфрэм Сакалоў, былы першы сакратар ЦК КПБ (1987–1990).

На 86-м годзе жыцьця памёр мастак-плякатыст Уладзімер Крукоўскі. Разам зь Яўгенам Куліком ён быў аўтарам эталёну дзяржаўнага гербу «Пагоня», а таксама сьцяга і малой эмблемы БНФ. Асноўная тэматыка плякатаў Крукоўскага — гісторыя, культура, экалёгія, антываенныя і юбілейныя тэмы, афішы. З 1975 году быў сябрам Беларускага саюзу мастакоў. Працаваў мастацкім рэдактарам часопісаў «Маладосць», «Мастацтва Беларусі», «Спадчына». Таксама быў сябрам БНФ з дня заснаваньня.

Уладзімер Крукоўскі

Філёзаф і публіцыст Станіслаў Дубянецкі. Дасьледаваў праблемы фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці, нацыянальна-культурнага адраджэньня, маральнага выхаваньня асобы, разьвіцьця палітычнага працэсу, дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці.

Травень

3 траўня ў 23:35 у Менску памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Яму было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.

У 1989 годзе абраны народным дэпутатам СССР, у 1990-м — дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. З траўня 1990-га — першы намесьнік старшыні ВС БССР, з 25 жніўня — выканаўца абавязкаў, а з 18 верасьня 1991-га — старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (да 26 студзеня 1994-га). Быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук.

Станіслаў Шушкевіч

«Гэта чалавек, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі, асабліва ў сувязі з распадам Савецкага Саюзу і падпісаньнем Белавескіх пагадненьняў, — заявіў старшыня Апазыцыі БНФ у ВС-12 Зянон Пазьняк. — Гэта вельмі важна. І другое, што б я адзначыў — ён дапамог на сэсіі Вярхоўнага Савету ў верасьні 1991 году, каб беларускі бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ сталі дзяржаўнымі сымбалямі. Гэта быў выпадак, калі ён гэтаму спрыяў. Безумоўна, што гісторыя будзе по-рознаму ацэньваць яго дзейнасьць, але добрыя якасьці застануцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: «Нашы думкі з блізкімі Шушкевіча і народам Беларусі, які працягвае барацьбу за дэмакратычную краіну»

«Менавіта Шушкевіч 25 жніўня 1991 года ў прамой трансьляцыі павіншаваў беларусаў з абвяшчэньнем незалежнасьці, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Але Станіслаў Шушкевіч быў ня проста першым кіраўніком Беларусі. Ён вядомы вучоны, доктар фізыка-матэматычных навук, былы прарэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам нэўтралітэту Беларусі. Гэта пры ім Беларусь добраахвотна і без аніякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі, якая заставалася на тэрыторыі краіны. Ён застаў вайну і памятаў, што гэта такое — таму рабіў усё, каб яна не паўтарылася...».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зубры сыходзяць — пушча апусьцела. Трыюмф і драма Станіслава Шушкевіча

Спачуваньні з прычыны сьмерці Станіслава Шушкевіча выказалі шмат якія лідэры дэмакратычных краінаў, многія вядомыя асобы.

Ніякага спачуваньня ад Лукашэнкі, ураду, абедзьвюх палат парлямэнту не было. Не было і прадстаўнікоў афіцыйных устаноў на пахаваньні Станіслава Шушкевіча.

У «Бібліятэцы Свабоды. XIX стагодзьдзе» выйшла кніга «Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асоба з сусьветнай гісторыі. Выйшла кніга «Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе»

Пасьля працяглай хваробы пайшоў з жыцьця Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт незалежнай Украіны. Леанід Краўчук быў першым прэзыдэнтам незалежнай Украіны. Ён браў удзел у падпісаньні Белавескіх пагадненьняў, якія паклалі канец існаваньню СССР.

Леанід Краўчук

На 96-м годзе жыцьця памёр адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык, публіцыст, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода, сябра Рады БНР Янка Запруднік. Быў адным зь першых супрацоўнікаў радыё «Вызваленьне» (пазьней — Радыё Свабода) у Мюнхэне, шмат гадоў узначальваў Нью-Ёрскае бюро. Аўтар перадач на тэмы актуальнай палітыкі, беларускай гісторыі, літаратуры і культуры.

«Цягам сваёй шматгадовай дзейнасьці ў Радзе БНР Янка Запруднік вельмі шмат зрабіў для таго, каб у сьвеце не забываліся пра беларусаў, пра беларускі народ і ягонае права на сваю незалежную дзяржаву, — прыгадала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. — Я да яго часта зьвярталася па парады і заўсёды атрымлівала кваліфікаваную дапамогу. Ён быў вельмі адказным чалавекам, а таксама чулым, добрым сябрам».

Янка Запруднік

«Янка Запруднік быў надзвычайным чалавекам, як кажуць — адзін са «львоў» беларускай дыяспары ў Амэрыцы, — сказаў у дні разьвітаньня Багдан Андрусышын (Данчык). — Ягоныя дасягненьні і ўнёсак у галіне сучаснай беларускай гісторыі, безумоўна, бясцэнныя. Кнігі і падручнікі Янкі Запрудніка будуць чытацца дасьледчыкамі будучых пакаленьняў. Як чалавек Янка Запруднік быў вельмі элегантны і эрудыраваны, паважны (але не занадта), зь ім заўсёды было прыемна і цікава ў кампаніі.

У 1980-я гады Данчык на словы Сяргея Ясеня (псэўданім Янкі Запрудніка) запісаў папулярную песьню «Каханая».

Чэрвень

Ва ўзросьце 76 гадоў памёр Генадзь Бурбуліс, адзін з падпісантаў Белавескіх пагадненьняў, якія паклалі канец існаваньню Савецкага Саюзу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр удзельнік падпісаньня Белавескіх пагадненьняў з боку Расеі Генадзь Бурбуліс

Памёр Серж Мінскевіч. Ён быў адным з заснавальнікаў авангарднага руху «Бум-Бам-Літ», сьпеваком і аўтарам песень, пераклаў «Дзяды» і «Крымскія санэты» Адама Міцкевіча, абараніў кандыдацкую дысэртацыю па творчасьці клясыка. Пісаў фантастыку («Сад замкнёных гор») і кнігі для дзяцей («Прыгоды Какоса Маракоса», «Усьмешка жалобнай каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка»). У апошнія гады найчасьцей выступаў як літаратуразнаўца, друкаваў артыкулы па санэтазнаўстве, займаўся перакладам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 53-м годзе жыцьця памёр пісьменьнік Серж Мінскевіч

На 68-м годзе памёр журналіст Барыс Тасман. Ён аўтар цыкляў публікацый пра гісторыю Алімпійскіх гульняў, шматлікіх інтэрвію з славутымі беларускімі спартоўцамі, трэнэрамі, функцыянэрамі розных эпох, якія складаюць летапіс беларускага спорту. Аўтар праблемных аналітычных тэкстаў і журналісцкіх расьсьледаваньняў аб спартовай галіне Беларусі.

Таксама працаваў у папулярных газэтах «Свабода»/«Навіны», «Белорусской деловой газете», «Белорусской газете», супрацоўнічаў зь іншымі незалежнымі выданьнямі. Доўгі час Барыс Тасман працаваў у «Прессболе», пісаў пра лёгкую атлетыку, футбол ды многія іншыя алімпійскія віды спорту. Барыс Тасман заснаваў першы ў Беларусі школьны музэй касманаўтыкі.

Барыс Тасман

Ва ўзросьце 85 гадоў памёр пісьменьнік Эрнэст Ялугін — аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: Васіля Быкава, Аляксандра Міронава, Адама Мальдзіса, Міколы Улашчыка; дакумэнтальнай аповесьці пра жыцьцё і дзейнасьць Цішкі Гартнага «Без эпітафіі», пра аднаго зь першадрукароў Пятра Мсьціслаўца («Мсьціслаўцаў посах»), сцэнароў дакумэнтальных фільмаў «Мсьціслаў: зьвеньні часу», «Без эпітафіі», зборніка нарысаў «Саленая плянэта».

З 1976 году літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, адказны сакратар, намесьнік галоўнага рэдактара ў часопісе «Нёман». У 1991–1997 гадах — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Наша слова».

Эрнэст Ялугін

На 64-м годзе памёр сьвятар Сяргей Гардун. Прафэсар, мiтрафорны протаярэй, кандыдат багаслоўя (1990), дацэнт (2000). Быў выкладчыкам Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі, першым прарэктарам Інстытуту тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла. Шмат гадоў на тэлевізіі камэнтаваў па-беларуску набажэнствы ў катэдральным саборы Менску.

Быў сябрам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якая перакладала кнігі Сьвяшчэннага Пісаньня Новага Запавету на беларускую мову. Агулам валодаў дзевяцьцю мовамі, праводзіў набажэнствы і па-ангельску. Айцец Сяргей Гардун лічыў, што ініцыятыва беларускамоўных набажэнстваў можа ісьці ня толькі ад прыхаджан, але і ад сьвятара, настаяцеля, сьпевакоў хору.

Айцец Сяргей Гардун

На 86-м годзе жыцьця пасьля цяжкай хваробы адышла ў лепшы сьвет Аляўціна Вячорка, беларуская выкладчыца, рэдактарка, грамадзкая дзяячка.

Філёляг паводле адукацыі, выкладчыца беларускай і расейскай моваў, у Берасьці працавала школьнай настаўніцай, пазьней у Менску літаратурным рэдактарам. Да 2002 году — вядучы рэдактар у выдавецтве «Беларусь».

Была сярод іншага рэдактаркай матэрыялаў сэсіяў парлямэнту, перакладаў на беларускую мову сусьветнай клясыкі, папулярных дзіцячых кніг Анатоля Клышкі. На працягу многіх год актыўна дапамагала Таварыству беларускай мовы і беларускім газэтам, актыўна ўдзельнічала ў грамадзка-культурным жыцьці.

Аляўціна Вячорка

Ліпень

Першага ліпеня на 87-м годзе памерла легендарная беларуская ткачыха, народны майстар Беларусі Сьцепаніда Сьцепанюк зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну.

Сьцепаніда Сцепанюк — знакамітая майстрыха, якая ўсё жыцьцё адраджала і папулярызавала ўнікальныя традыцыі маларыцкага ткацтва. Яна ткала на кроснах, якія сваімі рукамі некалі зрабіў яе бацька. Ткацтвам яна займалася зь дзяцінства. У яе замаўлялі адзеньне аддзелы культуры і простыя людзі. Свае вырабы яна дэманстравала і за мяжою, адкуль прывозіла ўзнагароды ня толькі за цікавае адзеньне, але і за захаваньне культурнай спадчыны. За зьберажэньне традыцый народнага ткацтва яе ўганаравалі званьнем «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

У верасьні 2021 году ў яе хаце здарыўся пажар, згарэла ўся яе калекцыя — натканыя ручнікі, посьцілкі, наміткі, спадніцы-буркі і нават строй, які жанчына выткала сабе на сьмерць. Сама яна дзівам уратавалася — хоць і была пасьля інсультаў фактычна прыкутая да ложка, але здолела разьбіць галавой шыбу і выпаўзьці праз акно на двор.

Сьцепаніда Сьцепанюк

Клясык савецкай анімацыі рэжысэр-мультыплікатар Леанід Шварцман памёр ва ўзросьце 101 год у Расеі. Ён нарадзіўся ў Менску ў сям’і бухгальтара і хатняй гаспадыні. У якасьці мастака-пастаноўшчыка Шварцман працаваў над мультфільмамі «Пунсовая кветачка», «Залатая антылопа», «Сьнежная каралева», «Кацяня па імені Гаў», «Дзядзька Сьцёпа — міліцыянэр», «Рукавіца», чатырма мультфільмамі пра Кракадзіла Гену і «38 папугаяў». Многія з гэтых карцін былі адзначаны прызамі міжнародных фэстываляў. Шварцман стварыў аблічча аднаго з самых вядомых пэрсанажаў савецкай анімацыі — Чабурашкі. Ён таксама вядомы як ілюстратар дзіцячых кніг і клясычных літаратурных твораў.

Леанід Шварцман у дзень свайго 100-гадовага юбілею

У Сьвіслачы памёр Анатоль Валюк – шматгадовы лідэр нацыянальна-дэмакратычнага кола гораду, арганізатар штогадовых ушанаваньняў памяці братоў Каліноўскіх, куды зьяжджаліся людзі з усёй краіны, паэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня стала паэта і грамадзкага актывіста гарадзеншчыны Анатоля Валюка. Яму быў 61 год

На 89-м годзе памёр граф Аляксандар Прушынскі, які ў пачатку 90-х вярнуўся зьэміграцыі ў Беларусь. Ён браў удзел ва ўсіх маршах пэнсіянэраў у 2020 годзе, нават узначальваў калёну пратэстоўцаў. Аўтар кнігі «Эўрарамонт для Беларусі». Яго неаднаразова затрымлівалі ў розныя гады на палітычных маніфэстацыях супраць улады Лукашэнкі.

Аляксандар Прушынскі

Жнівень

На 94-м годзе жыцьця памёр былы кіраўнік БССР Мікалай Сьлюнькоў, які ў 1983–1987 гадах займаў пасаду 1-га сакратара ЦК КПБ.

Па іроніі лёсу, Сьлюнькоў нарадзіўся ў дзень чарнобыльскай катастрофы — 26 красавіка. У гісторыі Беларусі ягонае імя назаўсёды зьвязанае з Чарнобылем.

Паводле адмысловай камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня па расьсьледаваньні дзейнасьці службовых і іншых асобаў, датычных да ўтойваньня інфармацыі аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Сьлюнькоў адыграў ключавую ролю ў тым, што ў першыя дні аварыі на ЧАЭС інфармацыя пра небясьпеку радыяцыі не была даведзеная да жыхароў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы кіраўнік БССР Мікалай Сьлюнькоў, якога Алесь Адамовіч назваў «Чарнобыльскім Пілатам».

У Маскве на 92-м годзе жыцьця памёр Міхаіл Гарбачоў, апошні генэральны сакратар ЦК КПСС і першы ды апошні прэзыдэнт СССР.

Гарбачоў узначаліў КПСС у 1985, стаўшы самым маладым сябрам Палітбюро (яму было 54 гады). Неўзабаве ён абвясьціў курс на галоснасьць і «перабудову» («перестройка»). Гэта спроба рэфармаваньня савецкай сыстэмы цягам некалькіх наступных гадоў фактычна прывяла да свабоды слова і прэсы, а пасьля — да ўзьнікненьня парлямэнтарызму і краху СССР у 1991 годзе.

Міхаіл Гарбачоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Той, хто даў свабоду. Міхаіл Гарбачоў на Свабодзе

Верасень

Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II памерла ў сваім замку Балморал у Шатляндыі на 97-м годзе жыцьця.

Лізавета II

Ва ўзросьце 96 гадоў каралева Лізавета адзначыла 70-годзьдзе свайго ўступленьня на трон. Яна кіравала даўжэй, чым чацьвёра яе папярэднікаў, разам узятых. За гэты час пасьпелі зьмяніцца 14 брытанскіх прэм'ераў і столькі ж прэзыдэнтаў ЗША. З брытанскіх манархаў зь Лізаветай II параўнальная толькі каралева Вікторыя, якая кіравала 63 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў першы мой у жыцьці рэвэранс», — беларусы згадваюць пра сустрэчы з каралевай Лізаветай ІІ

На 70-годзе памёр Алег Алкаеў. Апошнія 20 гадоў ён жыў у Нямеччыне.

Алкаеў кіраваў СІЗА на Валадарскага ў Менску пяць гадоў, з 1996 па 2001 год. У 2001 годзе ён выступіў з выкрыцьцём Лукашэнкі і паплечнікаў, заявіўшы, што ўлады могуць быць датычныя да зьнікненьня і меркаванага забойства беларускіх палітыкаў — апанэнтаў Лукашэнкі: старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Ён аўтар кнігі «Расстрэльная каманда», напісанай акурат пра палітычныя выкраданьні ў Беларусі. У 2002 годзе Алег Алкаеў атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журнал з «Валадаркі» і кампрамат на сілавікоў. Чаму справа жыцьця Алега Алкаева ня скончаная

Кастрычнік

Паралімпіец Аляксандр Трыпуць памёр памёр у Горадні. Ён быў лёгкаатлетам, майстрам спорту міжнароднай клясы. Ён удзельнічаў трох Алімпіядах — у Сыднеі ў 2000 (срэбра), у Афінах у 2004 (золата і срэбра) і ў Рыё-дэ-Жанэйра ў 2016 (бронза).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр паралімпійскі чэмпіён Аляксандр Трыпуць. Яму было 40

Памёр пісьменьнік Алесь Жук. Працаваў галоўным рэдактарам газэты «Літаратура і мастацтва» (1980–1986), сакратаром праўленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1986–1989), намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (1989–2007), галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман» (1997–2003) і «Беларусь» (2003–2005).

У 82 гады памёр Андрэй Каляда — вучоны і пэдагог, знаўца беларускага тэатру і беларускай мовы, які навучыў правільнаму сцэнічнаму маўленьню цэлыя пакаленьні беларускіх актораў. Прафэсар Каляда і сам зрабіў узорныя аўдыёзапісы многіх выдатных твораў беларускай літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прах прафэсара беларускай Акадэміі мастацтваў Андрэя Каляды пахавалі ў Лёндане

Леанід Канфер — журналіст, рэдактар, рэжысэр-дакумэнталіст. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта і супрацоўнічаў зь некалькімі выданьнямі, у тым ліку «Знамя Юности» і «Белорусская газета». У 1990-я працаваў у Беларусі як спэцыяльны карэспандэнт расейскіх тэлеканалаў НТВ, ТВ-6 і ТВЦ. Пазьней працаваў на розных тэлеканалах Расеі, Ізраілю, Нямеччыны, Украіны.

Памёр мовазнаўца Алесь Каўрус. «Побач зь ім было добра і цёпла, надзейна і ясна. У 1974-м па справе Акадэмічнага асяродку яго вычысцілі з АН БССР за нацыяналізм. Сем год быў без навуковай працы. У 81-м Фёдар Янкоўскі рызыкнуў і ўладкаваў на нашу кафедру мовы, дзе Алесь Аляксандравіч і прапрацаваў да самай пенсіі; стварыў выдатныя кнігі па стылістыцы; падручнік па стараславянскай мове» — напісаў літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч.

Лістапад

У 92 гады пайшла з жыцьця Лёля (Алена) Міхалюк, адна з апошніх прадстаўнікоў актыўнай часткі паваеннай беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі.

У 1965–1970 гадах яна працавала ў беларускай школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага ў Лёндане, падтрымлівала Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, брала ўдзел у працы Ангельска-беларускага таварыства, была сябрам рады Беларускага дабрачыннага фонду ў Брытаніі.

Яе выбралі сябрам Рады БНР у 1982 годзе, у 1997 годзе яна стала старшынёй ЗБВБ, заставалася ганаровым (нязьменным) сябрам Управы Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі пасьля сыходу з пасады ў 2013 годзе.

Лёля (Алена) Міхалюк

Памёр літаратуразнаўца Міхась Тычына. Ён нарадзіўся ў 1943 годзе ў пасёлку Ленінскі Алданскага раёну Якуціі ў сям’і ссыльнага. У 1947 годзе разам з бацькамі пераехаў на іхную радзіму, у вёску Завалочыцы Глускага раёну, скончыў філялягічны факультэт Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту, працаваў настаўнікам на Піншчыне. Скончыў асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР (1970), быў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытуту. Доктар філялягічных навук. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.

Аўтар асабістых і калектыўных манаграфіяў, эсэ, нарысаў, аповесьцяў, апавяданьняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг працаў і твораў Алеся Адамовіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў зь беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школы.

Міхась Тычына

На 83-м годзе жыцьця памёр у Бельску на Падляшшы прафэсар Ян Чыквін, беларускі паэт, перакладчык, гісторык літаратуры. Разам зь Віктарам Шведам (пам. 2020), Аляксандрам Баршчэўскім (пам. 2022) і Сакратам Яновічам (пам. 2013) Ян Чыквін быў заснавальнікам Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» ў Беластоку ў 1958 годзе і адным з найбольш вядомых беларускіх літаратараў у Польшчы. Ён быў апошнім з жывых пачынальнікаў беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр паэт Ян Чыквін, апошні з пачынальнікаў беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы

У 64 гады памёр міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Сьмерць кіраўніка замежнапалітычнага ведамства спарадзіла сярод палітычных аглядальнікаў прзныя вэрсіі – аж да “рукі Масквы”. Рознай былі і ацэнкі дзейнасьці Макея ў апазыцыйным асяродку – адны ставілі яму ў заслугу “лібэралізацыю” 2015–2019 гадоў, іншыя зьвязвалі яго імя са здушэньнем грамадзянскай супольнастьці пасьля падзеяў 2020 году.

Уладзімер Макей

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьцельнік дыктатара», «фаварыт Захаду», «сапраўдны сябар Расеі». Арастовіч, Гардон, Дубноў, Зась і іншыя пра адыход Макея

5 сьнежня на 96-м годзе жыцьця памёр патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША, грамадзкі і палітычны дзяяч, дасьледнік гісторыі эміграцыі, геоляг, бібліёграф, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода, старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва Вітаўт памёр Вітаўт Кіпель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вітаўт Кіпель. Жыцьцё даўжынёю ў гісторыю

«Страцілі мы аднаго з найбольш працавітых і адданых Бацькаўшчыне беларускіх патрыётаў, — сказала ў дні разьвітаньня старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.— Усе мы моцна адчуваем гэтую страту і доўга будзем яе адчуваць. Асабіста я заўсёды захаплялася ня толькі ягонай вялізнай працаздольнасьцю, але і ягонай здольнасьцю навязваць кантакты і з сваімі, і з чужымі і пакідаць па сябе пачуцьцё задавальненьня. Няшмат хто з нашых дзеячаў мае гэтую здольнасьць, якая так моцна патрэбная нашаму народу менавіта ў гэты цяжкі пэрыяд нашай гісторыі».

Вітаўт Кіпель

16 сьнежня ў Вільні на 56-м годзе жыцьця памёр старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Гэта першая сьмерць вядомай асобы новай хвалі эміграцыі, якая пачалася пасьля 2020 году у выніку масавых рэпрэсій.

«Спачатку мяне зьдзіўляла, як людзі з такой цяжкай прафэсіяй могуць быць такімі лёгкімі, лагоднымі і не губляць гэтыя якасьці дзесяцігодзьдзямі, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Але дзякуючы такім, як Алег, я разумею: часта менавіта ў тых, хто бачыць так шмат цемры, больш за ўсё сьвятла. Сьмерць Алега — ашаламляльная страта. Маё сэрца сёньня з роднымі, сябрамі і калегамі Алега Гулака. Яго будзе не хапаць ня толькі нам, але і наступным пакаленьням беларусаў. Найлепшае, што мы можам зрабіць для яго памяці, — гэта прадоўжыць шлях, які ён пачаў задоўга да нас. І быць дастаткова адкрытымі і мудрымі, каб у дэмакратыі і свабоды, якія ўсё жыцьцё абараняў Алег, было як мага больш пасьлядоўнікаў».

Алег Гулак

У выніку няшчаснага выпадку загінуў Аляксей Стрэльнікаў, тэатральны крытык.

«Мы шмат кантактавалі ў 2014-2020: Аляксей рабіў са мной некалькі інтэрвію, запрашаў выступіць перад студэнтамі, мы гулялі ў футбол, працавалі разам над прэміяй Гедройця, размаўлялі, перапісваліся, — прыгадаў пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. — Чытаю цяпер нашае ліставаньне ў мэсэнджары і разумею, як шмат ён пасьпеў зрабіць, і як шмат не пасьпеў. Яму не былі ўласьцівыя ні снабізм, ні фамільярнасьць, мы да канца былі на «вы», і мне гэта падабалася. Ён быў адначасова востры і далікатны, разумны і з агнём унутры, а яшчэ: кожнага разу зьдзіўлены — хараством і абсурдам жыцьця. Пасьля менскай прэм’еры «Сабакаў» ён напісаў пра спэктакль вялікі тэкст, які сканчаўся такімі словамі: «...шукаць сябе бессэнсоўна. Сябе і сьвет навокал прыйдзецца ствараць наноў. І на нас ляжыць цяжар адказнасьці перад усёй папярэдняй культурай зрабіць яе на такім жа высокім узроўні».

Аляксей Стрэльнікаў

На 76-м годзе памёр Алесь Родзін – культавая фігура старэйшага пакаленьня беларускіх мастакоў-нонканфармістаў, сябра сэкцыі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. Ён быў адным з арганізатараў фэстываляў міжнароднага экспэрымэнтальнага мастацтва «ДАХ» («DACH». Бэрлін — Менск: 2001–2016), рэзыдэнтам артхаўса «ТАХЕЛЕС» у Бэрліне (1990–2012).

Алесь Родзін рыхтуе да экпазыцыі свой твор.

У Магілёве на 47-м годзе памёр звольнены пасьля пратэстаў былы дацэнт катэдры літаратуры і міжкультурных камунікацый магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Віталь Еўмянькоў.

Кандыдацкую дысэртацыю абараніў па тэме «Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі ХІХ ст.». Быў на дошцы гонару «Імі ганарыцца ўнівэрсытэт». Ад 2009 па 2012 год рэдагаваў сайт City.mogilev.by і гарадзкі партал Mycity.by. Неўзабаве пасьля пратэстаў 2020 года Еўмянькоў быў звольнены з унівэрсытэту.

Віталь Еўмянькоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Людзі супраціву — «Людзі Cвабоды – 2022»Беларускае слова 2022 году — вайнаДраматычныя лічбы 2022-га году ў Беларусі